Міжнародны дзень дабрачыннасці.
Адзначаецца з 2013 году. Заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН, каб звярнуць увагу грамадскасці на ролю дабрачынных арганізацыяў і асобных людзей у пераадоленні агульначалавечых праблем і цяжкасцяў.
Міжнародны дзень дабрачыннасці супадае з гадавінай смерці Маці Тэрэзы Калькуцкай, якая прысвяціла жыццё служэнню бедным і хворым.
У 1979 годзе ёй была ўручана Нобелеўская прэмія за ўнёсак у барацьбу з беднасцю. Манашка аддала ўсе грошы абяздоленым у Індыі.
У 2003 годзе яна была абвешчана багаслаўлёнай, а 4 верасня 2016 году далучана да спісу святых Рыма-каталіцкага Касцёлу.

1860 год. Нарадзіўся Кандрат Лейка.
Пісьменнік, празаік, драматург і педагог.
Друкаваўся ў газетах «Наша ніва», «Наша думка» і «Беларускі календар». Выдаў п’есу «Снатворны мак» – першую для беларускага лялечнага тэатру.
У 2015 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» пабачыў свет яго зборнік «Пан Трудоўскі».

1893 год. Нарадзіўся Язэп Фарботка.
Нацыянальны дзеяч, паэт, фатограф, навуковец.
У 1918–1920 гадах далучыўся да беларускага палітычнага і культурнага руху.
У 1918 годзе быў кансультантам і кіраўніком справамі беларускай дэлегацыі на перамовах з Украінскай Народнай Рэспублікай, дзе абмяркоўваліся вайскова-палітычныя пытанні і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны.
Па Другой сусветнай вайне быў арыштаваны і сасланы на Данбас. У канцы 1945 году пасяліўся ў Лодзі (Польшча).
Удзельнік клуба «Беларуская хатка», служыў акторам, адміністратарам у «Беларускім савецкім тэатры».
Першыя вершы надрукаваў у газеце “Наша Ніва” у 1912 годзе – «Зацьменне» і «Зруйнаваў». Пераклаў урывак «Пана Тадэвуша» на беларускую мову.
Займаўся мастацкай фатаграфіяй у «Віленскім фотаклубе» Яна Булгака.

1917 год. Нарадзіўся Язэп Сажыч.
Грамадска-палітычны дзеяч. Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1982-1997).
Адзін з заснавальнікаў аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання ў штаце Мічыган.
З 1953 году сябра Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртавання беларускіх ветэранаў у Дэтройце, выконваў абавязкі сакратара ў справах ветэранаў пры Радзе БНР.
У сакавіку 1993 году браў удзел у святкаванні 75-й гадавіны незалежнасці Беларусі ў Мінску.
Памёр 19 лістапада 2007 года ў Сэнт-Клэр-Шорз, Мічыган. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі, ЗША).

1918 год. Саўнаркам бальшавіцкай Расіі выдаў пастанову «О красном терроре».
Згодна з ёю «падпадалі пад расстрэл усе асобы, датычныя да белагвардзейскіх арганізацый, змоваў і мяцяжоў».
У 1917-1922 гадах было расстраляна 140 тысяч чалавек.

1937 год. Расстраляны Анатоль Дзяркач (Зіміёнка).
Беларускі паэт, сатырык, гумарыст, мемуарыст.
Служыў у земскай і гарадской управах у Мінску. Член партыі эсэраў. У 1908 годзе арыштаваны, адпраўлены ў ссылку.
Пасля “Лютаўскай рэвалюцыі” у Расіі ў 1917 служыў у мінскіх адміністрацыйных органах Часовага ўраду.
Працаваў у газетах «Беларуская вёска» і «Піянер Беларусі». З 1924 рэдагаваў сатырычны часопіс «Дубінка» (дадатак да газеты «Звязда»). Працаваў таксама ў часопісе «Полымя».
Член Саюзу пісьменнікаў савецкай Беларусі з 1934 году.
Арыштаваны савецкімі органамі ў 1936 годзе і ў 1937-ым расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

1944 год. Нарадзіўся Майкл Дуглас.
Амерыканскі актор, сын актора Кірка Дугласа (Даніловіча), ураджэнца Беларусі, з Чавус.
Сусветна вядомы па ролях у фільмах «Ракавая жарсць» ды «Асноўны інстынкт», прадзюсар фільму «Палёт над гняздом зязюлі».
Уладальнік некалькіх «Оскар».
![]()
2002 год. Памёр Артур Вольскі.
Пісьменнік.
Працаваў дырэктарам Дому літаратара, рэдактарам выдавецтва «Юнацтва».
Аўтар зборнікаў, кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей, пʼес, сцэнароў.
Перакладчык з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыту.
Бацька беларускага спявака Лявона Вольскага.

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў