Уборка па-слаўгарадскі – увесь горад у радыёактыўным пыле

У Слаўгарадскім раёне, які пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС больш за іншыя рэгіёны, груба парушаюць тэхналогію ўборкі вуліц.

Над вуліцамі Слаўгарада падымаюцца клубы густога пылу. Мясцовыя камунальшчыкі выкарыстоўваюць падмятальна-ўборачную машыну без арашэння, а слаўгарадскія журналісты выкладваюць гэты сорам на ўсеагульны агляд у інтэрнэт.

Навошта, пытаецца, траціць рэсурс на сістэму ўвільгатнення, калі можна проста вярнуць людзям зімовую пясчана-саляную сумесь у выглядзе аэразолю, бясплатна, проста на дом?

Асаблівую пікантнасць таму, што адбываецца, надае геаграфія. Слаўгарадскі раён – лідар Магілёўшчыны па забруджванні цэзіем-137 пасля трагедыі 1986 года. Узровень гама-выпраменьвання там ніколькі не меншы за ўзровень безгаспадарчасці.

Асобнага захаплення заслугоўвае фінал афіцыйнай нататкі: зварот да жыхароў выйсці ў двор, абнавіць клумбу і даказаць любоў да роднага краю справай. 

Жыхары ўжо даказваюць – тым, што пры такіх адосінах да іх, яшчэ працягваюць жыць у Слаўгарадзе.

Фота раённай газеты.

Дзень ператварыўся ў ноч у Стамбуле

З-за гіганцкага чорнага воблака ў Стамбуле настала ноч – паведамляе sm.news. З’ява працягвалася ўсяго 5 хвілін.

Гэта адбылося пасля праліўнога дажджа, калі над Стамбулам з’явілася гіганцкае чорнае воблака даўжынёй 10 кіламетраў. Воблака пагрузіла ў цемру практычна ўвесь горад. 

Спецыялісты лічаць, што прычынай з’яўлення стала пылавая бура, якая ўзнікла пасля моцнай залевы.

Такая прыродная з’ява з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для жыхароў горада. Яна прыводзіць да зніжэння якасці паветра, падвышанай верагоднасці захворванняў дыхальных шляхоў і іншым непрыемным для здароўя наступстваў.

Фота з адкрытых крыніц