Каля 150 праваслаўных актывістаў прайшлі 8 лютага 2026 года шэсцем ад Царквы царскіх пакутнікаў да месца масавых растрэлаў 1930-х гадоў каля мясакамбіната.
Мерапрыемства было прымеркавана да Дня памяці Сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай. Адным з такіх ёсць былы расійскі імператар Мікалай ІІ, які разам з сям’ёй быў расстраляны бальшавікамі ў 1918 годзе. Да гэтага, пасля гібелі сотняў людзей на святкаваннях у гонар яго каранцыі ў 1896 годзе (падзеі на Хадынцы) і расстрэла па яго загаду дэманстрацыі рабочых 9 студзеня 1905 года (Крывавая нядзеля), гэты цар атрымаў народную мянушку Крывавы.
Напачатку ў царкве каля Плошчы Славы прайшло набажэнства, якое праводзіў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Затым калона з харугвамі вырушыла ў бок месца масавых расстрэлаў, што знаходзіцца насупраць Магілёўскага мясакамбіната.
Удзельнікі акцыі неслі некалькі абразоў з выявай былога цара і яго сям’і. Сярод праваслаўнай сімволікі быў заўважаны расійскі імперскі чорна-жоўта-белы сцяг з двухгаловым арлом. На месцы масавых расстрэлаў ля кар’ера каля прыпынку “Мясакамбінат” на праспекце Дзімітрава адбылося яшчэ адно кароткае памінальнае набажэнства.
Варта адзначыць, што на месцы каля кар’ера ад канца 1980-х гадоў збіралася дэмакратычная грамадскасць, каб ушанаваць памяць загінулых падчас савецкіх рэпрэсій ХХ стагоддзя. Там жа былі ўсталяваныя памятныя крыжы, а акцыі праводзіліся пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Паколькі крыжы былі драўляныя, з часам яны трухнелі. Некалькі гадоў таму праваслаўная царква ўсталявала там каменны крыж з надпісам пад ім “Сей крест воздвигнут в память рабов Божиих, безвинно убиенных во дни лихолетья 20-30 годов ХХ века”.
Фотаздымак: mogeparhia.by