У Магілёве сілавікі вучыліся разганяць пратэсты ўзору 2020 года

На прайшоўшых міліцэйскіх камандна-штабных вучэннях у Магілёве сілавікі разганялі “пратэстоўцаў” са сцягамі і штучнымі кветкамі.

Як піша тэлеграм-канал МУС, практычная частка вучэнняў прадугледжвала адпрацоўку некалькіх сцэнарыяў змяненняў аператыўнай абстаноўкі ў гарадскіх умовах. 

“Вартавыя парадку затрымлівалі правапарушальнікаў на дваровай тэрыторыі, спынялі блакаванне праязной часткі, спынялі аўтобус з экстрэмістскі настроенымі грамадзянамі. Вучэнні завяршыліся спецыяльнай аперацыяй па нейтралізацыі групавых парушэнняў грамадскага парадку і вызваленні закладнікаў”, – гаворыцца ў паведамленнні. Там жа адзначаецца, што ход вучэнняў асабіста кантраляваў міністр унутраных спраў, генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў.

На выкладзеных у міліцэйскім тэлеграм-канале фотаздымках і відэа бачна, што “пратэстоўцы”, з якімі вучыліся змагацца сілавікі, былі “ўзброены” сцягамі з белымі, жоўтымі і чырвонымі палотнішчамі. Уздоўж вуліцы Гагарына насупраць Лядовага палаца стаялі жанчыны, якія махалі штучнымі белымі кветкамі. Разгон усіх гэтых “дэманстрантаў” суправаджаўся стралянінай і выбухамі.

Зважаючы на сцэнар “пратэстаў”, які ўзяты з падзей 2020 года, вельмі слушнымі падаюцца словы, якія прыпісваюць Уінстану Чэрчалю: “Генералы заўсёды рыхтуюцца да прайшоўшай вайны”. 

“Падобныя мерапрыемствы ўжо адбыліся ў Мінску, на Брэстчыне і Віцебшчыне. Асноўная ўвага пры гэтым надаецца зладжанасці ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады”, – справаздачыцца міліцэйскі тэлеграм-канал. 

Скрыншот: ТГ “МУС Беларусі”

Рэжысёр з Магілёва зняў фільм пра пратэсты 2020 года і абвінаваціў ва ўсім Ціханоўскую

На YouTube з’явіўся дакументальны фільм рэжысёра з Магілёва Вячаслава Сікоры “Как нас предали. Беларусь 2020”.

У фільме, сцэнар якога разам з Сікорам пісаў і яго калега Віталь Кандраценка, робіцца спроба аналізу дзеянняў лідэраў масавых пратэстаў 2020 года ў Беларусі.

Стужка, якая ёсць свайго роду аповедам рэжысёра ад яго імя, спрабуе паказаць, што пратэсты былі зліты дзеяннімі жаночай тройцы – Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкала і Святланай Ціханоўскай, а таксама набліжаных да апошняй Марыяй Мароз, Ганнай Красулінай і Вольгай Кавальковай. Гэтыя жанчыны, як мяркуе рэжысёр, здрадзілі антыдыктатарскаму руху беларусаў, канчаткова развязалі рукі рэжыму Лукашэнкі для бясконцых рэпрэсій і палітычнага пераследу. 

Фільм нагадвае, што існавала першапачатковая ўстаноўка, якую давалі яшчэ да сваіх затрыманняў і асуджэнняў Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі, на байкот выбараў пасля рэгістрацыі кандыдатаў. У фільме праводзіцца думка, што супраць гэтага варыянта выступала каманда Віктара Бабарыкі і асабіста Марыя Калеснікава, якая пазней так выказалася ў інтэрв’ю Дудзю: “У мяне не было задачы звяргаць тырана”.

Трэба адзначыць, што выкладзеныя ў фільме Вячаслава Сікоры факты – гэта тэма для маштабных даследаванняў і дыскусій, а адназначнасць пададзеных ацэнак выглядае як прынамсі спрэчная.

Таксама, у фільме не цалкам раскрыты перадумовы народнага незадавальнення дыктатарскім рэжымам і наогул стыхійнасць пратэстаў. У прыватнасці, цалкам адсутнічае аналіз праяўлення паўсюднай салідарнасці падчас пандэміі каранавіруса, калі ўлада паставілася да праблемы цалкам абыякава і цынічна. А менавіта гэта, выглядае, стала спускавым кручком для далейшых пратэстаў. 

Адсутначае ў амаль палутарагадзінным фільме нават узгадка пра шматгадовую, да “антыдармаедскіх” пратэстаў 2017 года, руплівую дзейнасць апазіцыі, праваабаронцаў і незалежных журналістаў па выкрыцці злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і паўсюднае парушэнне ім законаў і грэбаванне правамі чалавека.

На дадзены момант фільм паглядзелі каля 70 000 чалавек. Фільм пакуль не атрымаў дастатковага розгаласу і абмеркавання ў незалежнай беларускай прэсе, але сваё  меркаванне аб ім выказаў Зянон Пазьняк: “Можна выказаць дастаткова крытыкі, але паглядзець варта. Выразна паказана выкарыстаньне і здрадніцкая роля “жаночага агентурнага легіёна” ў падзеях 2020 г., за якім стаялі расейскія службы, газпрамаўскія банкіры і функцыянеры”.

Пры ўсёй палемічнасці выкладзеных у матэрыяле высноў, фільм магілёўскага рэжысёра можна лічыць адной з першых творчых спроб публічнага асэнсавання і ацэнкі дзеянняў лідэраў пратэстаў 2020 года ў Беларусі.

Фота: скрыншот фільма “Как нас предали. Беларусь 2020”