На Магілёўшчыне рэцыдывіст, асуджаны за забойства на 17 гадоў, перад самым выхадам спрабаваў забіць другога зэка

Пяць разоў судзімы мужчына, прыгавораны ў 2007 годзе да 17 гадоў турмы за забойства з асаблівай жорсткасцю, пад самы канец свайго тэрміну напаў на іншага зняволенага, каб яго забіць. Цяпер ён прыгавораны да новага, яшчэ большага тэрміну ў 18 з паловай гадоў.

Надзвычайнае здарэнне адбылося ў адным з месцаў пазбаўлення волі на Магілёўшчыне – справу разглядаў абласны суд у дачыненні да грамадзяніна Е., паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.

Асуджаны Е., узяў на тэрыторыі атрада фрагмент завостранага драўлянага бруса і вярнуўся ў атрад, дзе на падставе асабістай непрыязнасці пачаў біць іншага асуджанага брусам у шыю і галаву каб яго забіць. Пацярпелы атрымаў чатыры ўдары, але быў выратаваны трэцім зняволеным, які пастараўся перашкодзіць першаму зэку. Трэці трапіў таксама пад удары Е.

За пакушэнне на забойства рэцыдывіст быў асуджаны на 17 гадоў, а за напад на чалавека, які імкнуўся выканаць свой грамадзянскі абавязак і перашкодзіць яму – яшчэ на тры з паловай гады. Па сукупнасці нападнік атрымаў новы тэрмін у 18 з паловай гадоў.

Фота ілюстрацыйнае.