Жыхарка вёскі Пясочня Горацкага раёна паскардзілася на заплеснявелы хлеб, які ёй прадалі ў аўталаўцы. Прадаўцу сказалі, што пратэрміноўку прадаваць нельга.
Як піша районная газета “Горацкі веснік”, у яе Instagram-акаўнт паступіў відэазварот ад жыхаркі вёскі Пясочня пра тое, што яна набыла ў аўталаўцы Горацкага райспажыўтаварыства хлеб “Вейскі хатні”, які аказаўся з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці. Толькі дома, яшчэ не паспеўшы разабраць упакоўку тавару, жанчына заўважыла на хлебабулачным вырабе цвіль. Паглядзеўшы на дату, яна ўбачыла, што тэрмін прыдатнасці скончыўся пару гадзін таму: амаль у 6 гадзін раніцы.
На запыт карэспандэнтаў газеты ў Горацкае райпо, яго старшыня Ірына Кусцікава адказала, што інфармацыя аб продажы хлеба “з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці ў аўтамагазіне пацвердзілася”. Таксама яна паведаміла, што з прадаўцом праведзена прафілактычная гутарка, пакупніцу папрасілі аб прабачэнні і вярнулі ёй грошы.
Фота: “Горацкі веснік”