Міністэрства прыроды не дае паляўнічым рваць ліс

У выніку гэтай забароны некалькі паляўнічых парод сабак у Беларусі апынаюцца пад пагрозай знікнення.

Пра тупіковы канфлікт паміж дзвюма дзяржаўнымі арганізацыямі – Міністэрствам прыроды і Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) піша smartpress.by. 

Справа заключаецца ў тым, што на Беларусі масава скарацілася папуляцыя лісіц, якіх вырошчвалі на адмысловых “фермах” для таго, каб выкарыстоўваць іх шкуру для пашыву лісінага футра. Беларусы сталі менш насіць футра, адсюль і скарачэнне “прамысловых” лісіц. А менавіта на гэтых жывёлах маглі трэніраваць свае паляўнічыя навыкі норныя сабакі, якія наадварот, нікуды не падзеліся. 

Норныя сабакі выкарыстоўваюцца для палявання на звяроў, якія жывуць у норах  – гэта ліса, барсук, янотападобны сабака і іншыя. Сабакі ловяць здабычу прама ў норах, альбо выганяюць звяроў на паверхню. Паводле звестак БТПР, у Беларусі каля 4,5 тысяч норных сабак: пераважна гэта нямецкі паляўнічы тэр’ер (ягдтэр’ер), фокстэр’ер і некаторыя іншыя тэр’еры, а таксама таксы. 2 тысячы з іх – дыпламаваныя.

Пры гэтым разводзіць можна толькі сабак з пацверджаным дыпломам. Дыпломы выдае БТПР, якое праз Беларускую кіналагічную асацыяцыю ўваходзіць у FCI – міжнародную кіналагічную асацыяцыю са штаб-кватэрай у Бельгіі. Каб атрымаць дыплом, норны сабака павінен прайсці выпрабаванне ў штучнай нары па рэальным зверы.

Альтэрнатыва – паляванне праз шкло

Абласныя структуры Таварыства паляўнічых і рыбаловаў у снежні 2022 года звярнуліся ў Мінпрыроды за дазволам на адлоў некалькіх лісіц для навучання і выпрабаванняў норных сабак. Мінпрыроды са спасылкай на парушэнне шасці заканадаўчых актаў – адмовіла. Вось якія аргументы выкарыстала міністэрства.

Закон “Аб жывёльным свеце” і Грамадзянскі кодэкс патрабуюць “карыстання аб’ектамі жывёльнага свету спосабамі, якія не дапускаюць жорсткага абыходжання з дзікімі жывёламі”. У Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах Рэспублікі Беларусь ёсць адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, пад якім у тым ліку разумеецца “натручванне жывёл адна на адну”. А пад катаваннем жывёл – “наўмыснае прычыненне працяглага болю або пакут”.

Таксама ў міністэрстве заўважылі, што існуюць метады трэніроўкі сабак, якія выключаюць кантакт паміж жывёламі. У больш чым 70 краінах свету кантактныя трэніроўкі або забаронены, або выкарыстоўваюцца бескантактавая прытраўка. Напрыклад, сабака праз шкло бачыць драпежніка, аднак не можа яму нашкодзіць.

Умяшанне чалавека ў сістэму любога біяцэнозу прыводзіць да збояў складаных ланцугоў харчавання ўнутры яго і, як вынік, выбліскам нараджальнасці адных відаў і скарачэнню папуляцыі іншых. Воўк і рысь могуць без умяшання чалавека рэгуляваць колькасць лісіцы і янотападобнага сабакі.

Пад пагрозай некалькіх парод сабак

Контраргументы таварыства паляўнічых наступныя. Колькасць лісіц і янотападобных сабак у мэтах барацьбы з распаўсюджваннем шаленства трэба зніжаць. Мінлясгас, Дэпартамент ветэрынарнага нагляду прама загадваюць гэта паляўнічым. Арганізацыя і вядзенне паляўнічага сабакаводства з’яўляецца адной з асноўных задач БТПР. 

Але без выпрабаванняў сабака не зможа атрымаць палявога дыплома, без якога яго ўдзел у племянной працы немагчымы. Што да палявання праз шкло ці іншых бескантактных спосабаў, то ў Беларусі няма адпаведнай юрыдычнай нормы.

А наконт пакутаў дзікіх ліс – то дзікія жывёлы пакутуюць ад негуманнага стаўлення значна менш сельскагаспадарчых.

У артыкуле, апублікаваным у газеце “Паляўнічы і рыбалоў”, афіцыйным органе БТПР, прыведзена меркаванне эксперта-кінолага міжнароднай катэгорыі, старшыні рэспубліканскай секцыі норных сабак Сяргея Кашпара. Эксперт, у прыватнасці, заяўляе, што пазіцыя Мінпрыроды пагражае знікненнем норных сабак як групы парод. Таксама ён нагадвае аб прадпісанні адстрэльваць лісіц і янотападобных сабак падчас любога законнага знаходжання ў паляўнічых угоддзях з-за распаўсюджвання імі шаленства, каросты, знішчэння гнёздаў і нованароджаных казулят.

Гаворачы аб еўрапейскай практыцы, Сяргей Кашпар прывёў у прыклад Германію, дзе выкарыстоўваецца “альтэрнатыўны спосаб”:

– У немцаў няма афіцыйных прытравачных станцый, але дзесьці ў лесе ў іх сустракаюцца проста норы, часам штучна выкапаныя. Дык вось гэтыя норы часам наведваюць лісіцы. Вы разумееце? Ну, а калі лісіцы там не аказваецца ў патрэбны момант, то ніхто не перашкаджае нямецкаму паляўнічаму яе туды запусціць (пасля чаго жывёлу можна выкарыстоўваць для трэніровак сабак). Паверце, я ведаю, што кажу, я маю зносіны з калегамі. Даводзіцца неяк выкручвацца. У адваротным выпадку легендарныя племянныя лініі іх нацыянальнай пароды – нямецкага паляўнічага тэр’ера – праз пару пакаленняў знікнуць.

Чым вырашыцца канфлікт паміж дзвума дзяржаўнымі структурамі – пакуль незразумела, і сітуацыя падобная на патавую.

Фота з адкрытых крыніц.