Магілёўскія тэатры сталі пераможцамі фестывалю нацыянальнай драматургіі

На вялікай сцэне Бабруйскага тэатра завяршыўся Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. I. Дуніна-Марцінкевіча. Журы адзначыла талент артыстаў з Магілёўшчыны.  

Фінальны дзень фестывалю адкрыла «Альпійская балада» заслужанага калектыву РБ «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі». Пасля паказу адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання і закрыцця тэатральнага свята. З поўным спісам лаўрэатаў фестывалю можна пазнаёміцца ў гэтай публікацыі на bobr.by. 

Прыемна, што эксперты высока адзначылі працу магілёўскіх артыстаў. Дыпломамі лаўрэатаў у конкурснай праграме «Спектакль тэатра драмы» былі ўзнагароджаны: 

«Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара» – п’еса «Песя і Янко», аўтары Аркадзь Шульман і Ян Карпінскі (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім. В. І. Дуніна-Марцінкевіча). 

«Лепшая жаночая роля другога плана» – Амалія Старавойтава за ролю Кацярынкі ў спектаклі «Прымакі» (заслужаны калектыў РБ Магілёўскі абласны драматычны тэатр);

«Лепшая жаночая роля» – Юлія Еўтушэнка за ролю Песі ў маладосці ў спектаклі «Песя і Янко» (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім. В. І. Дуніна-Марцінкевіча).

А «Лепшым спектаклем» прызнаны «Не пакідай мяне…», Аўтар – Аляксей Дудараў, рэжысёр-пастаноўшчык – Аляксандр Козак (заслужаны калектыў РБ Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы ім. Ленінскага камсамола Беларусі). 

Фота: bobr.by