Праект новага музея на Буйніцкім полі – у палоне гігантаманіі і пафасу. Было складана, але мы знайшлі прыкметы грамадскай дыскусіі праекту

Пра планы пабудовы на Буйніцкім полі пад Магілёвам новага музейнага комплексу ў 2023 – 2024 гадах мы нядаўна паведамлялі. Аналізавалі таксама, што ў выніку рэалізацыі праекту ў такім выглядзе, як гэта падаюць чыноўнікі і праўладныя гісторыкі музейны комплекс стане месцам паказнога патрыятызму з ідэалагізаванай экспазіцыяй, засяроджанай на тэме рускай зброі.

 

Экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі

Да 23 чэрвеня Магілёўскі райвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне праекту будучага музею. Прыкмет прафесійнага, узважанага і зацікаўленага абмеркавання гэтага безумоўна важнага праекту, на старонках галоўных інфармацыйных рэсурсаў Магілёўшчыны намі выяўлена не было. А, абмяркоўваць сапраўды ёсць што.

Было б цікава прааналізаваць меркаванні спецыялістаў, як варта арганізаваць праблему ўзаемадзеяння наведніка з музейнай экспазіцыяй – адну з цэнтральных праблем у сучасным музеязнаўстве.

Савецкія салдаты аглядаюць падбітую нямецкую тэхніку на Буйніцкім полі

Размяшчэнне музею непасрэдна на месцы вядзення баявых дзеянняў падштурхоўвае да думкі, што экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі. Гэта дало б магчымасць на дакументальнай аснове рэканструяваць рэальную баявую абстаноўку і жыццёвы свет чалавека, які апынуўся па Буйніцкім полі 11 ліпеня 1941 года.

 

Мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыю вольнай ад ідэалагічнага пафасу

Нам прыйшлося пашукаць, каб выявіць прыкмету хоць нейкага абмеркавання праекту новага музею на старонках «Прыдняпроўскай нівы». Але, лепш слова «абмеркаванне» тут узяць у двукоссі.

Матэрыял, апублікаваны на сайце выдання не мае прыкмет дыскусіі. Усе ўдзельнікі апытання паўтараюць адзін за адным наборы фраз з клішэ і штампамі.

Дадаюць яўнае перабольшванне – так, старшыня ветэранскай арганізацыі Магілёўскага раёну Віктар Пінчук выказаўся, што пад Буйнічамі чырвонаармейцы і народнае апалчэнне сарвалі бліцкрыг. Заўважым – калі б бліцкрыг быў сарваны менавіта пад Буйнічамі, нямецкай арміі не ўдалося б дайсці да Масквы.

wikimedia.org

«Новы музей знойдзе вялікі водгук у сэрцах жыхароў і гасцей Магілёва, стане яшчэ адным знакавым месцам памяці і славы, сімвалам гонару і яднання». – кажа вучаніца 8 «Б» класа Раманавіцкай школы, Настасся Жданко.

«Музей на Буйніцкім полі стане сэрцам мемарыяльнага комплексу, цэнтрам патрыятычнага выхавання насельніцтва і наглядным увасабленнем памяці, якую захаваюць будучыя пакаленні». – працягвае Вячаслаў Арлоўскі, дырэктар школы ў Вендаражы.

Як бачым з характару выказванняў, у магілёўцаў вельмі мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыя якога была б вольнай ад ідэалагічнага пафасу і патрыятычнага ўгару. Вольнай – каб даць месца рэальным людзям у іх непасрэдным жыццёвым свеце.

 

Музей гісторыі Магілёва анансаваў экскурсіі па яўрэйскіх мясцінах гораду

Маршрут пройдзе праз могілкі і былое гета, Талмуд-Тору, рамеснае вучылішча і прыватныя дамы магілёўцаў-яўрэяў. Маршрут заяўлены як аўтобусна-пешаходная экскурсія на дзве гадзіны.

Упершыню яўрэі згадваюцца ў Магілёве пад 1522 годам, калі ліхвяр і зборшчык мытаў І. Езафовіч атрымаў у горадзе права на збор вагавага падатку, адкрыццё васкабойні і карчмы.

Да пачатку ХХ стагоддзя колькасць яўрэяў у горадзе вырасла да 34% ад агульнага насельніцтва.

Стагоддзі іх суіснавання з карэннымі жыхарамі былі азмрочаныя неаднаразовымі пагромамі, спробай крывавага паклёпу ў 1692 годзе, амаль поўным знішчэннем абшчыны ў 1655 годзе казакамі магілёўскага палкоўніка Канстанціна Паклонскага.

Гэтыя стагоддзі пражывання ў Магілёве яўрэйскай грамады пакінулі значныя культурныя сляды. У архітэктурным выражэнні, гэта будынкі Талмуд-Торы, яўрэйскага рамеснага вучылішча, сінагогі і безліч каменных дамоў на цэнтральных гарадскіх магістралях.

Сто гадоў таму прыватныя дамы насілі імёны сваіх уладальнікаў. Дом Берліна, дом Гісіна, Бернштэйна, Каца, Маховера, Мінахера, Ханіна, Ідэльсона, Зільберман. Яны дагэтуль упрыгожваюць Першамайскую і Ленінскую вуліцы, Пажарны завулак, але ж згубілі свае гістарычныя назовы.

Дом Сары Зільберман да рэвалюцыі і пасля

Распрацаваны маршрут, закліканы ў тым ліку і вярнуць гэтую гістарычную памяць наведнікам экскурсій. Ён пройдзе праз гандлёвую плошчу, Школішча, вуліцы Вароўскага, Ленінскую і Карла Маркса, могілкі на Машэкаўцы і памятны знак на месцы знішчанага ў 1941 годзе гета.

«Магчыма, калісьці гэтыя ацалелыя будынкі яўрэйскай спадчыны – сінагогі, гасцініцы, навучальныя ўстановы, вернуць свае гістарычныя назвы, хаця б на памятных таблічках – адрэагавала навіну ад музейшчыкаў жыхарка Магілёва.

Загалоўнае фота: Яўрэйскае турыстычнае агенцтва 

 

«Ноч» у Музеі гісторыі Магілёва» з дударамі і народнымі танцамі

Музей гісторыі Магілёва запрасіў дудароў на «Ноч музеяў», а тыя са згоды супрацоўнікаў аматараў беларускіх народных танцаў. Наведнікі кажуць, што было крута. Музей гісторыі Магілёва месціцца ў ратушы.

 

Музыкі расказалі пра беларускую дуду, якую недасведчаны беларус аддае ірландцам. Але ў іх свая валынка, а беларусы спрадвеку гралі на сваёй дудзе.

Аматары танцаў апавялі пра асаблівасці беларускіх скокаў і зладзілі заняткі для наведнікаў музейнай імпрэзы.

Пажылыя магілёўцы памятаюць як у маладосці на вячорках бавілі час у скоках. У музеі ж згадалі маладыя гады і з задавальненнем танцавалі з цяперашняй моладдзю. Вядома ж павучаючы яе.

 

На Буйніцкім полі зноў плануецца ўзвядзенне музея

Мемарыяльны комплекс – гэта адносна малады помнік. Да сярэдзіны 1990-х гадоў ён абмяжоўваўся камнем К. Сіманава і абеліскам воінам 172-й стралковай дывізіі. Да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у 1995 годзе было пачата масштабнае будаўніцтва комплекса, якое завяршылася ў 2003 годзе. 

Тады ж ветэранскія арганізацыі, гісторыкі і іншыя актывісты востра ставілі пытанне пра неабходнасць стварэння на Буйніцкім полі пастаяннай музейнай экспазіцыі. Гэтыя ініцыятывы прывялі да прыняцця рашэння адкрыць у 2004 годзе на мемарыяльным комплексе фотаэкспазіцыю, філіял Музея гісторыі Магілёва. Гэтая экспазіцыя працуе сезонна – з красавіка па кастрычнік – і мае вельмі сціплае памяшканне. 

Масштабныя праекты пабудовы музейнага комплекса на Буйніцкім полі распрацоўваліся і праходзілі абмеркаванне на самых разнастайных узроўнях на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў. 

З ініцыятывай нарэшце ажыццявіць гэтую ідэю, на днях выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка – паведамляе БелТА. Паводле слоў чыноўніка, на працягу 2022 года будзе распрацоўвацца канцэпцыя музея на Буйніцкім полі. 2023 год адведзены пад распрацоўку праектнай дакументацыі.

 – Гэта будзе народная будоўля, да якой падключым жыхароў рэгіёна, арганізацыі і прадпрыемствы, выдзелім грашовыя сродкі з абласнога бюджэту. – выказаўся Ісачанка – У экспазіцыі знойдзе адлюстраванне гісторыя нашага краю, гісторыя нашых вёсак, якія пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раскажам гісторыі герояў нашай вобласці: нам ёсць кім і чым ганарыцца.

Мяркуецца, што сваёй формай новаствораны музей будзе нагадваць ордэн Айчыннай вайны, а акрамя музейнага накірунку, ён будзе ажыццяўляць таксама функцыі культурнай пляцоўкі. Назву музею яшчэ не падабралі, мяркуецца прыцягнуць грамадскасць да яе абмеркавання.