З’явіліся махляры, якія маскіруюцца пад энергетыкаў і мяняюць беларусам лічыльнікі святла

“Белэнерга” папярэджвае, што ў Беларусі сталі рэгістравацца выпадкі, калі махляры пранікаюць у жылыя дамы пад выглядам супрацоўнікаў аргаанізацый па энергазабеспячэнні. Яны пераконваюць жыхароў памяняць лічыльнікі святла і тут жа на месцы афармляюць здзелку за наяўныя грошы.

Дзяржаўная энергетычная карпарацыя паведаміла ў сваім Тэлеграм-канале, што сапраўдныя супрацоўнікі арганізацыі ніколі не заключаюць дамоваў і не праводзяць разлікі на месцы. Для таго, каб пазбегнуць падману, жыхарам рэкамендуецца правяраць дакументы ў грамадзян, якія называюць сябе супрацоўнікамі энергетычных арганізацый.

Фота: mogilev.media

Кур’ера тэлефонных махляроў затрымалі ў Магілёве на першым жа выездзе

Пенсіянерка збіралася перадаць каля 9 тысяч рублёў каб вызваліць унука, што пражывае ў Маскве, “ад праблем” нібыта звязаных з ДТЗ. Пра намер 67-гадовай жыхаркі Магілёва аддаць грошы даведаўся яе зяць, які тэрмінова патэлефанаваў у міліцыю і сам выехаў да сваей цешчы – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. 

Кур’ера махляроў затрымалі з доказамі злачынства пасля перадачы грошай – амаль Br9 тыс. Ім аказаўся 26-гадовы жыхар адной з суседніх краін, ён прыехаў у Беларусь для падпрацоўкі, якую яму прапанавалі ў інтэрнэце. Яму даслалі некалькі адрасоў, дзе малады чалавек мусіў забраць грошы. Затрымалі яго на першым жа выездзе. Адзначаецца, што раскрывальнасць падобных злачынстваў складае больш за 80%.

Фота: Прэс-служба УУС

Міліцыя заявіла аб новым відзе махлярства. Зламыснікі запрашаюць сваіх ахвяраў сустрэцца ў тэатры

Паведамляецца, што па Беларусі зарэгістравана каля сотні падобных выпадкаў, якія падаюцца, як кіберзлачынствы.

Схема выглядае бездакорна. На папулярных сайтах знаёмстваў махляры размяшчаюць анкеты пад выглядам прывабных дзяўчат. Калі паяўляецца зацікаўлены кавалер, то яму паступае прапанова наведаць разам тэатр альбо кіно. У дадатак да прапановы махляр адпраўляе спасылку на сайт для пакупкі білетаў онлайн. І вось гэты сайт якраз з’яўляецца лавушкай, хоць і можа выглядаць як старонка рэальнай установы культуры – паведамляе прэс-служба УУС.

Далей працуе стандартная фішынгавая схема – карыстальніку для набыцця білетаў неабходна ўвесці дадзеныя банкаўскай карткі, авалодаўшы якімі зламыснікі здымаюць усе сродкі з рахунку падманутага кавалера. Лішне казаць, што вонкава гэтыя фішынгавыя сайты-лавушкі, і па назве даменнага імя вельмі нагадваюць сапраўдныя сайты тэатраў і каназалаў.

Выяўленыя выпадкі супрацьпраўнай дзейнасьці гэта толькі верхняя частка айсберга, папярэджваюць праваахоўнікі. Трэба ўлічваць, што пэўная колькасць падманутых кавалераў шчасліва жанатыя афіцыйным шлюбам і не імкнецца да публічнасці што да паходаў у тэатр з рамантычнымі незнаёмкамі.

 

На Магілёўшчыне кабета аддала ашуканцам 18 тысяч долараў, каб выбавіць ад адказнасці за аварыю дачку

Пазбавіўшыся грошы жанчына зразумела, што яе ашукалі. Долары яна збірала на кватэру дачцэ.

87-гадовай жыхарцы Магілёўскага раёну патэлефанаваў мужчына, назваўшыся следчым, паведаміў, што яе дачка ўчыніла дарожна-транспартнае здарэнне. Пацярпела цяжарная.

Афіцыйная прадстаўніца абласнога ўпраўлення следчага камітэту Тацяна Старасотнікава адзначае, што кабеце далі пагутарыць па тэлефоне, нібыта, з дачкой і тая заплаканая папрасіла дапамогі.

Ашуканец, заявіў, што дасць рады праблеме за 20 тысяч долараў. У пажылой жанчыны было толькі васямнаццаць. Грошы яна збірала на кватэру дачцэ. Іх жанчына аддала «кур’еру», паведамляе інфармацыйнае агенцтва Белта.

Пасля гэтага зламыснік працягваў кантактаваць з кабетаю. Падчас гутаркі яна ўбачыўшы з вакна дачку, якая вярталася з працы, зразумела, што яе падманулі. Пазваніла ў міліцыю.

Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу за ашуканства ў асабліва буйным памеры. Цяпер аператыўнікі занятыя пошукам вінаватых ва ўчыненні злачынства. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

фота: aif.by

Тавар заказвалі, але не атрымлівалі. Як працуюць махляры ў інтэрнэце

Больш за 20 жыхароў рэгіёну сталі ахвярамі махлярства. Іх страты ацэненыя ў больш чым 10 тысячаў рублёў.

Найбольш крымінальных справаў па фактах махлярства пад выглядам інтэрнэт-крамаў распачата ў Бабруйску. Мясцовыя аператыўнікі расследуюць 9 такіх злачынстваў.

Усяго ж у вобласці больш за два дзясяткі падобных крымінальных справаў, піша газета «Маяк Прыдняпроўя».

Паводле абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў пацярпелыя цікавіліся аб’явамі ў Інстаграме аб продажу садовай мэблі, надзіманых басейнаў. Удакладніўшы ў махляроў пытанні аб тавары, перапісваючыся з імі ў інтэрнэце, пералічвалі 100 працэнтаў перадаплаты, але замоўленай рэчы не атрымлівалі.