Жуткія пробкі – пачалася рэканструкцыя праспекта Дзімітрава ў Магілёве. Фота, відэа

У Магілёве праходзіць рэканструкцыя аднаго з самых ажыўленых праспектаў горада. З 21 па 26 верасня тут будзе праводзіцца ўкладка асфальтабетоннага пакрыцця. На бягучы момант чатыры паласы з шасці на праспекце перакрытыя дзеля правядзення дарожных работ. Астатніх дзвюх палос яўна бракуе для пропуску ўсяго транспарта. Пробкі ўтвараюцца адразу на выездзе на праспект з дзясяткаў аўтамашын.

Рэканструкцыя прадугледжвае стварэнне новых кішэняў для грамадскага транспарта. Таксама памяняецца схема мясцовых пераездаў – некаторыя ўжо закладзеныя бардзюрамі, а замест іх прабіваюцца новыя.

Нязручнасцяў хапае і карыстальнікам грамадскага транспарту. З-за немагчымасці спыняцца на прыпынках, аўтобусы высаджваюць пасажыраў проста на вільготнае дарожнае палатно, па якім катаюцца нетаропкі я асфальтаўкладчыкі.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Навіны Магілёўскага рэгіёну (@mogilev.media)

Фота, відэа: mogilev.media

Заўтра – дзень без аўтамабіля

22 верасня ва ўсім свеце праводзіцца штогадовая акцыя – Сусветны дзень без аўтамабіля. Гэта міжнародная падзея, якая заклікае адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля хаця б на адзін дзень. ДАІ Магілёўскага РАУС адзначае, што мэта акцыі – скараціць колькасць аўтамашын на вуліцах і дарогах і падтрымаць іншыя віды ўстойлівага транспарту, уключаючы грамадскі і веласіпедны транспарт.

Лепшы спосаб адзначыць Сусветны дзень без аўтамабіля – проста не карыстацца сваім аўтатранспартам, заўважаюць спецыялісты. Калі вам трэба кудысьці пайсці, прагуляйцеся ці пракаціцеся на ровары. Калі ў вас ёсць электрасамакат, выкарыстоўвайце яго. Або ж проста скарыстайцеся грамадскім транспартам.

Для матывацыі аўтамабілістаў перасесці на грамадскі транспарт, у Мінску аб’явілі бясплатны праезд для аўтааматараў 22 верасня ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях і метро пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы. Пра падобную ініцыятыву ў гарадах Магілёўшчыны не паведамлялася.

Фота: mogilev.media

Тралейбусы ў Магілёве будуць хадзіць да кальца Мясакамбіната – ад заўтра і на тыдзень

У сувязі з уладкаванне асфальтабетоннага пакрыцця на праспекце Дзімітрава, з 21 па 26 верасня тут плануецца адключыць кантактныя лініі электраперадач. Тралейбусы нумар 4, 6 і 7, што курсіруюць з горада ў бок Любужа, будуць у гэты час хадзіць па скарочаным маршруце – да кальца Мясакамбіната. Замест іх ад кальца і на Любуж будуць запушчаныя дадатковыя рэйсы аўтобуса нумар 42 – паведамляе “Веснік Магілёва”. Праязныя на тралейбусы ў Магілёве дзейнічаюць і ў аўтобусах да канца верасня.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўцы змогуць стаць членамі журы сусветнага фестываля кароткаметражак

26-ты Манхэтанскі фестываль кароткаметражнага кіно “Manhattan shorts” будзе праходзіць пачынаючы з 28 верасня ў 500 гарадах свету для 100 000 гледачоў.

Кожны аматар кіно можа далучыцца да галасавання ў выбары пераможцаў фестываля. Усяго на суд гледачоў будуць прадстаўленыя 10 карцін з васьмі краін свету. 9 кастрычніка будуць абвешчаныя вынікі галасавання ў Беларусі.

Манхэтэнскі Фестываль кароткаметражнага кіно сёлета падрыхтаваў праграму фільмаў, аб’яднаную адной агульнай тэмай, якая блізкая ўсім – як чалавек сустракае цяжкасці і нягоды, і тыя, якія ён стварыў сваімі рукамі, і тыя, ад якіх ніхто не застрахаваны.

Усе кароткаметражныя фільмы фіналісты аўтаматычна атрымліваюць кваліфікацыю на “Оскар”. Усе фільмы паказваюцца на мове арыгінала з субцітрамі. Падрабязную праграму фестываля можна знайсці тут. У Магілёве паказы пройдуць у кінатэатры “Радзіма”.

Фота з адкрытых крыніц

Парваліся тросы – у Шклоўскім раёне лесавоз перавярнуўся і засыпаў дарогу бярвеннем

Вечарам 18 верасня каля вёскі Дабрэйка Шклоўскага раёна, на трасе Магілёў-Шклоў з’ехаў у кювет і перавярнуўся лесавоз МАЗ, бярвеннем засыпала ўсю дарогу. Падчас транспарціроўкі бярвенне на ім было зафіксавана, аднак у выніку падзення аўтамашыны парваліся тросы, і яно высыпала на шашу. Кіроўца ў здарэнні не пацярпеў – паведамляе прэс-служба УУС.

Фота: УУС

Пьяны кіроўца спрабаваў даць хабар ДАІшнікам пад Магілёвам

Нецвярозы вадзіцель грузавіка быў затрыманы каля аграгарадка Вейна Магілёўскага раёна. У 29-гадовага мужчыны аказалася 1,7 праміле алкаголя паводле алкатэстара. Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі ДАІ ў абавязковым парадку носяць нагрудныя камеры, кіроўца грузавіка паспрабаваў даць ім хабар у 30 000 расійскіх рублёў, паклаўшы грошы пад сядзенне міліцэйскага аўто. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС, скрыншот

Пракуратура знайшла незаконную рэкламу на дамах па ўсім Магілёўскім рэгіёне

Аб’явы пра мікракрэтыды, развешаныя на пад’ездах жылых дамоў у Асіповічах, Бабруйску, Магілёве парушалі дзейснае заканадаўства – выявілі ў Генпракуратуры. Так, у аб’явах адсутнічалі звесткі аб памеры гадавой працэнтнай стаўкі, інфармацыя аб нарматыўных прававых актах, згодна з якімі рэкламадавец дае наўзаем грашовыя сродкі – як патрабуе заканадаўства.

У Магілёве выяўлены 21 выпадак размяшчэння індывідуальнымі прадпрымальнікамі аб’яў з тэкстам: «Деньги. Заем по договору. Официальное трудоустройство не обязательно» на пад’ездах і інфармацыйных дошках жылых дамоў, дзе былі пазначаны толькі мабільныя тэлефоны і ўліковыя нумары плацельшчыкаў.

Адзначаецца, што мясцовыя органы ўлады пакідалі падобныя аб’явы без ніякай увагі. Па патрабаванні пракурора горада Магілёва ў дачыненні да асоб, якія размясцілі аб’явы, Магілёўскі гарвыканкам ініцыяваў адміністрацыйныя працэсы па артыкуле 13.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Фота: Генпракуратура

У Магілёве ў чацвёрты раз пройдзе Міжнародны марафон

1 кастрычніка ў Магілёве пройдзе традыцыйны марафон. Забег запланаваны на трох дыстанцыях – класічная марафонская ў 42 кіламетры і 195 метраў, а таксама два кароткія маршруты на 4 і 10 кіламетраў.

Пераможца марафона атрымае грашовую прэмію ў 3 000 рублёў. На гэты час у марафоне зарэгістраваліся ўдзельнікі з Беларусі, Расіі і Кітая – піша “Веснік Магілёва”.

Магілёўскі марафон пачаў праводзіцца з 2017 года. У час пандэміі каронавіруса яго адмянялі, папярэдняе легкаатлетычнае спаборніцтва адбывалася ў маі 2022 года.

Фота ілюстрацыйнае

Сезон восеньскіх кірмашоў стартуе ў Магілёве з наступных выходных

Пачынаючы з 23 верасня ў Магілёве кожную суботу і нядзелю будуць праводзіцца сельскагаспадарчыя кірмашы. Першыя такія кірмашы пройдуць 23 і 24 верасня каля гандлёвага цэнтра “Крыніца” ў мікрараёне “Саломінка” (з 10.00 да 16.00) і каля спартыўнага комплекса “Н2О” на вуліцы Златавустоўскага (з 9.00 да 15.00).

Восеньскія кірмашы ў абласным цэнтры будуць праходзіць на розных пляцоўках кожныя выходныя цягам да 5 лістапада ўключна. Поўны спіс пляцовак і часу працы можна знайсці тут.

Фота ілюстрацыйнае

Як Магілёў перажывае перакрыццё вуліцы Чалюскінцаў – фотарэпартаж

Роўна тыдзень Магілёў жыве з перакрытай важнай транспартнай артэрыяй. Да канца верасня на рэканструкцыю зачынены мост каля Быхаўскага рынка – пісалі mogilev.media.

Мы праехаліся і паглядзелі, як кіроўцы спраўляюцца з вымушанымі зменамі ў сваіх маршрутах. 

Нагрузку асноўных патокаў машын прынялі адразу тры транспартныя артэрыі. Гэта шлях праз вуліцы Касманаўтаў і Лазарэнкі да плошчы Арджанікідзэ, больш кароткі маршрут па вуліцы Раманава і тых жа Касманаўтаў і Лазарэнкі а таксама самая кароткая дарога – праз вуліцы Вароўскага, Правай Лубравенцы і Лазарэнкі.

На апошнім маршруце пробак практычна не назіралася, хоць да гэтага безумоўна падштурхоўвае вузкі і нагружаны транспартам каля Быхаўскага рынка праезд вуліцы Вароўскага.

Можна сказаць, што сур’ёзнага транспартнага калапсу перакрыццё вуліцы Чалюскінцаў не выклікала. Гэтаму паспрыяла разнастайнасць маршрутаў аб’езду. Некаторыя нязручнасці і доўгія чэргі з аўтамашын на святлафорах можна заўважыць толькі ў гадзіны пік.

Мяркуем, што гэтак жа спакойна горад перажыве астатнія два тыдні рамонтных работ на мосце каля Быхаўскага рынка.

Фота: mogilev.media