Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Магілёўшчыны спаборнічалі ў аратарскім майстэрстве

У Магілёве выбралі лепшых аператыўнікаў  вобласці. Спаборніцтвы прайшлі ў некалькі этапаў адзін з якіх – здольнасці прамоўцы.

Другі этап рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства прайшоў у Магілёве. Яго мэта – вызначыць лепшых супрацоўнікаў крымінальнага вышуку вобласці.

Міліцыянты дэманстравалі агнявую падрыхтоўку, мадэлявалі працу на месцы злачынства, збіралі рэчавыя доказы і нават спрабавалі ясна і пераканаўча выкладаць свае думкі.

Невядома, хто з аператыўнікаў стаў лепшым спадчыннікам Цыцэрона, але больш за ўсё ачкоў набраў супрацоўнік крымінальнага вышуку з Чэрыкава. 

Другое і трэцяе месцы – ў сышчыкаў з Бялыніч і Кіраўска.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Магілёвец абяцаў адрамантаваць аўто, але прагуляў грошы

Пад выглядам аўтаслесара магілёвец падмануў пяцярых гараджан на суму каля 8 тыс. рублёў.

У дзяжурную частку Ленінскага РАУС амаль адначасова звярнуліся пяць пацярпелых, піша «Міліцыя Магілёўшчыны». Усе яны паведамілі, што перадалі свае аўтамабілі і грошы 35-гадоваму мужчыне, які раней сапраўды займаўся рамонтам машын.

Як высветлілася, магілёвец сапраўды арандаваў памяшканне пад аўтасэрвіс, але перастаў аплачваць арэнду, у выніку чаго дамова была скасавана. Тым не менш, ён працягваў браць замовы на рамонт, хоць насамрэч не меў ні абсталявання, ні ўмоў для выканання работ.

Кожнаму з кліентаў мужчына абяцаў якасны і своечасовы рамонт. Аднак замест працы над аўтамабілямі ён проста пакідаў іх на стаянках, а атрыманыя перадаплаты траціў на асабістыя патрэбы — арэнду жылля і вячэрнія забавы ў клубах.

У некаторых выпадках, пасля доўгага чакання ён паведамляў уладальнікам, што рамонт завершаны і машыну можна забіраць. Насамрэч аўтамабіль нават не пачыналі рамантаваць. Больш за тое, некалькі чалавек далі яму грошы ў доўг, але так і не змаглі вярнуць іх назад.

У дачыненні да махляра распачата крымінальная справа па факце махлярства.

У траўні стала вядома пра падобны выпадак махлярства з рамонтам аўтамабіляў. Праваахоўнікі высветлілі, што яшчэ адзін 35-гадовы жыхар Магілёва з лютага 2023 года па кастрычнік 2024 года размяшчаў на розных сайтах аб’явы пра рамонт аўтамабіляў. На іх адгукнуліся 14 грамадзян. Пагадзіўшыся на аб’ём работ, мужчына пераконваў уладальнікаў аўто перадаць яму грошы ў якасці перадаплаты. Ён тлумачыў гэта неабходнасцю набыцця запчастак і матэрыялаў для рамонту. Усяго за названы перыяд ён махлярскім шляхам атрымаў больш за 16,5 тысячы рублёў.

Каб стварыць бачнасць рамонту, абвінавачваны перыядычна дасылаў пацярпелым фатаграфіі аўтазапчастак, нібыта набытых для аднаўленчых работ, а таксама часткова разабраных машын. Аднак на самой справе рамонт не праводзіўся, і ён пастаянна прыдумляў новыя прычыны, каб адкласці вяртанне аўтамабіляў. Перададзенымі аўтамабілямі ён карыстаўся ў асабістых мэтах.

Фота: ілюстрацыйнае, mogilev.media

Магілёўцы б’юць адзін аднаго бутэлькамі па галовах

У магілёўскую міліцыю звярнуўся 36-гадовы гараджанін. Ён паскардзіўся, што яго бутэлькай па галаве ўдарыў незнаёмец. Такія выпадкі ў Магілёве здараюцца час ад часу.

Як піша блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, да мужчыны на ганку крамы падышоў хлопец і папрасіў закурыць. Але замест таго, каб проста адмовіць, магілёвец яшчэ і “паслаў” 23-гадовага мінака. Такі адказ нецвярозага маладога чалавека не задаволіў. Слоўны канфлікт перарос у бойку. Нястрыманы хлопец дастаў бутэльку гарэлкі і ўдарыў апанента па галаве. Затым сеў у таксі і як ні ў чым не бывала з’ехаў. Пацярпелы набраў 102. За асабліва злоснае хуліганства ўзбуджаная крымінальная справа.

Падобныя выпадкі ў Магілёве не тое што занадта частыя, але і зусім рэдкімі іх не назавеш. Так, у 2018 годзе ў адным з супермаркетаў Магілёва па вуліцы Грышына за сваю няспрытнасць жанчына паплацілася ударам бутэлькай па галаве ад мужчыны, які стаміўся чакаць даму, якая корпаецца ў сумцы. Удар прыйшоўся па шыі пацярпелай. Пра гэта пісала выданне “Наш Гомель“.

У 2017 годзе, як пісала “Комсомольская правда” 29-гадовы жыхар Магілёва, будучы ў стане алкагольнага ап’янення ў таксі, падчас руху нанёс удар шкляной бутэлькай па галаве кіроўцу. Пацярпелы аказаў актыўны супраціў нападніку і паведаміў пра здарэнне ў міліцыю.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц (pixabay.com)