1 мая – некалькі цікавых фактаў аб знамянальнай даце

Цікавыя факты, што тычацца Дня міжнароднай салідарнасці працоўных – у нашым матэрыяле. 

1 мая афіцыйна адзначаюць як нацыянальнае свята палова свету, ад краін Еўропы і Амерыкі да Аўстраліі і Афрыкі. У шматлікіх краінах Еўропы першае мая з’яўляецца непрацоўным днём, калі адбываюцца дэманстацыі і мітынгі, акцыі салідарнасці і творчыя перфомансы. 

Дзень працы ў Расійскай імперыі і Савецкім Саюзе

У Расійскай імперыі першага мая як дзень міжнароднай салідарнасці працоўных упершыню адзначылі ў 1890 годзе ў Варшаве правядзеннем стачкі, у якой прыняла ўдзел 10 тысяч працоўных. 

З 1897 года гэтая дата стала насіць палітычны характар і суправаджалася масавымі дэманстрацыямі. Першамайскія выступленні рабочых у 1901 годзе ў Пецярбургу, Тбілісі, Гомелі, Харкаве і іншых гарадах Расійскай імперыі ўпершыню суправаджаліся лозунгамі: «Далоў самадзяржаўе!», «Хай жыве рэспубліка!», адбываліся сутыкненнені з войскамі.

На першамайскія стачкі і дэманстрацыі 1912–1914 гадоў выходзіла больш за 400 тысяч працоўных. У 1917 годзе, пасля Лютаўскай рэвалюцыі, першае мая ўпершыню адсвяткавалі адкрыта: мільёны працоўных выйшлі на вуліцы з рознымі лозунгамі і плакатамі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дата стала афіцыйным святам, якое першапачаткова называлася «Дзень Інтэрнацыянала», а ўжо пазней (з 1972 года) было перайменавана ў «Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных – Першае Мая». У гэты дзень праводзіліся дэманстрацыі працоўных. Арганізаваныя калоны працоўных ішлі па цэнтральных вуліцах гарадоў усіх рэспублік і пасёлкаў СССР пад маршы і музыку палітычнай скіраванасці, а з гучнагаварыцеляў гучалі прывітанні дыктараў і палітычныя лозунгі. 

У савецкі час нават прыдумалі імя, якое ўсхваляе Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных і гучыць яно Даздраперма. Абсурднае імя паходзіць ад скарачэння лозунгу  «Да здравствует Первое мая!».

Язычніцкія карані першамайскага свята

Звычай адзначаць першы дзень мая пайшоў з спрадвечных часоў, калі людзі пасля ўзворвання зямлі і пасева праводзілі вясёлыя імпрэзы, каб уся іх праца прынесла добры ўраджай. У старажытнай Італіі першае мая рабілі гулянні ў гонар багіні Маі, апякункі ўрадлівасці і землі, у гонар якой быў названы вясновы месяц. 

У кельцкіх народаў у даўнія часы першае мая традыцыйна адзначалася свята Белтэйн, якое было прысвечана богу сонца і ўрадлівасці Бяленусу і пазначала прыход вясны. Сімвалам урачыстасці было майскае дрэва – сусветная вось, вакол якой круціўся сусвет. У гэтае свята было прынята пераскокваць праз вогнішча, праводзячы рытуал ачышчэння, а кельцкія жрацы (друіды) прыносілі богу сімвалічныя ахвяры. 

У раннім Сярэднявеччы ў Еўропе ноч з 30 красавіка на 1 мая адзначалася як Вальпургіева ноч, а сам дзень 1 мая быў святам вясновай сяўбы. Па меры хрысціянізацыі Вальпургіева ноч забаранялася па ўсёй Еўропе, але 1 мая людзі ўпрыгожвалі сябе і дамы свае зелянінай і кветкамі, спявалі, гулялі і весяліліся. 

Наогул у народным календары першае мая з’яўляецца народным святам вясны, якое шырока адзначалася ва ўсіх краінах Еўропы і бярэ свой пачатак з дахрысціянскіх традыцый. Ад Шатландыі да Беларусі было распаўсюджана традыцыя ставіць майскае дрэва, якое ўпрыгожвалі вянком, рознакаляровымі лентамі і інш., а таксама вадзіць карагоды вакол расліны.

Нацыянальныя святы ў Дзень працы

У Еўропе акрамя Дня міжнароднай салідарнасці з працоўнымі адзначаюцца і іншыя святы. Напрыклад, у Францыі разам з першамайскімі мытынгамі адбываецца свята ландыша. Менавіта ў гэты дзень абсалютна любы жадаючы мае права на продаж ландышаў на вуліцах французскіх гарадоў. 

Здаўна, паводле народнай традыцыі, людзі дораць адзін адному ландышы, бо яшчэ за кельцкімі часамі лічылі, што гэтая кветка  прыносіць шчасце. Традыцыя дарыць кветку-талісман вельмі старадаўняя, што атрымала шырокае распаўсюджанне ў ХVI стагоддзі пры каралі Карле ІХ. Кожны год у Францыі першага мая прадаецца каля 60 мільёнаў ландышаў.  

У Фінляндыі першага мая адбываецца традыцыйнае свята Ваппа, што ўзыходзіць яшчэ да паганскіх рытуалаў сустрэчы вясенне-летняга перыяду і сумяшчаецца з традыцыяй найноўшага часу ўшаноўвання людзей працы. 

У Фінляндыі свята пачынаецца ўжо напярэдадні 1 мая і па традыцыі адзначаецца не толькі як дзень працоўных, але і як дзень студэнта. Святкаванне суправаджаецца карнаваламі, шэсцямі, дэманстрацыямі. 

З 1979 года 1 мая аб’яўлена ў Фінляндыі афіцыйным дзяржаўным святам, падчас якога вывешваюць дзяржаўны флаг. Для большасці жыхароў Фінляндыі Ваппу – гэта перш за ўсё свята весялосці і радасці чакання надыходзячай вясны. Нязменным атрыбутам свята Ваппу з’яўляюцца белыя фуражкі выпускнікоў гімназій, якія апранаюць не толькі нядаўнія выпускнікі, але ўвогуле ўсе, хто калі-небудзь скончыў гімназію.

На Гавайскіх выспах на першага мая святкуецца Дзень Леі, у гонар аднаго з галоўных сімвалаў Гаваеў – кветкавай гірлянды на шыю. У гэты дзень паўсюль на выспах велізарная колькасць кветак, упрыгожванняў з кветак, музыка, выставы, майстэрні, выбар Каралевы Леі. 

Лепшыя школы традыцыйнага гавайскага танца хула выступаюць перад гледачамі, якія далучаюцца да прыгожых рытмічных рухаў.

У Казахстане першае мая адзначаецца свята адзінства народа Казахстана, якое пачало адзначацца з 1996 годзе пры Нурсултане Назарбаеве. Гэта свята прызначана для захавання міжнацыянальнай і міжрэлігійнай згоды, баланса паміж рознаэтнічным і поліканфесійным насельніцтвам краіны. 

Не менш сур’ёзна гэта дата адзначаецца і на Маршалавых выспах, дзе святкуюць дзень канстытуцыі гэтай ціхаакеанскай краіны, раскіданай па шматлікіх атолах і архіпелагах. 

Фота з адкрытых краніц