Беларуская сетка станцый для зарадкі электрамабіляў Malanka абвясціла пра павышэнні коштаў. Так, цяпер павольная зарадка будзе каштаваць на гэтых станцыях 43 капейкі за кілават-гадзіну, а хуткая – 56 капеек. Гэта рост на 3 і 7 капеек адпаведна. Адзначаецца, што гэта першае павышэнне коштаў з кастрычніка 2022 года. Новыя тарыфы ўступаюць у сілу з 1 красавіка.
1850 год. Нарадзілася Соф’я Кавалеўская (Корвін-Крукоўская).
Матэматык, механік, пісьменніца і публіцыстка, першая ў свеце жанчына-прафесар, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук.
Нарадзілася ў сям’і выхадца са старажытнага беларускага шляхецкага роду генерала В. Корвін-Крукоўскага.
Дзяцінства правяла ў Віцебскай губерні, вывучала звычаі і традыцыі беларусаў і ў мемуарах падкрэслівала значэнне беларускай прыроды ў станаўленні яе асобы. Яе першае каханне было звязана з іменем надзвычай вядомага чалавека таго часу, які таксама мае беларускія карані, – Ф. Дастаеўскім.
Каб мець магчымасць займацца навукай, узяла з беларусам У. Кавалеўскім (заснавальнік палеанталогіі) фіктыўны шлюб (пазней стаў сапраўдным) і паехала ў Гайдэльберг вывучаць матэматыку.
У 1874 атрымала ў Гётынгенскім універсітэцеступень доктара філасофіі. У 1883-1891 гадах прыват-дацэнт Стакгольмскага ўніверсітэта
Аўтар прац па матэматычным аналізе, матэматычнай фізіцы і нябеснай механіцы. Даследавала задачу Лапласа пра раўнавагу кольцаў Сатурна.
Лаўрэат прэмій Парыжскай і Шведскай акадэмій навук.
Аўтар аповесцей, драмы, сямейнай хронікі, мемуараў.
Памерла 10 лютага 1891 года.
1908 год. У Лідзе нарадзіўся Стэфан Вітажэнец.
Польскі лётчык, ас-знішчальнік у Другую сусветную вайну ў складзе польскай і англійскай авіацыі.
Скончыў Лідскую гімназію імя гетмана Хадкевіча, лётныя курсы і школы.
Пад час вайны здзейсніў 208 баявых вылетаў. За два месяцы паветранай бітвы над Вялікабрытаніяй збіў 5 нямецкіх самалётаў, адным з іх кіраваў нямецкі ас Хорст Тэтзен. Камандаваў эскадрыльяй, дывізіёнам, знішчальным крылом.
Пасля вайны служыў у апараце камандавання Паветраных Сіл, быў камендантам Цэнтра падрыхтоўкі лётчыкаў у Модліне, палкоўнік. Узначальваў Саюз польскіх лётчыкаў.
Правёў у паветры 4238 гадзін, лётаў на 31 тыпе самалётаў.
1926 год. У Вільні выйшаў першы нумар беларускага ілюстраванага сатырычнага часопіса «Маланка».
Выдаваўся да 26 снежня 1928 года раз на два тыдні. Агулам выйшла 43 нумары. Рэдактарамі-выдаўцамі ў розны час былі І. Касяк, М. Луцэвіч, Я. Маразовіч (Янка Маланка).
Асобныя нумары былі канфіскаваныя польскімі ўладамі, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (1928 год).
Выступаў у абарону інтарэсаў народа Заходняй Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нацыянальнай і палітычнай свядомасці, асуджаў палітыку сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту польскіх уладаў. Публікаваў вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты, публіцыстычныя артыкулы, допісы.
1936 год. Нарадзіўся Янка Сіпакоў.
Беларускі пісьменнік, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Працаваў у шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт», часопісах «Вожык», «Маладосць», «Беларусь», у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя».
Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, кніг паэзіі, паэм у прозе, нарысаў, кніг прозы, кнігі прытчаў, фантастычна-прыгодніцкай аповесці, цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак.
Пераклаў на беларускую мову асобныя кнігі паэзіі У. Уітмена, Хо Шы Міна, Ф. Прэшарна, Дантэ Аліг’еры, паасобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, А. Блока, С. Квазімоды, Р. Гамзатава, К. Чукоўскага і іншых.
Памёр 10 сакавіка 2011 года ў Мінску.
1938 год. Дзень абласцей.
У БССР утвораны вобласці: Мінская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Палеская (з цэнтрам ў Мазыры). У склад Магілёўскай вобласці ўваходзіў 21 раён, як і сёння, толькі замест Глускага (быў у складзе Мінскай вобласці) быў Бярэзінскі раён.
1940 год. На тэрыторыі Заходняй Беларусі створаны раёны, якія існуюць і сёння: Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Валожынскі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Ганцавіцкі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Докшыцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Зэльвенскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Іўеўскі, Камянецкі, Клецкі, Кобрынскі, Лідскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маладзечанскі, Маларыцкі, Мастоўскі, Мёрскі, Мядзельскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Пастаўскі, Пінскі, Пружанскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Стаўбцоўскі, Столінскі, Шаркаўшчынскі, Шчучынскі.
1959 год. Адбыўся Усесаюзны перапіс насельніцтва.
Па даных гэтага перапісу насельніцтва Беларусі склала 8 055,7 тысяч чалавек, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці – 1 116,9. Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): Мінск – 509,5,
Асіповічы – 15,8,
Бялынічы – 2,4,
Бабруйск – 97,5,
Быхаў – 13,2,
Глуск – 5,5,
Горкі – 15,1,
Дрыбін – 1,4,
Касцюковічы – 7,0,
Кіраўск – 3,5,
Клімавічы – 11,6,
Клічаў – 3,3,
Краснаполле – 3,5,
Круглае – 2,0,
Крычаў – 19,0,
Магілёў – 122,7,
Мсціслаў – 8,1,
Слаўгарад – 6,6,
Хоцімск – 4,3,
Чавусы – 6,3,
Чэрыкаў – 4,9,
Шклоў – 7,8.
1970 год. Прайшоў Усесаюзны перапіс насельніцтва.
Насельніцтва Беларусі склала 9 002 300 чалавек, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці – 1 227,0.
Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): Мінск – 907,0,
Асіповічы – 19,7,
Бялынічы – 4,2,
Бабруйск – 138,0,
Быхаў – 17,4,
Глуск – 6,0,
Горкі – 22,1,
Дрыбін – 1,8,
Касцюковічы – 8,1,
Кіраўск – 4,7,
Клімавічы – 12,7,
Клічаў – 4,7,
Краснаполле – 4,0,
Круглае – 3,0,
Крычаў – 25,7,,
Магілёў – 121,7,
Мсціслаў – 9,7,
Слаўгарад – 5,6,
Хоцімск – 4,6,
Чавусы – 7,8,
Чэрыкаў – 5,4,
Шклоў – 9,9.
1976 год: Уведзена ў эксплуатацыю Вілейска-Мінская водная сістэма.
Прызначана для водазабеспячэння Мінска. Злучае каналам (62 км) Вілейскае вадасховішча з р. Свіслач.
У сістэму ўваходзяць вадасховішчы: Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак ракі Свіслач ніжэй Мінска да ўпадзення ў яе ракі Волмы.
На злучальным канале размешчана 6 помпавых станцый, з іх 5 для пад’ёму вады, бо Вілейскае вадасховішча размешчана ў 159 метрах над узроўнем мора, а Заслаўскае вадасховішча — 211,8 м.
Самыя магутныя ў краіне помпавыя станцыі падымаюць ваду на 70 метраў да вяршыні водападзелу, адкуль вада самацёкам цячэ ў Заслаўскае вадасховішча. Сістэма разлічана на падачу 22 м³ вады на секунду, але падае толькі 5 м³ на секунду.
1979 год. Здарылася катастрофа Ан-24Б пад Мінскам.
Самалёт рэйса Талін – Мінск – Днепрапятроўск разбіўся ў 13:05 каля былой вёскі Малое Мядзвежына – зараз скрыжаванне вуліц Цімашэнкі і Адзінцова ў Мінску.
Загінулі 13 чалавек. Выжыла толькі 3-гадовая дзяўчынка, якую пры аварыі выкінула ў сугроб.
Пры заходзе на пасадку экіпаж заўчасна выключыў супрацьабледзяненне, што прывяло да ўтварэння лёду на крыле, хваставым апярэнні і пагаршэння падоўжнай устойлівасці самалёта.
1994 год. Біл Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.
42-і прэзідэнт ЗША (1993-2001) прыбыў з візітам у адказ на наведванне ў 1993 годзе ЗША С. Шушкевічам.
Выступіў у Акадэміі навук, правёў перамовы з Кебічам і Шушкевічам, падпісаў дакументы, усклаў кветкі да манумента на плошчы Перамогі, разам з Зянонам Пазняком наведаў Курапаты, дзе была ўсталявана мемарыяльная «лава Клінтана» (памятны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці»). Клінтан прыехаў з жонкай Хілары і дачкой Чэлсі.
Жонка Шушкевіча Ірына правяла з імі ўвесь дзень, яны перадалі гуманітарную дапамогу дзіцячай паліклініцы, наведалі балетную школу і Тэатр оперы і балета.
Гэта першы і пакуль апошні візіт у Мінск прэзідэнта ЗША ў гісторыі незалежнай Беларусі.
2000 год. Памёр ураджэнец Шклова Уладзімір Шыцік.
Беларускі пісьменнік і журналіст.
Працаваў на папяровай фабрыцы «Спартак», у рэдакцыях газет «Сталинская молодежь», «Калгасная праўда», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва».
Аўтар зборнікаў фантастычных апавяданняў і аповесцей, кніг фантастыкі і дэтэктываў, апавяданняў для дзяцей.
2001 год. Заснавана міжнародная інтэрнэт-энцыклапедыя Вікіпедыя.
Названа ад тэхналогіі Wiki, што ў перакладзе з гавайскай мовы азначае “хутка”. Заснавальнікі – інтэрнэт-прадпрымальнік Джымі Вэйлз і Лары Сэнгер.
Прататып Wikipedia пад назовам Nupedia з’явіўся 9 сакавіка 2000 гада. Сайт быў англамоўным, а артыкулы для яго рыхтавалі вучоныя, прафесійныя рэдактары і карэктары. У выніку такой стараннай працы за год у Nupedia было апублікавана ўсяго 12 артыкулаў. Каб паскорыць папаўненне энцыклапедыі, 15 студзеня 2001 года Вэйлз і Сэнгер адкрылі сайт “Вікіпедыя”. З тых часоў прыняць удзел у рэдагаванні энцыклапедыі можа любы карыстальнік Сусветнай сеткі.
Артыкулы энцыклапедыі ствараюцца на многіх мовах свету калектыўнай працай добраахвотных аўтараў. Адной з асноўных добрых якасцяў Вікіпедыі з’яўляецца магчымасць прадставіць інфармацыю на роднай мове, захоўваючы яе каштоўнасць у аспекце культурнай прыналежнасці.
Беларуская Вікіпэдыя (на тарашкевіцы)працуе з 12 жніўня 2004 году, а беларуская Вікіпедыя ў афіцыйным правапісе заснавана 27 сакавіка 2007 года.
2015 год. Памёр Мікалай Тарасюк.
Беларускі разбяр, музычны майстар. Народны майстар Беларусі.
Беларускай сялянскай працы прысвечаныя цэлыя кампазіцыі з дрэва, лазы і саломкі: «Сялянскі дворык», «Апрацоўка ільну», «Жорны», «Збор ураджая», «Жніво», «Мыццё бялізны», «Кросны» і іншыя. Кампазіцыі, прысвечаныя народным абрадам беларусаў: «Вяселле», «Каляды», «Вячоркі», «Хаўтуры» ды іншыя.
Арганізатар прыватнага музея «Успаміны Бацькаўшчыны» (300 аўтарскіх работ). Яго працы знаходзяцца ў музея-сядзібе «Пружанскі палацык», у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, Брэсцкім краязнаўчым музеі, Мотальскім музеі народнай творчасці і за межамі Беларусі.
Творчасць мастака адлюстравана ў альбоме-манаграфіі «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка», атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. У Польшчы пра яго зняты фільм «Гаспадар».
Шведскі часопіс “Hemslöjden” у адным са сваіх нумароў пяць старонак прысвяціў творчасці М. Тарасюка.
Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1987), спецыяльнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2002).