На Магілёўшчыне вясковец замест алкаголю выпіў сродак ад паразітаў. Медыкі выратавалі

Вадкасць, якой пачаставаў знаёмы, мужчына палічыў віном.

Жыхар Краснапольскага раёну атруціўся ветэрынарным прэпаратам. Ён спажыў каля 30 мл невядомай вадкасці чырвонага колеру, падобнай на пладова-ягаднае віно, якой яго пачаставаў знаёмы. Неўзабаве пасля гэтага адчуў млоснасць, слабасць, пацямненне ў вачах, пачаліся ваніты, піша інфармацыйнае агенцтва «Белта».

Вяскоўца шпіталізавалі ў раённую больніцы. Медыкі паставілі дыягназ «атручэнне сурагатамі алкаголю». Па аказанні медычнай дапамогі жыццю і здароўю мужчыны нічога не пагражала.

Паводле спецыялістаў камітэту судовых экспертызаў настойка чамярыцы, якую глытнуў вясковец, ужываецца, як сродак, якім выклікаюць ваніты, а таксама для барацьбы з паразітамі. Пах, колер і смак яе падобныя з алкагольнымі напоямі.

Ужыванне прыводзіць да цяжкага атручэння, якое часта мае лятальны зыход. Смяротнай дозай для дарослага лічыцца 50 мл настойкі.

фота: ytimg.com