У Магілёве судзяць замежнага “мастака” за надпісы на будынках – здагадайцеся, якія

У Магілёве перад судом паўстане 26-гадовы замежны грамадзянін, які распаўсюджваў на сценах рэкламу інтэрнэт-крамы наркотыкаў. Абвінавачанне засяроджана, аднак, яшчэ і на шкодзе, нанесенай маёмасці і грамадскаму выгляду горада.

Пракуратура Магілёва накіравала ў суд крымінальную справу супраць 26-гадовага замежнага грамадзяніна. Яму інкрымінуецца псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах.

Устаноўлена, што ў снежні 2024 года абвінавачваны атрымаў аплачанае заданне – наносіць надпісы з рэкламай інтэрнэт-крамы, дзе незаконна прадаюцца наркатычныя рэчывы і псіхатропныя сродкі.

У Кастрычніцкім раёне горада ён выкарыстаў 27 аэразольных балонаў з фарбамі розных колераў, каб нанесці рэкламныя надпісы на агароджы чатырох прадпрыемстваў і ўстаноў.

Такія дзеянні абумовілі зніжэнне эстэтычных характарыстык аб’ектаў і неабходнасць правядзення аднаўленчых работ. Урон, нанесены злачынствам, склаў больш за 340 рублёў, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Праваахоўнікі затрымалі абвінавачанага на месцы здзяйснення злачынства. Сваю віну ён прызнаў у поўным аб’ёме і кампенсаваў нанесеную шкоду, аднак мера стрымання – заключэнне пад варту – пакінута пракурорам без змен.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крынiц.

У гандлюючай у Магілёве сетцы сэканд-хэндаў прайшлі масавыя затрыманні

Адзінаццаць мэнеджараў гандлюючай сэканд-хэндам у розных гарадах Беларусі сеткі крамаў «Адзенне з Еўропы» затрыманы праваахоўнымі органамі. Апрача падатковых злачынстваў, некаторых абвінавачваюць ў т.зв. экстрэмізме.

У паведамленні ў тэлеграм-канале Камітэта дзяржкантроля Беларусі аб затрыманні назва кампані  не падаецца. Разам з тым, па інфармацыі “Нашай Нівы”, гэта тычыцца менавіта сеткі “Адзенне з Еўропы”, якая мае 97 крамаў у 12 гарадах, у тым ліку ў Менску, Гомелі, Гародні, Магілёве і буйных райцэнтрах.

Супрацоўнікі камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці заявілі, што службовыя асобы кампаніі арганізавалі схему ўхілення ад падаткаў. Яны стварылі яшчэ 12 кампаній, аформілі на іх новыя гандлёвыя кропкі, і падзялялі паміж імі выручку. Гэта дало магчымасць, па версіі КДК, беспадстаўна карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. У выніку бізнесмены не заплацілі больш за 3,8 млн рублёў падатку на прыбытак і ПДВ.

Затрыманыя 11 чалавек. Пры сілавой падтрымцы АМАП на маёмасць фігурантаў накладзены арышт – гэта 15 аб’ектаў нерухомасці, 8 аўтамабіляў агульным коштам 5,5 млн рублёў. Акрамя таго, былі канфіскаваныя 315 тыс.долараў ЗША, 150 тыс.еўра і 500 грамаў золата ў злітках.

На дадзены момант затрыманыя ўжо вярнулі 1,9 млн рублёў у якасці частковага пакрыцця шкоды, паведамляе КДК. Паводле ведамства, двое падазраваных маюць дачыненне да так званай «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Тым часам гандлёвыя пункты кампаніі працягваюць працу, іх дзейнасць не прыпынялася.

Фота: Сетка “Адзенне з Еўропы”