На пажары ў Круглым загінуў чалавек

На працягу мінулых сутак па Магілёўскай вобласці адбылося абрушэнне дахаў двух дамоў і двух сельскіх будынкаў ад моцнага снегу, а таксама тры пажары, на адным з якіх загінуў чалавек. Трагедыя адбылася ў Круглым – паведамляе афіцыйны сайт МНС. Яшчэ два пажары зафіксаваны ў Быхаўскім і Глускім раёнах.

Выратавальная служба заклікае гаспадароў прыватных будынкаў паклапаціцца пра ачыстку даху ад снега. А mogilev.media нагадвае, што абрушэнне гарышча можа прывесці ў тым ліку да смяротнай небяспекі, як гэта адбылося ў Мікалаеўцы пад Магілёвам, калі ад снега не толькі абрынуўся дах, але парвала трубу і газ пачаў запаўняць дом з людзьмі.

Фота ілюстратыўнае

Пакурыў на балконе – восем чалавек эвакуявалі ў Круглым

Пажар адбыўся ў горадзе Круглым – перадае БелТА са словаў прэс-службы абласнога МНС. З-за ўзгарання ратавальнікам давялося эвакуяваць восем чалавек, жыхароў пяціпавярховіка. Паводле папярэдняй высновы, прычынай пажару стала курэнне на балконе – малады чалавек 25-гадоў узростам, які здымае ў доме двухпакаёвую кватэру, неасцярожна абыйшоўся з агнём.

 

Хваля ўрачыстага адкрыцця гульнявых пляцовак дакацілася да глыбінкі. У Круглым з такой імпрэзы зрабілі «значную падзею»

Урачыстасці з нагоды ўпарадкавання гульнявых пляцовак праводзіліся пераважна ў «спальных раёнах» Магілёва. У абласным цэнтры сёлета з удзелам чыноўнікаў іх пафасна адкрывалі з дзясятак. У глыбінцы ж, калі такія імпрэзы і адбываліся, то сціпла. Яны не асвятляліся гэтак шырока, як у Магілёве.

У райцэнтры Круглае адкрыццё гульнявога асяродка стала «значнай падзеяй». Яе, па словах чыноўнікаў, стваралі ўсёй грамадою гораду. 

Паўдзельнічаць у адкрыцці прыйшлі старшыня мясцовага райсавету Сяргей Храмцоў і намесніца старшыні райвыканкаму Анжэла Лукашэвіч.

Паводле Храмцова будаўніцтва спортпляцоўкі «стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням райвыканкаму, Савету дэпутатаў, жылкамгасу, а таксама жыхароў райцэнтру».

Чыноўнік «выказаў надзею, што гэты дзень дасць старт новым спартовым дасягненням, перамогам і рэкордам», піша круглянская раёнка «Сельскае жыццё».

Паводле выдання, традыцыйную чырвоную стужку на адкрыцці пляцоўкі перарэзалі Сяргей Храмцоў, Анжэла Лукашэвіч, а таксама самыя актыўныя хлопцы з двара, дзе забаўляльню ўпарадкавалі.

фота з рэсурсу krugloe.by

На Магілёўшчыне мядзведзь выйшаў на дарогу

Гэта адбылося ў Круглянскім раёне. 

Відэаролік з жывёлай запісаў аўтамабіліст на ўчастку дарогі паміж вёскамі Шапялевічы і Падар. Цяпер відэа разыходзіцца па сацыяльных сетках.

Як бачна на відэа, малады мядзведзь перасякае дарогу і, заўважыўшы аўтамабіль, хаваецца ў лесе. 

Мядзведзі на Магілёўшчыне не рэдкасць. Самая буйная іх папуляцыя жыве ў межах і навокал Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Мясціна размяшчаецца на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. 

З гэтай лакацыі мясцовыя мядзведзі часта разыходзяцца па лясах Кругляншчыны, Клічаўшчыны, Бялыніччыны.

Усяго на Беларусі пастаянна жыве менш за 100 мядзведзяў. Прычым колькасць папуляцыі мяняецца мала – каля 100 асобін мядзведзяў рэгістравалася ў БССР у 1927 годзе, у 1989-ым годзе – 107 па ўсёй краіне за выключэннем Бярэзінскага запаведніка (у ім – яшчэ каля 20). 

На сённяшні час дадзеныя пра папуляцыю мядзведзяў у Беларусі розняцца. Так, Нацыянальны статыстычны камітэт рэгістраваў у 2019 годзе ўсяго 19 мядзведзяў на ўсю Беларусь, у той час як біёлагі Бярэзінскага запаведніка налічвалі ў гэты ж самы час 84 асобіны на тэрыторыі аднаго толькі запаведніка і ў прылеглых мясцінах.