Па дарозе ў суседнюю вёску ў 66-гадовага вяскоўца машына збіла сабаку. Мужчына зайшоў да знаёмай за рыдлёўкай, каб пахаваць хатнюю жывёлу. На зваротным шляху мужчына вырашыў памянуць гадаванца, набыў віна і зноў зазірнуў да аднавяскоўкі – піша хоцімская раённая газета “Шлях Кастрычніка”.
Пасля ўжывання алкаголя паміж сабутэльнікамі адбылася сварка. У выніку мужчына схапіў бутэльку, разбіў яе аб стол і стаў пагражаць знаёмай забойствам. Жанчына выбегла на вуліцу і пачала гукаць на дапамогу. Суседзі выклікалі міліцыю. Буяна арыштавалі і завялі на яго крымінальную справу.
Фота ілюстрацыйнае
Tag: криминальное дело
У Касцюковіцкім раёне прадавачка нацягала з касы каля пяці тысяч рублёў
Падчас інвентарызацыі выявілі крадзёж грошай з вясковай крамы.
Як паведамляюць ва Упраўленні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, у выніку інвентарызацыі аднаго з раённых гандлёвых аб’ектаў была выяўлена значная нястача.
Падчас праверкі праваахоўнікі высветлілі, што 48-гадовая прадавачка, выконваючы абавязкі загадчыцы крамы, на працягу некалькіх месяцаў прысвойвала тавары і грошы гандлёвага аб’екта.
Прадукты жанчына перапрадавала мясцовым жыхарам, а грошы з касы траціла на сябе. Шкода касцюковіцкаму райпо ацэньваецца на агульную суму каля 4 700 рублёў.
Узбуджана крымінальная справа.
Фота ілюстрацыйнае
За 10 дзён працы закладчыкам – 11 год турмы
21-гадоваму жыхару Магілёва інкрымінавана набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы.
Як паведамляе генеральная пракуратура у кастрычніку 2022 года хлопец звязаўся з адміністратарамі інтэрнэт-крамы, якая займаецца распаўсюджваннем псіхатропных рэчываў. Па ўказанні куратараў, малады чалавек да 26 кастрычніка 2022 года выконваў функцыі «закладчыка»: размяшчаў схованкі з псіхатропнымі рэчывамі на тэрыторыі Магілёва.
За 10 дзён «працы» ён набыў у некалькі этапаў не менш за 24 грам сінтэтычнага наркотыка, больш за два грамы якога размясціў у тайніках.
Цяпер ён асуджаны на тэрмін у 11 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічыняў.
Фота ілюстрацыйнае
У Магілёве юнак абнёс чужы гараж праз дзірку ў даху
Магілёвец залез праз дах у чужы гараж і скраў у пенсіянера рэчы на 1100 рублёў.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Ленінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёва Алена Сіманава, у міліцыю звярнуўся 87-гадовы мужчына, які расказаў, што ў яго з гаража быў выкрадзены паўпрычэп, касілка, а таксама сокавыціскалка і металічная бочка на агульную суму каля 1100 рублёў.
Следчыя высветлілі, што чужую маёмасць краў 20-гадовы хлопец, які нідзе не працуе. Больш за тое, раней ён ужо быў судзімы за крадзяжы.
Праходзячы міма гаражнага масіва, малады чалавек звярнуў увагу на пашкоджаны дах у адным з чужых памяшканняў. Злачынца праз дах забраўся ўнутр гаража, незаўважна вынес адтуль каштоўную маёмасць, якую пасля перапрадаў на метал, а грошы патраціў на асабістыя патрэбы.
У дачыненні да фігуранта злачынства распачата крымінальная справа.
Фота ілюстрацыйнае
Крычаўскі пенсіянер вырашыў уціхамірыць школьнікаў нажом і дубцом
Мужчына вырашыў, што падлеткі дужа перашкаджаюць яму адпачываць.
У лютым 2023 года, тры школьнікі ў адной з вёсак Крычаўскага раёна гулялі на вуліцы, размаўляючы на свае тэмы, што не спадабалася пенсіянеру побач. Два з іх былі яго суседзямі па доме, у якім ён арэндаваў кватэру. Мужчына палічыў, што хлопцы замінаюць ягонаму адпачынку. Доўга не думаючы, ён узяў палімерны прут, які раней выкарыстоўваў для выбівання дываноў, і адправіўся на разборкі. Ён наўмысна нанёс удары гэтым прутом па галаве двум школьнікам.
Пасля здарэння хлопцы ўцяклі ад крыўдзіцеля, правялі свайго таварыша да дома. Толькі вось вяртацца да сябе дадому ім прыйшлося тым жа самым маршрутам. Пенсіянер зноў выйшаў на вуліцу, але на гэты раз у яго руках, апроч палімернага дубца, быў яшчэ і нож. Прыкмеціўшы школьнікаў, ён зноў пачаў ім пагражаць. Падлеткі ўсё ж дабраліся дадому, а пенсіянер быў затрыманы.
Аказалася, што хуліганісты мужчына быў раней судзімы, працяглы час стаяў на ўліку ва ўрача-нарколага з рознымі медыцынскімі дыягназамі. Прычым апошняя судзімасць пенсіянера была якраз за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, за што ён быў асуджаны на 4 гады.
Цяпер яго чакае чарговая крымінальная справа за хуліганства – піша газета “Крычаўскае жыццё”, а гэта ад 3 да 10 год няволі.
Фота ілюстрацыйнае