Рэдкага і самага вялікага на планеце чорнага слізня бачылі пад Магілёвам

Шыза-чорны слізень лічыцца самым вялікім на нашай планеце. Ён сустракаецца вельмі рэдка, а нядаўна яго заўважылі пад Магілёвам.

Чытачы mogilev.media падзяліліся фотаздымкам з выявай незвычайнай жывёлы, якую яны пабачылі ў лесе пад Магілёвам. Яны паказалі, як на грыбе-сыраежцы красуецца вялізны смоўж незвычайнай шыза-чорнай афарбоўкі. Першапачаткова нашы чытачы спалохаліся, што следам за небяспечнымі іспанскімі слізнямі на Магілёўшчыну пачалі пранікаць нейкія новыя інвазіўныя віды малюскаў. 

чорны смоўж

Аднак, як высветлілася, гаворка вядзецца не пра інвазіўны, а пра цалкам натуральны для Беларусі від, шыза-чорнага смаўжа. Гэта вельмі рэдкая знаходка, падобныя жывёлы ўнесеныя ў Чырвоныя кнігі некалькіх краін і рэгіёнаў.

Шыза-чорны слізень (лац.: Limax cinereoniger) лічыцца самым буйным на нашай планеце. Даўжыня яго слізкага цела часам дасягае 30 см, што з’яўляецца рэкорднай лічбай для ўсіх яго суродзічаў. Сустракаецца гэты прадстаўнік атрада лёгачных смаўжоў практычна на ўсёй тэрыторыі Еўропы, выключэнне складаюць толькі самыя паўночныя і халодныя яе часткі.

чорны слізень

Шыза-чорны слізень водзіцца ў наступных рэгіёнах:

  • Германіі; 
  • Вялікабрытаніі і Ірландыі, дзе гэты від унесены ў Чырвоную кнігу;
  • у краінах Балтыі;
  • ва Ўкраіне;
  • Беларусі;
  • Малдавіі;
  • у паўднёвай Карэліі

Таксама ён жыве на ўсёй еўрапейскай частцы Расійскай Федэрацыі, а ў Маскоўскай, Самарскай, Ульянаўскай, Ніжагародскай і Кіраўскай абласцях знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

чорный слизень

Гэта вельмі рэдкі від смаўжоў, які сустракаецца толькі ў адзінкавых экземплярах. Ён аддае перавагу вільготным лясістым мясцовасцям і паркам з добрым травяністым покрывам. Днём хаваецца ў дуплах дрэў, пад карчамі, ламаччам і камянямі, а ўначы выпаўзае з хованкі, каб перакусіць.

Фота з адкрытых крыніц

Мядзведзі запаланілі лясы Магілёўшчыны? Разбіраемся

Памятаеце відэа з Бялыніцкага раёна, калі трактарыст засняў бойку двух медзвядзёў на лясной дарозе? Гэта адбылося каля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна, за 60 кіламетраў ад Магілёва. Але яшчэ зусім нядаўна мядзведзі не жылі на Магілёўшчыне.

Відэа можна пабачыць тут.

Яшчэ зусім нядаўна вучоныя лічылі, што на ўсёй тэрыторыі Беларусі жыве не болей за 80-100 мядзведзяў і не меней за 40. І гэта на тэрыторыю ў 207,6 тысяч квадратных кіламетраў. Меркавалася, што мядзведзь часам нават не мог знайсці сабе мядзведзіцу.

А на тэрыторыю Магілёўскай вобласці ў 2000-х гадах мядзведзі толькі заходзілі – з Бярэзінскага запаведніка і з Браншчыны. 

Але на працягу 2020-2022 гадоў колькасць сустрэч людзей з мядзведзямі па Беларусі павялічалася ў дзясяткі разоў. Такія сустрэчы зафіксаваны і на Магілёўшчыне.

Калі падлічылі, то ахнулі

Так, 13 жніўня 2021 года ў розных СМІ паведамлялася, што  400 кілаграмовы мядзведзь выйшаў у поле, а потым залез на лецішча ў в. Галубаўка Магілёўскага раёна. 

6 ліпеня 2022 года паведамлялася пра фіксаванне драпежніка каля в. Шапялевічы-Падар Круглянскага раёна. 

Аб яшчэ 4-5 сустрэчах у гэтым годзе распавядалі грыбнікі, якія не мелі магчымасці сфатаграфаваць мядзведзя.

Апошняе нападзенне мядзведзя на чалавека зафіксавана вясной 2018 года ў Віцебскім раёне. 

Мядзведзі фіксуюцца фота- і відэакамерамі ва ўсіх абласцях краіны.

Апошнія 20 гадоў колькасць чырвонакніжнх мядзведзяў не падлічвалі. А калі падлічылі ў 2021 годзе, то ахнулі. Іх аказалася не ад 40 да 100, а аж 580.

Вучоныя лічаць, што праз 5-6 гадоў іх колькасць дасягне 1000.

Мядзведзяў мяркуюць выключыць з Чырвонай кнігі

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз распавядае: “Мы прапануем выключэнне з Чырвонай кнігі і дазвол палявання. Не таму, што мы такія тут усе крыважэрныя і жадаем мядзведзяў страляць. Мядзведзь наш, беларускі, з трафейнага пункта гледжання слабенькі, небуйны, для паляўнічых асаблівай цікавасці не ўяўляе. Ён расце кілаграмаў да 130–200. Для параўнання: на ўсходзе Расіі ёсць асобіны па 500-600 кілаграмаў, гэта значыць наш – малютка. Таму мы гаворым пра паляванне толькі з пункту гледжання кіравання рэсурсам”.


Буры мядзведзь жыве пераважна ў старых, глухіх лясах, якія чаргуюцца з балотамі, высечкамі і поймамі рэк.


 

Вялікі арлец, скапа, дэлаверская чайка. Рэдкіх і не бывалых для Беларусі птушак ратуюць у Бярэзінскім запаведніку

Вялікі арлец і скапа занесеныя ў нацыянальную чырвоную кнігу. У запаведніку выяўленыя 9 гнездзішчаў скапы. Птушаняты сямі пар гэтай птушкі акальцаваныя.

Вялікі арлец – драпежная птушка, дужа рэдкая не толькі для Бярэзінскага запаведніка, але і для Еўропы. Яго колькасць мае тэндэнцыю да скарачэння і ён занесены ў чырвоны спіс Міжнароднага саюзу аховы прыроды як уразлівы від з высокай рызыкай знікнення ў дзікай прыродзе. У запаведніку сёлета ўдалося акальцаваць адно птушаня гэтай птушкі.

Паводле супрацоўнікаў прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік», тройчы фіксаваўся пралёт праз яго тэрыторыю дэлаверскай чайкі. Прадстаўнікі гэтага паўночнаамерыканскага віду ў апошнія дзесяцігоддзі рэгулярна залятаюць у Еўропу.

У запаведніку адзначаюць : калі беларуская арніта-фаўністычная камісія адобрыць рэгістрацыю дэлаверскай чайкі, то гэты від папоўніць спіс птушак Беларусі ў цэлым, і Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў прыватнасці.

Бярэзінскі біясферны запаведнік месціцца ў паўночнай частцы Беларусі за 120 кіламетраў ад Мінска. Яго плошча 85,2 тысяч гектараў. Цэнтр запаведніка – у вёсцы Дамжэрыцы Лепельскага раёну. Уваходзіць у сусветную сетку біясферных запаведнікаў ЮНЕСКА.

Створаны для аховы і развядзення рэдкіх відаў жывёл, якія занесены ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Першапачаткова ствараўся для аховы баброў і птушак.

Сваёй біялагічнай разнастайнасцю і ўнікальнасцю прыродных комплексаў запаведнік мае выключную значнасць для ўсёй Еўропы. Тут захаваліся чатыры тыпы экасістэм: густыя лясы, гразкія балоты, хуткаплынныя вадаёмы і чыстыя лугі.

 

Пераважаюць лясы, якія займаюць пад 90 працэнтаў тэрыторыі запаведніка. Асаблівую цікавасць уяўляюць абарыгенныя натуральныя лясныя фармацыі сасновых, чорна альховых і пухната бярозавых балотных лясоў, якія існуюць як разлеглыя балотныя масівы.

Натуральныя балоты запаведніка займаюць 43 000 га, што робіць яго адным з найбуйнейшых балотных масіваў у Еўропе.

Акрамя ракі Бярэзіны, якая цячэ праз запаведнік 110 кіламетраў і мае больш за 50 дробных прытокаў, у ім багата вялікіх і малых азёр.

фота з рэсурсаў: lesnyeozera.com, berezinsky.by 

У Белавежскай пушчы адшуканыя беларускія архідэі. Пабачце, як яны выглядаюць

Нашу «паўночную» архідэю называюць – любкай зелянявацветнай (Platanthera chlorantha).

Гэта шматгадовая травяністая расліна з сямейства Архідных.

Любка аднесеная да IV катэгорыі аховы Чырвонай кнігі Беларусі як патэнцыйна ўразлівы від.

Знешні яе выгляд сціплы, але вытанчаны і высакародны.

У пачатку лета ў любкі з’яўляецца адзіны цветанос, увянчаны друзлым суквеццем з 10-25 зелянява-белых кветак практычна без паху, адзначана на сайце Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.

Лічыцца, што беларуская архідэя добра пераносіць моцнае зацяненне, але ўсё ж найбольшыя яе зараслі выяўленыя ля лясных дарог і прасек, каля «вокнаў» драўнянага полага, то бок, там, дзе ўмовы асвятлення больш спрыяльныя для расліны.

Архідэі адносяцца да найстаражытнага сямейства, якое ўзнікла ў познемелавую эпоху. Узрост найбольш старажытных відаў складае 140 мільёнаў гадоў.

На Магілёўшчыне аднаму з заказнікаў змянілі рэжым аховы і яго статус таксама

У Быхаўскім раёне мясцовы рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Старыца» стаў проста рэспубліканскім заказнікам. Пераўтварэнне статусу тлумачыцца зменамі межаў, рэжымам аховы і выкарыстаннем.

probelarus.by

Заказнік быў заснаваны 27 лютага 1997 году. Яго плошча – 2033 гектары. Ранейшы статус прадугледжваў ахову спецыфічных поймавых ландшафтаў у даліне Дняпра. У ім прадстаўленыя стромкія і пакатыя схілы, фрагменты тэрас, эолавых пагоркаў. На ягонай тэрыторыі знаходзяцца 27 азёр серпападобнай формы і возера Старыца.

Тут растуць чырвона кніжны вадзяны арэх. З птушак варакушка, а з жамяры жужалі ды пераліўніца.


Магілёўскай вобласці бракуе асабліва ахованых прыродных мясцін.


Паводле прыродазнаўцаў у рэгіёне няма ніводнага нацыянальнага парка, ці запаведніка рэспубліканскага ўзроўню.

У 1990-я гады планавалі стварыць Свіслацка-Бярэзінскі нацыянальны парка, але замест яго на тэрыторыі Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў зрабілі заказнік рэспубліканскага значэння.

На Магілёўшчыне толькі 5 заказнікаў і 14 помнікаў рэспубліканскага значэння.

Калі ў краіне ахоўваныя тэрыторыі складаюць 9,1%, з лідарамі Брэсцкай і Гродзенскай абласцямі, то Магілёўская займае апошняе месца з доляй удвая меншай за сярэднерэспубліканскі паказчык.