Магілёўскі мясакамбінат будзе выпускаць тушонку з адборнага мяса, на расійскім абсталяванні

Магілёўскі мясакамбінат адкрыў лінію па вытворчасці мясных кансерваў. Абсталяванне для яе набывалі ў Расійскай Федэрацыі. Заяўляецца, што яно не саступае еўрапейскім аналагам. Кансервы выпускаюцца з адборнага мяса ў выглядзе кавалачкаў і спецый, тэрмін прыдатнасці такой кансервы – 3,5 гады.  

Першыя кансервы вырабляюцца са свініны і ялавічыны. Далей мясакамбінат плануе пашыраць асартымент. У планах – кансервы з мяса прамысловых жывёл, мяса-раслінныя кансервы з выкарыстаннем разнастайных круп. На прадпрыемстве мяркуюць, што попыт на такую прадукцыю ёсць, бо ў яе вялікі тэрмін захоўвання, шырокі дыяпазон тэмператур пры захоўванні.

Фота: mogilev.media, mogilevnews.by

У Мікалаеве больш не будуць бясплатна выдаваць хлеб і кансервы

У Мікалаеве з 1 сакавіка 2023 года прыпыняюць бесплатную  раздачу хлеба і кансерваў па Сусветнай харчовай праграме ад ААН – паведамляюць novosti-n.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Пункты выдачы харчовых набораў працавалі з 16 красавіка 2022 года, на працягу гэтага часу людзі атрымалі больш за 3 мільёны боханаў хлеба і амаль 2 мільёны слоікаў кансерваў.

“Колькасць пунктаў выдачы па горадзе на піку работы праграмы перавышала 50. Гэта былі і тэрытарыяльныя цэнтры аказання дапамогі, і навучальныя ўстановы і культуры (школы, дзіцячыя садкі, бібліятэкі, дамы культуры), і прадпрыемствы.” – гаворыцца ў паведамленні. 

Прыпыненне праграмы ў Мікалаеве растлумачылі зменай прыярытэтаў. Верагодна, гэта звязана з пераходам горада на мірныя рэйкі, аднаўленнем працы прадпрыемстваў, гандлёвых сетак і кропак, ростам дабрабыту гараджан, колькасць якіх павялічвацца за кошт вяртання да сваіх дамоў – мікалаеўцаў у горадзе ўжо больш за 400 000 чалавек.  

Па стане на сакавік 2023 года праграма працягне сваю працу толькі ў 14 прыфрантавых абшчынах Мікалаеўшчыны і на ўсёй дэакупаванай частцы Херсоншчыны.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».