Бабруйскія электрасеткі: уласнай камісіяй па ўласным беспарадку

Проста выконваць патрабаванні экалагічнага заканадаўства ў Бабруйскіх электрасетках не могуць і для гэтага стварылі камісію.

У філіяле “Бабруйскія электрычныя сеткі” прайшла ўнутраная праверка таго, як прадпрыемства выконвае экалагічныя нормы пры захоўванні вытворчых адходаў. Для гэтага на прадпрыемстве вырашылі пайсці правераным бюракратычным шляхам – стварыць спецыяльную камісію і, вядома ж, апісаць яе “працу” на афіцыйным сайце праўладных прафсаюзаў. Мабыць, проста трымаць тэрыторыю ў парадку і выконваць патрабаванні заканадаўства без асобнага органа кантролю аказалася занадта складанай задачай.

Камісія атрымалася прадстаўнічая: намеснік галоўнага інжынера Дзмітрый Мурашка, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Васіль Хмялёў, старшыня прафсаюзнага камітэта Наталля Ермалайчык і шэраг тэхнічных спецыялістаў, піша “Беларусі час”.

Правяраючыя аб’ехалі службы Бабруйскага гарадскога і сельскага раёнаў электрычных сетак, зазірнулі ў службу механізацыі і транспарту, цэх па рамонце абсталявання і гаспадарчую службу. І даволі хутка высветлілі відавочнае: на некаторых участках пляцоўкі для часовага захоўвання адыходаў утрымліваюцца з парушэннямі і патрабуюць навядзення парадку.

Інакш кажучы, камісія ўстанавіла тое, што звычайна становіцца прыкметна і без камісій – дастаткова проста паглядзець на тэрыторыю.

Па выніках рэйду адказным супрацоўнікам выдалі прадпісанні прывесці пляцоўкі ў парадак і забяспечыць захоўванне адходаў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства і ўнутранымі стандартамі прадпрыемства. Выкананне даручэнняў, зразумела, узята на кантроль.

Асаблівы каларыт усёй гісторыі надае каментар старшыні прафсаюзнага камітэта Наталлі Ермалайчык, якая падкрэсліла, што пытанні экалагічнай бяспекі «не фармальнасць» і важна, каб патрабаванні выконваліся «не на паперы, а па факце».

Праўда, застаецца адкрытым пытанне: калі патрабаванні сапраўды не павінны заставацца на паперы, то навошта для іх выканання спатрэбілася цэлая камісія. Бо для таго, каб кантэйнеры былі падпісаныя, адыходы ляжалі ў прызначаных месцах, а пляцоўкі былі чыстымі, звычайна дастаткова куды больш простага інструмента – звычайнага парадку.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by