Яўрэйскае агенцтва, якое займаецца пытаннямі рэпатрыяцыі, спрабуе абараніць сваю дзейнасць у Расіі

Улады Расіі запатрабавалі ад Яўрэйскага агенцтва для Ізраілю «Сохнут» спыніць дзейнасць на тэрыторыі краіны. Пагрозы прагучалі на фоне напружання адносінаў між Расіяй і Ізраілем, выкліканага вайной ва Ўкраіне.

Паводле выдання The Jerusalem Post у агенцтве прызнаюць, што ліст з такімі патрабаваннямі атрымалі на пачатку тыдня. І цяпер працуюць над адказам, узгадняючы яго з уладамі Ізраілю.


Яўрэйскае агенцтва для Ізраілю – міжнародная арганізацыя, асноўнай задачай якой з’яўляецца дапамога ў рэпатрыяцыі яўрэяў з усяго свету ў Ізраіль. Таксама яно займаецца пытаннямі, звязанымі з глабальнай яўрэйскай супольнасцю.


«Мы павінны захаваць маштаб іх дзейнасці, як гэта было цягам апошніх многіх гадоў. Я звярнулася да прэм’ер-міністра з заклікам працаваць з адміністрацыяй Масквы над рашэннем праблемы», – каментуе сітуацыю міністр у пытаннях рэпатрыяцыі і інтэграцыі Пніна Тамена-Шэтэ.

The Jerusalem Post піша, што члены яўрэйскай абшчыны ў Расіі апасаюцца сваё жыццё.

Калі працу Сохнута забароняць у Расіі, гэта будзе першы выпадак за апошнія 30 гадоў, калі ў краіне забаронена дзейнасць па рэпатрыяцыі.

фота: pravda.com

Пасол Ізраілю падзякаваў магілёўскім музеям за сабраныя звесткі аб Халакосце

Пасол Ізраілю ў Беларусі Алекс Гольдман-Шайман выказаў удзячнасць удзельнікам праекту «Памятаць нельга забыць» за руплівасць у збіранні гісторый яўрэяў. Па ягоных словах такая праца важная як для Беларусі, так і для Ізраілю. Ён адзначыў унёсак выхадцаў з Магілёўшчыны ў станаўленні дзяржавы Ізраіль.

Дыпламат у музеі этнаграфіі прысутнічаў на падвядзенні вынікаў праекту «Памятаць нельга забыць».

Летась па ініцыятыве магілёўскіх актывістаў Іды Шэндэровіч і Аляксандра Ліціна магілёўскія даследчыкі яўрэйскай спадчыны разам з работнікамі музеяў Быхава, Клімавічаў і Касцюковічаў збіралі вусныя ўспаміны сведак Халакосту на Магілёўшчыне, сямейныя гісторыі жыцця яўрэйскай грамады. Адначасова расшыфроўваліся надпісы на надмагіллях яўрэяў, што на габрэйскіх могілках абласнога цэнтру.

У выніку рэалізацыі праекту свет пабачыў буклет пра яўрэяў Быхава і кнігі з гісторыямі яўрэйскай грамады Клімавічаў і Касцюковічаў. Створаны лічбавыя каталогі могілак.

Іда Шэндэровіч падкрэсліла значнасць такой працы для сучаснікаў. Выхадцы з Магілёва, якія пражываюць  за мяжой, дзякуючы каталогам адшукалі магілы сваіх продкаў.

Аляксандр Ліцін падкрэсліў, што ўкладальнікі кніг здолелі сабраць каштоўныя матэрыялы аб гісторыі магілёўскіх яўрэяў з дапамогай простых інфармацыйных аб’яў у інтэрнэце, на якія адгукнуліся людзі.