Найстаражытныя ў гісторыі сляды выкарыстання наркотыкаў выяўлены ў Ізраілі

Даследаванне, якое правялі ізраільскае Упраўленне старажытнасцей, Тэль-Авіўскі універсітэт і Інстытут Вейцмана, выявіла найстаражытны ў чалавечай гісторыі прыклад выкарыстання галюцынагенных наркотыкаў, у тым ліку опіума. 

Сляды наркатычнага рэчыва былі знойдзены ў керамічным посудзе, які адкапалі у Тэль-Йехудзе. Раскопкі праводзіліся яшчэ ў 2017 годзе перад будаўніцтвам новага жылога раёна і выявілі ханаанскія пахаванні перыяду позняй бронзы. Іх кераміка датуецца XIV стагоддзем да нашэй эры. 

Найноўшая тэхналогія дазволіла выявіць сляды наркотыку ў васьмі керамічных сасудах. Частка керамікі выраблена на месцы, іншыя сасуды – на Кіпры. 

“У Тэль-Егудзе знойдзены сотні магіл, датаваных XVIII-XIII стагоддзямі да н.э. У пахаванне клалі керамічныя посуд з ежай, неабходнай памерламу ў замагільным свеце. Прыносіліся ахвяры, а памінальная трапеза ладзілася прама на магіле – лічылася, што ў ёй удзельнічае і памерлы” – кажа доктар Рон Беэры.

Знаходка пацвярджае гіпотэзу, што опіум адыгрываў важную ролю ў гандлёвым абароце Заходняй Азіі. Гіпотэза ўзнікла яшчэ ў XIX стагоддзі, калі археолагам пачаў трапляцца посуд, які нагадвае зачыненую скрыначку маку. Была выказана здагадка, што гэта культавае начынне для захоўвання опіума.

Навукоўцы адзначаюць, што выкліканне духу памерлага было магічнай цырымоніяй, у якой маглі ўдзельнічаць і жрацы. Опіум відаць дапамагаў удзельнікам увайсці ў стан экстазу або дапамагаў духу памерлага дасягнуць замагільнага свету і сустрэцца з продкамі. На вялікі жаль, пісьмовых крыніц, якія расказваюць аб ролі наркотыку ў пахаванні, пакуль не знойдзена.

Доктар Лінарэс падкрэслівае: у перыяд позняй бронзы опіум быў адзіным наркотыкам, які выкарыстоўваўся ў Леванце. Яна нагадвае, што ў 2020 годзе падчас раскопак у Тэль-Арадзе на храмавым алтары былі выяўлены сляды марыхуаны. Аднак гэтая знаходка датавалася ўжо пазнейшым, жалезным векам.

 

Птушыны грып лютуе ў Еўропе. Спецыялісты папярэджваюць, што жыхары могуць застацца без птушынага мяса ўжо да зімы, а ў Беларусі цішыня

Так, у Велікабрытаніі выявілі найбуйнейшую ў гісторыі краіны ўспышку птушынага грыпу. Мільёны птушак знішчаны. Пад пагрозай пастаўкі мяса ў крамы. 

Усё пачалося з краін Бліжнягя Усходу і Паўночнай Афрыкі. Так, у Ізраілі знаходзяцца два невялікіх возера, на якіх двойчы за год – вясной і восенню робяць прыпынак больш за мільярд птушак па шляху міграцыі з Еўропы і Азіі ў Афрыку. Увесну з-за птушынага грыпу там загінулі тысячы птушак. Нацыянальныя паркі  для дэзінфекцыі зачынілі на паўгода.

Цяпер пошасць дабралася да еўрапейскіх краін. Хвароба птушак зафіксавана ў многіх краінах. У Велікабрытаніі выявілі найбуйнейшую ўспышку птушынага грыпу ў гісторыі, перадае Daily Mail. З-за захворвання на пачатак кастрычніка, ужо знішчылі больш за тры мільёны птушак. На паўднёвым захадзе Англіі ўвялі зоны перадухілення птушынага грыпу. Усяго птушыны грып знайшлі ў 155 мясцовасцях па ўсёй Вялікабрытаніі.

Сур’ёзна пацярпелі не толькі папуляцыі дзікіх птушак, пад пагрозай і свойская птушка. Нацыянальны саюз фермераў заявіў, што пастаўкі калядных індычак могуць апынуцца пад пагрозай, калі ўспышка птушынага грыпу працягне распаўсюджвацца.

Цяпер па законе ўладальнікі павінны выконваць строгія меры біялагічнай бяспекі – уладальнікі больш як 500 птушак цяпер абавязаны абмежаваць доступ на ўчастак для людзей, якія не маюць дачынення да вытворчасці. Пры гэтым дзяржава выплачвае фермерам кампенсацыі толькі за выбракоўванне здаровых птушак, але не за тых, якія загінулі ад хваробы, і не за наступныя страты.

Прафілактычныя мерапрыемствы  з-за птушынага грыпу ўзмацнілі ў рэгіёнах Расіі. Пра меры надзвычайнага кантролю на беларускіх птушкафермах пакуль нічога не паведамлялася. 

Яўрэйскае агенцтва, якое займаецца пытаннямі рэпатрыяцыі, спрабуе абараніць сваю дзейнасць у Расіі

Улады Расіі запатрабавалі ад Яўрэйскага агенцтва для Ізраілю «Сохнут» спыніць дзейнасць на тэрыторыі краіны. Пагрозы прагучалі на фоне напружання адносінаў між Расіяй і Ізраілем, выкліканага вайной ва Ўкраіне.

Паводле выдання The Jerusalem Post у агенцтве прызнаюць, што ліст з такімі патрабаваннямі атрымалі на пачатку тыдня. І цяпер працуюць над адказам, узгадняючы яго з уладамі Ізраілю.


Яўрэйскае агенцтва для Ізраілю – міжнародная арганізацыя, асноўнай задачай якой з’яўляецца дапамога ў рэпатрыяцыі яўрэяў з усяго свету ў Ізраіль. Таксама яно займаецца пытаннямі, звязанымі з глабальнай яўрэйскай супольнасцю.


«Мы павінны захаваць маштаб іх дзейнасці, як гэта было цягам апошніх многіх гадоў. Я звярнулася да прэм’ер-міністра з заклікам працаваць з адміністрацыяй Масквы над рашэннем праблемы», – каментуе сітуацыю міністр у пытаннях рэпатрыяцыі і інтэграцыі Пніна Тамена-Шэтэ.

The Jerusalem Post піша, што члены яўрэйскай абшчыны ў Расіі апасаюцца сваё жыццё.

Калі працу Сохнута забароняць у Расіі, гэта будзе першы выпадак за апошнія 30 гадоў, калі ў краіне забаронена дзейнасць па рэпатрыяцыі.

фота: pravda.com

Пасол Ізраілю падзякаваў магілёўскім музеям за сабраныя звесткі аб Халакосце

Пасол Ізраілю ў Беларусі Алекс Гольдман-Шайман выказаў удзячнасць удзельнікам праекту «Памятаць нельга забыць» за руплівасць у збіранні гісторый яўрэяў. Па ягоных словах такая праца важная як для Беларусі, так і для Ізраілю. Ён адзначыў унёсак выхадцаў з Магілёўшчыны ў станаўленні дзяржавы Ізраіль.

Дыпламат у музеі этнаграфіі прысутнічаў на падвядзенні вынікаў праекту «Памятаць нельга забыць».

Летась па ініцыятыве магілёўскіх актывістаў Іды Шэндэровіч і Аляксандра Ліціна магілёўскія даследчыкі яўрэйскай спадчыны разам з работнікамі музеяў Быхава, Клімавічаў і Касцюковічаў збіралі вусныя ўспаміны сведак Халакосту на Магілёўшчыне, сямейныя гісторыі жыцця яўрэйскай грамады. Адначасова расшыфроўваліся надпісы на надмагіллях яўрэяў, што на габрэйскіх могілках абласнога цэнтру.

У выніку рэалізацыі праекту свет пабачыў буклет пра яўрэяў Быхава і кнігі з гісторыямі яўрэйскай грамады Клімавічаў і Касцюковічаў. Створаны лічбавыя каталогі могілак.

Іда Шэндэровіч падкрэсліла значнасць такой працы для сучаснікаў. Выхадцы з Магілёва, якія пражываюць  за мяжой, дзякуючы каталогам адшукалі магілы сваіх продкаў.

Аляксандр Ліцін падкрэсліў, што ўкладальнікі кніг здолелі сабраць каштоўныя матэрыялы аб гісторыі магілёўскіх яўрэяў з дапамогай простых інфармацыйных аб’яў у інтэрнэце, на якія адгукнуліся людзі.