Магіляўчанкі скардзяцца на хамства вадзіцеляў маршрутак

Некалькі магіляўчанак распавялі ў Тhreads свае гісторыі паездак на гарадскіх маршрутках, якія пакінулі на іх вельмі непрыемнае ўражанне.

Аплата са скандалам

Карыстальніца Вольга Дзмітрачкова з нікам lelya_lelya92 паведаміла 11 чэрвеня 2026 года, што ехала на маршрутцы №43. Паводле жанчыны, наяўныя грошы яна з сабой не носіць і заўсёды расплачваецца за праезд праз сервіс “Аплаці”. 

“Я зайшла ў пустую маршрутку, кіроўца павярнуўся ў той момант, калі я сканавала QR-код, і быў чутны гук, што я аплаціла. Мы паехалі! Я надзела навушнікі. Прыпынкі праз два бачу, што кіроўца галаву паварочвае ў мой бок і ўсе пасажыры на мяне глядзяць. Я зняла навушнікі і чую, зварот да мяне грубым тонам”, – апісвае сваю паездку пасажырка, далей выклаўшы дыялог, які, паводле яе, адбыўся паміж ёй і вадзіцелем.

“- Эй, ты зайшла сюды як?

– Нагамі.

– Я пытаюся, ты аплаціла?

– Аплаціла праз “Аплаці».

– Ты абавязаная падысці і паказаць мне аплату.

– Па-першае, я вам нічым не абавязаная. Па-другое, дзе якія правілы напісаны, што я павінна да вас падыходзіць? Напісана, што я павінна прад’явіць аплату кантралёру, калі ён запатрабуе. Па-трэцяе, на брудершафт я з вамі не піла, вы не маеце права мне тыкаць!

– Калі нешта не задавальняе вымятайся адсюль, дзверы адкрыю (дыялог на хаду адбываецца).

– Я аплаціла і нікуды выходзіць не збіраюся. І вы не будзеце са мной так размаўляць! Калі папросіце паказаць білет, я падыйду да вас, калі вы спыніцеся на прыпынку.

– Зараз паказвай!

– Значыць, вам трэба – вы падыходзіце, глядзіце, я пакажу!

Апранаю навушнікі і еду да свайго прыпынку. Што гэта за хрэнь дзеецца з маршрутчыкамі????”

Маршрутнае адхіленне

Аб сваіх уражаннях аб паездцы на маршрутцы ў Казіміраўку падзялілася магіляўчанка Таня з нікам laminatinka. 

“Усе мы ведаем пра змененыя маршруты – гэта боль, але я афігела ў суботу. Кіроўца 36 проста самавольна вырашыў памяняць маршрут: замест павароту на Лазарэнка з Арджанікідзэ мы паехалі ў цэнтр па Піянерскай і праз ЦУМ назад. Падслухала яго размову па тэлефоне і аказваецца гэта ў іх норм практыка цяпер: не ўключаць GPS і ездзіць так, каб людзей падбіраць у 37, 43 маршрутаў. І, натуральна, білет мне ніхто не даў”, – сцвярджае жанчына.

“Сіндром вахцёра”

Пра тое, як вадзіцель выгнаў яе з маршруткі, бо ў яго не было рэшты з буйной купюры, распавяла Аня з нікам avdeevaanna. Яна назвала паводзіны вадзіцеля “сіндромам вахцёра”.

“Мяне неяк выгналі, таму што ў яго не было здачы з 50 або 100 рублёў. Стаіць такі: “Дзяўчына, выходзім”. І крычыць. А я разгубілася і запала ў ступар, у мяне заўсёды так у стрэсе. Ну і выйшла. А трэба было слаць на…, фатаграфаваць яго і нумар маршруткі і скаргу пісаць. Але, як гаворыцца, добрая мысля прыходзіць апасля”, – рассказала Аня.

Фота: mogilev.media