Дзень у гісторыі: 31 жніўня. Улады закрылі беларускамоўнае «Радыё 101,2». Пачаўся працэс аб’яднання Германіі. Нарадзіўся паўстанец Людвік Нарбут. «Вечны мір» з Масковіяй. Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім

1432 год. Грамадзянская вайна у Вялікім Княстве Літоўскім.

Двое ўплывовых дзеячаў Літвы Жыгімонт Кейстутавіч і Сямён Гальшанскі спрабавалі забіць лідэра краю Свідрыгайлу, якому пашчасціла збегчы ў Полацк.

Свідрыгайла, хоць і быў каталіком, але падтрымліваў праваслаўных вернікаў краіны. У яго былі складаныя адносіны з польскім каралём Ягайлам, якія прывялі да разрыву Літвы з Польшчай.

Па ўцёках Свідрыгайлы, уладу ў Літве захапіў Жыгімонт.

Грамадзянская вайна трывала пяць гадоў. У выніку адзінаўладным Князем стаў Жыгімонт.

Супраць яго таксама ўчынілі змову, за якой стаялі прыхільнікі Свідрыгайлы. Жыгімонта забілі ў Троцкім замку.

1449 год. Паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім падпісаны «дагавор пра вечны мір».

За Вялікім Княствам Літоўскім Масква прызнавала Смаленск і шэраг гарадоў на тэрыторыі цяперашняй Расіі, а таксама землі Украіны. Масковія ж завалодала Ноўгарадам, Ржэвам ды Псковам.

Аддаўшы гэтыя гарады Літва страціла на ўсходніх землях уплыў і саюзнікаў.

1832 год. Нарадзіўся Людвік Нарбут.

Вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

У 1850 годзе арыштаваны за спробу стварыць «общество патриотов с целью произвести восстание», а ў 1851 сасланы ў салдаты на Каўказ.

Адным з першых стварыў атрад з паўстанцаў у Беларусі, з якімі з лютага па красавік 1863 году змагаўся супраць расійскіх войск. Быў ваенным начальнікам Лідскага павета, палкоўнікам.

Загінуў у баі пад Дубічамі.

1885 год. Нарадзіўся Генадзь Багдановіч.

Грамадскі дзеяч.

Выдавец віленскай газеты «Незалежная думка», выкладаў у віленскай гімназіі, віцебскіх педагагічным тэхнікуме і ветэрынарным інстытуце.

15 ліпеня 1930 году арыштаваны савецкімі органамі па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». У 1931-ым сасланы ў Кіраўскую вобласць Расіі. 

Паўторна арыштаваны 25 ліпеня 1937 году. Загінуў у зняволенні. Абставіны смерці невядомыя.

Рэабілітаваны 15 лістапада 1957.

1922 год. Нарадзіўся Ўладзімір Шыцік.

Журналіст, пісьменнік.

Працаваў на шклоўскай папяровай фабрыцы «Спартак», у шэрагу газет.

Аўтар фантастычных твораў і дэтэктываў.

1990 год. Пачаўся працэс аб’яднання Германіі.

У Берліне падпісаны Дагавор аб устанаўленні германскага адзінства паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай.

Афіцыйнае абʼяднанне ФРГ і ГДР адбылося 3 кастрычніка 1990 года.

ГДР спыніла сваё існаванне як дзяржава, а Заходні Берлін перастаў быць самастойнай палітычнай адзінкай з асаблівым міжнародным статусам.

1996 год. Спыненае вяшчанне незалежнай беларускамоўнай радыёстанцыі «Радыё 101,2».

Была спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», якую зачынілі ў 1994 годзе незадоўга да першых прэзідэнцкіх выбараў. За тым рашэннем стаяў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч.

Фармальнай прычынай для закрыцця Радыё 101,2 стала тое, што, нібы, перадатчык радыёстанцыі стварае перашкоды міліцэйскім каналам «Алтай».

Частата 101,2 FM была перададзеная пазней для вяшчання іншым радыёстанцыям. З 2003 года на частаце 101,2 МГц працуе радыёстанцыя «Пілот ФМ», якая належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

На «Радыё 101,2» аўтарскія перадачы і эфіры вяліся па-беларуску, была ўведзеная прынцыповая адмова ад рускамоўных песень.

Улетку 1996 года радыёстанцыя выйшла на самаакупнасць.

“Радыё 101,2” – першай распачало практыку выступленняў музычных гуртоў у жывым эфіры.

Па  закрыцці  радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Навіны пабрацімаў. У Клайпедзе асаблівы круізны сезон, але частка суднаў праз вайну ва Ўкраіне абмінае парты краін Балтыі

У красавіку ў Клайпедскім порце прагназавалі, што сёлетні сезон можа стаць рэкордным, але ў выпадку, калі геапалітычная сітуацыя не прынясе сюрпрызаў. На пачатку ліпеня планы былі адкарэктаваныя: з-за вайны ва Украіне частка караблёў з турыстамі змянілі маршруты, абыходзячы парты краін Балтыі, і направіліся ў Скандынавію.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


З пачатку круізнага сезону Клайпеду наведалі 39 судоў. Да кастрычніка чакаюць яшчэ 20.

У кіраўніцтве порту разлічваюць, што сёлета партовы горад наведвае больш судоў, якія прыходзяць сюды ўпершыню, таму гэты сезон называюць асаблівым, паведамляе выданне Delfi.

«Клайпеда звычайна прымае 5-6 новых круізных лайнераў кожны год, але сёлета праз вароты порта прайшло ўжо 9 судоў, якія заходзілі сюды ўпершыню», адзначае прадстаўнік порту Крысціна Ганцьер.

У маі Клайпедскі цэнтр турызму і культуры заяўляў, што мясцовы порт чакае 80 круізных суднаў. Летась жа праз пандэмію каранавірусу іх было два.

Першым літоўскі порт наведала судна з Нямеччыны, пісаў Магілёў.media. На борце круізнага лайнера было 300 нямецкіх турыстаў. Яны агледзелі стары горад Клайпеды, а таксама суседнія Палангу і Нерынгу.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


фота: dcdn.lt

У Кітай павязуць беларускія фартэпіяна, спадзяюцца прадаваць іх у Расіі. Еўрапейскі рынак не згадваецца

Раней «Фабрыка фартэпіяна» камплектуючыя для музычных інструментаў купляла ў Германіі. Цяпер вязе з Кітаю і спрабуе прадаваць туды сваю прадукцыю.

Змену пастаўшчыка намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрашэнка тлумачыць санкцыйнымі абмежаваннямі.

«Прадпрыемства заключыла кантракт з Кітаем на пробную пастаўку ста інструментаў», – кажа ўрадовец.

На ягоны погляд вялікі патэнцыял для экспарту ўяўляе расійскі рынак. Летась у Расію было пастаўлена блізу 16 штук, у гэтым паўгоддзі кантракты падпісаны на 14, піша  Белта.

Паводле чыноўніка беларускія фартэпіяна каціруюцца як якасныя інструменты ручной работы. За час эксплуатацыі новых інструментаў, пастаўленых ва ўстановы культуры і адукацыі Беларусі, ніводнага наракання не было.

У далейшым плануецца задзейнічаць усе меры фінансавай падтрымкі беларускіх экспарцёраў для пастаўкі на рынкі, дзе гэтыя тавары запатрабаваны, абяцае Петрашэнка.

«Фабрыка фартэпіяна» пачала выпускаць айчынныя інструменты ў Мінску ў 2018 годзе. Яна прыйшла на змену знакамітай барысаўскай фабрыцы, якая раней была зачыненая.

Каляровыя здымкі Магілёва часоў Другой Сусветнай вайны – калекцыянер Алег Лісоўскі змагаецца, каб іх выкупіць

Унікальная калекцыя фотаздымкаў знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Заходняй Еўропе. Іх аўтар – нямецкі фатограф Вернер Марціні, які знаходзіўся ў Магілёве прынамсі ўвесну 1942 года і служыў пры аўтамабільным парку вермахта. Пра гэта сведчыць здымак Дубравенкі адразу пасля патопу 10 красавіка 1942 года, што ўваходзіць у калекцыю.

У сваім каментарыі Магілёў.media Алег Лісоўскі распавёў, што гэта ўжо другое паяўленне інтрыгоўнай калекцыі ў продажы. Некалькі гадоў таму ўласнік фотаплёнак ужо выстаўляў негатывы на продаж, але нечакана зняў свой лот з аўкцыёна. Захаваўся толькі калаж з тымі фотаздымкамі, зроблены з прэўю-выяваў лота.

Цяпер жа магілёўскі калекцыянер, які пастаянна жыве ў Германіі, Алег Лісоўскі, здолеў знайсці сучаснага ўласніка калекцыі і вядзе з ім перамовы аб набыцці магілёўскіх фотаздымкаў з падборкі. Па словах Алега, гэта могуць быць дзясяткі здымкаў з унікальнымі выявамі і ўнікальнай якасці. Агульны кошт калекцыі можа сягаць некалькіх тысяч еўра. З ініцыятывай дапамагчы Лісоўскаму сабраць сродкі на выкуп негатываў у сваім фэйсбуку выступіў былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва, гісторык Аляксей Бацюкоў.

Каробка з негатывамі, за якую змагаецца Алег Лісоўскі

Алег Лісоўскі на працягу дзясятка гадоў рупліва збірае і выкупляе на еўрапейскіх аўкцыёнах фотаздымкі з выявамі Магілёва. Гэтыя выявы ён размяшчае ў вольным доступе ў сваіх альбомах на сервісах Google. Плёнам яго працы сталі тры выставы фотаздымкаў “Невядомы Магілёў”, што праходзілі ў Выставачнай зале абласнога цэнтра.