Гогаль, Вій, Трамп і геапалітычная аналітыка з Краснаполля

Галоўны рэдактар краснапольскай раёнкі “Чырвоны сцяг” Наталля Козік паспрабавала разабрацца ў геапалітыцы з пазіцый гогалеўскага “Вія”. Спроба выклікала ўсмешку.

Навіны ад Гогаля

Артыкул Наталлі Козік пад назвай “Вайна і мір: урокі гісторыі ад Гогаля ў кантэксце сучасных канфліктаў”, які з’явіўся ў тэлеграм-канале “Новости Краснополья”, афіліяваным з раённай газетай “Чырвоны сцяг”, стаў спробай растлумачыць складаную міжнародную сітуацыю з дапамогай літаратурных вобразаў XIX стагоддзя. У выніку замест аналізу мы атрымалі дзіўную сумесь містыкі, наіўных палітычных ілюзій і амаль канспіралагічнага погляду на падзеі.

Козік сцвярджае, што “ў нашай шматвяковай гісторыі і культуры ёсць адказы на ўсе пытанні”. У якасці аргументу прыводзіцца аповесць “Вій”. Гэта тое самае, як разважаць аб міжнароднай палітыцы, абапіраючыся на “Калабка” або “Гары Потэра”. 

З мастацкага пункту гледжання вобраз Вія – выразны. Але наўрацці ён падыходзіць у якасці інструмента аналізу ваенных канфліктаў або міжнародных дамоваў. Вобраз “жалезнага пальца” Трампа, па аналогіі з Віем – гэта не метафара, а проста літаратурная карыкатура без фактычнага зместу.

Спроба падмены рэчаіснасці

Наталля Козік справядліва закідае Трампу яго невыкананае абяцанне скончыць вайну Расіі супраць Украіны за 24 гадзіны. Але гэта хіба адно, з чым можна пагадзіцца ў артыкуле. Усё астатняе – камічныя праявы неразумення ці наўмыснае прыхоўванне прычын вайны, а менавіта расійскага імперыялізму, які ніякім чынам не асуджае Козік. Больш таго, сваім артыкулам яна называе вайну супраць суверэннай дзяржавы – славянскай “драчкай” ва Украіне. Тым самым ніяк не асуджаюччы агрэсара і не спачуваючы ахвяры.

Больш за тое, аўтар наўмысна скажае рэальнасць, перакладваючы віну за ўварванне расійскіх войск ва Украіну на ЗША. Аўтар піша: “Амерыка спарадзіла гэта пекла”. І пры гэтым Козік спадзяецца, што Трамп, прадстаўнік той самай Амерыкі, пекла і пагасіць. 

Гэта значыць “яны дрэнныя, але калі прыйдзе іншы дрэнны, але харызматычны, то ўсё стане добра». Гэта называецца верай у казку, а не палітычны аналіз. Козік быццам бы папракае ЗША за ўмяшанне, але адначасова чакае ад іх ўмяшання ў «правільнай» форме.

Казка не стала быллю

Параўнанне палітыкаў з міфічнымі пачварамі – зручны спосаб пазбегнуць неабходнасці разбірацца ў фактах. Аўтару не трэба аналізаваць, як працуюць перамовы, якія інтарэсы ў бакоў канфлікту, які ўплыў, напрыклад, аказваюць санкцыі. Дастаткова проста сказаць: “Быў Байдэн – стала дрэнна. Прыйшоў Трамп – стаў Вій. Гогаль ведаў”. Гэта не аналітыка, а фальклорны стэндап.

Калі звесці артыкул да сутнасці, то пасыл просты: «Мне балюча глядзець на вайну, я не разумею, як уладкаваная сусветная палітыка, таму я перакладу ўсё на Гогаля і буду спадзявацца на цуд». 

Галоўны рэдактар краснапольскай раёнкі выкарыстоўвае культурныя коды, каб схавацца ад рэальнасці. Таму, замест таго, каб «уключаць мазгі і аналізаваць», як яна сама раіць – краснапольская прапагандыстка робіць цалкам супрацьлеглае. Рамантыка літаратурных вобразаў тут не дапамагае – яна толькі перашкаджае ўбачыць, што насамрэч адбываеццца ў міжнароднай палітыцы.

Фота: “Чырвоны сцяг”

Еўропа зачыняе дзверы — Масква адкрывае клетку

Еўрапейскі Саюз падышоў да чарговай хвалі санкцыяў з педантычнасцю бухгалтара, што штогод складае той самы баланс, не заўважаючы, што яго офіс ужо год як бамбардуецца. Але калі справа тычыцца Беларусі, то гэта не пра простую фінансавую аналітыку. Гаворка — пра стратэгію на выжыванне. І тут механічнае ўзмацненне санкцыяў не ратуе, а пагаршае.

Я памятаю, як у 2022-м, калі спадарожнікавыя здымкі ўпершыню зафіксавалі калоны расійскай тэхнікі, што цягнулася да мяжы з Украінай праз беларускую тэрыторыю, мой сябра з Літвы напісаў: «Цяпер вы — частка іх». І хоць я ведаю, што ён не хацеў мяне пакрыўдзіць, у гэтым было тое, што адчуваеш кожны раз, калі глядзіш, як Захад закрывае дзверы для беларускай грамадзянскай прысутнасці, не адрозніваючы беларусаў ад рэжыму. Падаецца, што разумець складана: мы не «частка іх», мы — закладнікі.

Беларусь, з усімі яе 207 тысячамі квадратных кіламетраў і дзевяццю мільёнамі насельніцтва, паступова запячатваецца ў бляшанку расійскага геапалітычнага кансервавання. Еўропейскія санкцыі накладаюцца пакет за пакетам — і вось ужо 18-ы, дзе забараняюцца ўсе аперацыі з беларускімі банкамі, транзіт тавараў і нават імпарт узбраення з Беларусі. Паводле папераў — рашуча і мэтанакіравана. Паводле рэальнасці — халодны душ для тых, хто ўсё яшчэ спрабуе захаваць сувязі з цывілізаваным светам.

Праблема не ў тым, што санкцыі — неэфектыўныя. Яны эфектыўныя. Але не супраць таго, супраць каго варта было б. Беларуская ўлада, адрэзаная ад Захаду, толькі мацней абапіраецца на Крэмль. Фінансавая ізаляцыя не паралізуе рэжым — яна паралізуе тых, хто мог бы яму супрацьстаяць. Бізнес, адукацыя, НДА, медыя — усе тыя, хто і без таго жывуць у рэжыме амаль андэграўнда, апынаюцца пад эканамічным дамоклавым мячом.

У той жа час, Захад амаль капітуляваў перад думкай, што Беларусь — ужо тэрыторыя Масквы. Стратэгічны рэсурс, які прасцей «спісаць», чым змагацца за яго. Адсутнасць інфармацыйнай палітыкі, уплыву на грамадства, кантактаў з вайскова-палітычнымі элітамі, — усё гэта замяняецца механічнымі санкцыямі. У выніку Беларусь пераўтвараецца з праблемы, якую варта вырашаць, у канстатацыю факта, якую можна абыходзіць позіркам.

Пры гэтым, у Еўрасаюзе працягваюць карыстацца тым жа інструментам, які не спрацаваў у папярэдніх 17 выпадках: усё большы фінансавы ціск. Замарожванне актываў, забарона транзакцыяў, абмежаванні на тэхналогіі і тавары. А паралельна — амаль поўная адсутнасць па-сапраўднаму гнуткай палітыкі ў дачыненні да беларускай апазіцыі, якой прапануюць не інстытуцыйныя механізмы падтрымкі, а культурніцкія гранты. Гэта не палітыка, гэта дабрачыннасць для чысткі сумлення.

І калі насамрэч адбываецца падрыхтоўка да «наступнага кроку Расіі» — накіраванага на краіны Балтыі, то лагічна, што трэба аслабляць унутраны тыл агрэсара. А Беларусь — гэта не проста транзітная зона, гэта — чалавечы, інфраструктурны, палітычны рэсурс. І як бы дзіўна гэта ні гучала: нават Лукашэнка можа быць выкарыстаны як няўстойлівы элемент у гэтай гульні. Пакуль Захад прэтэнзійна адмярае санкцыйныя штодзённікі, Масква інстытуцыяналізуе сваю прысутнасць у Беларусі — праз вайсковыя дамовы, фінансавыя ін’екцыі і зброю.

Мне цяжка назіраць, як краіна, дзе я нарадзіўся, зачыняецца як на зімоўку, толькі не ад клімату, а ад усёй Еўропы. І калі я чую, як у чарговы раз гавораць пра «жорсткія меры», я разумею: для мяне гэта чарговая «жорсткая мера» супраць права дыхаць, размаўляць і нават проста заставацца тут.

Можа, варта спытаць сябе: што больш набліжае Беларусь да дэмакратыі — санкцыі ці дыялог? Адказ не заўсёды відавочны. Але калі ў гульні дзесяць мільёнаў лёсаў — напэўна, лепей не задавольвацца адказамі, якія проста выглядаюць правільна.

Якуб Ясінскі