Пад сцягам «Спаса Нерукатворнага»: як картынг стаў часткай духоўна-вайсковага выхавання

У Бабруйскім спартыўна-тэхнічным цэнтры ДОСААФ прайшлі другія рэспубліканскія спаборніцтвы па картынг-слаламе сярод праваслаўных патрыятычных клубаў. Падлеткі ў вайсковай форме, пад сцягамі з абразамі, спаборнічалі ў гонках, якія спалучаюць у сабе элементы спорту, вайсковай падрыхтоўкі і рэлігійнай ідэалогіі.

Калі я быў падлеткам, маё лета праходзіла паміж двума палюсамі: бабулінымі градкамі і школьным дваром, дзе мы з сябрамі гулялі ў футбол. Цяпер жа, праглядаючы фатаграфіі з нядаўніх спаборніцтваў у Бабруйску, я бачу падлеткаў у вайсковай форме, якія стаяць пад сцягамі з абразамі і ўдзельнічаюць у картынг-слаламе. Гэта не проста спаборніцтвы – гэта спалучэнне спорту, вайсковай падрыхтоўкі і рэлігійнай ідэалогіі.

У Бабруйскім спартыўна-тэхнічным цэнтры ДОСААФ прайшлі другія рэспубліканскія спаборніцтвы па картынг-слаламе сярод праваслаўных патрыятычных клубаў. Удзельнічалі каля 40 юных картынгістаў з розных епархій Беларусі. Спаборніцтвы былі прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь .

ДОСААФ, арганізацыя з савецкімі каранямі, якая займаецца падрыхтоўкай моладзі да службы ў арміі і патрыятычным выхаваннем, актыўна супрацоўнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой. З 2019 года паміж імі падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, у межах якога праводзяцца сумесныя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне моладзі ў духу традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей і патрыятызму.

У межах гэтага супрацоўніцтва дзейнічаюць праваслаўныя вайскова-патрыятычныя клубы, дзе падлеткі праходзяць фізічную і духоўную падрыхтоўку. Напрыклад, у клубе «Пересвет» у Магілёве падлеткі ўдзельнічаюць у марш-брасках на 50 кіламетраў, каб атрымаць берэт, і абавязкова наведваюць літургію па нядзелях .

Такое спалучэнне спорту, вайсковай падрыхтоўкі і рэлігійнай ідэалогіі выклікае пытанні адносна ўплыву на фарміраванне асобы падлеткаў. Згодна з Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці, дзеці маюць права на захаванне сваёй ідэнтычнасці, уключаючы рэлігійную і культурную прыналежнасць. Калі падлеткаў у крытычны перыяд фарміравання асобы актыўна ўцягваюць у мерапрыемствы з выразнай ідэалагічнай накіраванасцю, гэта можа мець доўгатэрміновыя наступствы для іх самасвядомасці і светапогляду.

Гледзячы на гэтыя спаборніцтвы, я задумваюся: ці сапраўды мы выхоўваем патрыётаў, ці фарміруем пакаленне, якое бачыць свет праз прызму вайсковай дысцыпліны і рэлігійнай ідэалогіі? Можа, варта задумацца, ці не лепш даць падлеткам магчымасць самастойна выбіраць свой шлях, без навязаных сцэнараў і роляў. Бо сапраўдны патрыёт – гэта не той, хто носіць форму і стаіць пад сцягам, а той, хто любіць сваю краіну і людзей у ёй.

На Буйніцкім полі пабілі верталёт

На пляцоўцы ваеннага музея на Буйніцкім полі невядомыя раскурочылі адзін з экспанатаў – верталёт МІ, прыгнаны сюды магілёўскім ДОСААФ. На відэароліку, выкладзеным у сацсетках, бачна, што вандалы разбілі частку насавой абшыўкі і выламалі дзверы.

Выпадкі вандалізма на Буйніцкім полі – не рэдкасць. Мясцовыя жыхары расказваюць, што рэгулярным нападам тут падвяргаюцца і іншыя аб’екты – дзверы бытоўкі “Зелянбуда”, напрыклад, разбіваюцца рэгулярна.

Інфармацыя пра напад на верталёт падсвяціла таксама яшчэ адну тэму – а што там наогул робіць экзэмпляр грамадзянскай авіяцыі, гэтаксама як і самалёт ТУ, што ўсталяваны побач і заўважны на роліку? У якую кашу ператвараецца поле памяці пра подзвіг абаронцаў Магілёва летам 1941-га?

У Быхаве прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па авіямадэльным спорце

На тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома ў Быхаве прайшоў адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па радыёкіраваных авіямадэлях – копіях і паўкопіях.

У чэмпіянаце прынялі ўдзел больш за 10 спартсменаў. Мадэлі, у асноўным, з’яўляліся дакладнымі ці прыблізнымі, паменшанымі ў дзясяткі разоў копіямі самалётаў, якія лёталі ў ваенныя і даваенныя гады і нават у 20-я гады мінулага стагоддзя.

Праграма чэмпіянату ўключала ў сябе стэндавы паказ і ацэнку авіямадэляў, тры туры палётных дэманстрацый. Мадэлі з дапамогай радыёкіравання з зямлі выконвалі ўзлёт, палёт па зададзеным маршруце, паказвалі фігуры вышэйшага пілатажу, каскады фігур, ажыццяўлялі пасадку – паведамляе “Маяк Прыдняпроўя”.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”, ДТСААФ

Магілёўскі лётчык-інструктар пасадзіў самалёт разам з курсантам, калі заглох рухавік

Лётчык-інструктар Магілёўскага аэраклюба Дзяніс Шкарэнда змог пасадзіць самалёт, калі падчас трэніровачнага палёта адмовіў рухавік машыны. Яму быў уручаны ордэн “За асабістую мужнасць”.

Трэніровачны палёт самалёта “Як-52” адбываўся ў чэрвені 2022 года. На дзясятай хвіліне палёта, калі ў кабіне знаходзіліся курсант і лётчык-інструктар Дзяніс Шкарэнда, адбылася паломка рухавіка. Інструктар адразу ўзяў кіраванне палётам самалёта на сябе і здолеў дацягнуць самалёт да пасадачнай паласы.

– Усё адбылося на дзясятай хвіліне. – расказаў лётчык-інструктар у інтэрв’ю газеце “Прыдняпроўская ніва” – Мы толькі пачалі выкананне задання, курсант прыступіў да адпрацоўкі элементаў пілатажу на «Як-52». І ў гэты момант адбылася поўная адмова рухавіка. Калі зразумеў, што здарылася, узяў упраўленне на сябе. Хаця трэба сказаць, што курсант таксама не разгубіўся – вельмі дакладна выконваў усе мае ўказанні.

Пры амове рухавіка самалёт працягвае планіраваць – распавёў Дзяніс Шкарэнда. Але гэты палёт небяспечны тым, што борт у любы момант можа сарвацца ў штопар. Тады пагроза сыходзіць не толькі для людзей, якія знаходзяцца ў кабіне, але і для тых, хто можа апынуцца ўнізе. Трэніровачнае поле Магілёўскага ДАСААФ размешчана недалёка ад густанаселеных вёсак на захад ад Магілёва – Пашкава, Новае Пашкава і іншыя. Таксама побач праходзіць траса на Мінск.

Усведамляючы ўсю рызыку сітуацыі, у тым ліку і для свайго жыцця, Дзяніс Шкарэнда выратаваў самалёт.

– Не, страшна не было. – расказаў лётчык – Было разуменне, што трэба вельмі дакладна выконваць тое, што не раз адпрацоўвалася на зямлі. Бо лётны склад незалежна ад вопыту і ўзроўню падрыхтоўкі сістэматычна праходзіць трэнажы па дзеяннях у асаблівых выпадках. Гэта трэба і маладым лётчыкам, і тым, хто лятае даўно.

Дзяніс Шкарэнда ўжо 25 гадоў працуе лётчыкам-інструктарам, мае 2800 гадзін налётаў. Быў удзельнікам і прызёрам многіх спартыўных спаборніцтваў, навучыў навыкам лётнага майстэрства спартсменаў, і курсантаў ваеннай акадэміі. 10 лютага 2023 года ён быў ушанаваны ордэнам “За асабістую мужнасць”, а на Х пленуме цэнтральнага Савета ДТСААФ, які адбыўся 16 лютага ў Мінску, быў удастоены ганаровага звання “Спецыяліст авіяцыі ДТСААФ 2022 года”.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”

У Магілёве можна бясплатна навучыцца на кіроўцу – запрашае ваенкамат

А таксама – на электрыка і спецыяліста сувязі. Запрашаюць юнакоў не маладзейшых за 17 гадоў.

Ім прапануецца атрымаць спецыяльнасць вадзіцеля катэгорыі “С” за 4 месяцы. Таксама магчыма перападрыхтоўка з “В” на “С” за паўтара месяцы. Акрамя гэтага, прапануецца бясплатна прайсці навучанне на спецыяльнасць электрык асвятляльных прыбораў за 4 месяцы і на спецыяліста сувязі за два.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў паведамленні “Магілёўскіх ведамасцяў” пра бясплатныя курсы нідзе не гаворыцца пра далейшую неабходнасць юнака пайсці на тэрміновую службу ў войска.

Між тым, як паведамілі Магілёў.media ў ваенным камісарыяце Магілёва і Магілёўскага раёна, навучальныя курсы праводзяцца на базе ДТСААФ, а пасля іх малады чалавек адразу накіроўваецца ў войска.