Жыхарка Слаўгарада жыве ўжо свой 102 год – яе жыццё, гэта вайна, дзеці, праца

Нарадзіўшыся ў простай сялянскай сям’і, жанчына прайшла пакручасты жыццёвы шлях даўжынёй у цэлае стагоддзе.

Ганна Акуленка нарадзілася ў сялянскай сям’і ў вёсцы Церахоўка, якая на той час была досыць вялікім паселішчам ды налічвала больш за 800 чалавек. Аднак час быў цяжкі: калектывізацыя, рэпрэсіі, вайна. З малых гадоў жанчына дапамагала бацькам у хатніх справах, нарыхтоўвала з імі сена, а таксама апрацоўвала калгасныя «соткі». Вучыцца Ганне Акуленцы, як і многім яе аднавяскоўцам, як след не давялося. Падлеткам яна пайшла працаваць у мясцовы калгас, а менавіта на ферму даяркай.

Праца ў “светлай краіне Саветаў” на той час была катаржнай. Усё рабілі ўручную: даілі кароў, нарыхтоўвалі ім корм, вывозілі на цялежках арганіку, ды і шмат чаго яшчэ рабілі. Працавалі ад світання да змяркання, без выходных і перапынкаў на абед. Калі жанчане споўнілася 17 год, то пачалося ваеннае ліхалецце. Пра нямецкую акупацыю і вайну жанчына не асабліва любіць узгадваць, бо ў гэты час даводзілася перажываць холад і голад, а таксама заўсёдную боязнь страціць жыццё.  

У пасляваенны час жанчына разам з мужам выхавала шасцярых дзяцей. Ганна Акуленка нават мае дзве дзяржаўныя ўзнагароды – ордэны маці-гераіні. Яе муж адыйшоў у іншы свет, калі яму было ўсяго 54 гады і з гэтага часу Ганна Цімафееўна жыла ўдавой. 

Калі жанчына сышла на пенсію, то працягвала працаваць дома. Да 75 гадоў трымала карову, сама нарыхтоўвала для яе сена. Адразу за плотам яе дома быў луг. Там яна касіла траву, сушыла яе, а потым на спіне пераносіла ў хлеў. 

“Яна вельмі любіла вязаць для нас шкарпэткі. Да 95 гадоў стукала спіцамі. Рабіла гэта хутка і вельмі акуратна. За дзень у яе выходзіла пара. У кожнага з нас такіх пар назбіралася па цэлай торбе. Калі надыходзяць маразы, мы іх апранаем і з задавальненнем носім. Сагравае не толькі іх цяпло, але і матчын клопат, з якім яна іх майстравала” – цытуе словы адной з дачок слаўгарадскай маці-гераіні выданне slavgorod.by. 

Нягледзячы на тое, што дочкі Ганны Акуленкі самі ўжо даўно на пенсіі, яны клапоцяцца пра сваю маці-доўгажыхарку, ствараючы ёй камфортныя ўмовы пражывання ў старасці. 

Фота slavgorod.by