Абмяркоўваецца новы блок БелАЭС або новая АЭС на Беларусі

Найбольш верагодныя пляцоўкі пад новую станцыю – на Магілёўшчыне.

Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч напярэдадні прафесійнага свята  ўзгадаў пра перспектывы развіцця атамнай станцыі ў Беларусі. Прычым нічога прынцыпова новага не сказаў, толькі канстатаваў, што матэрыялы ўсебакова разгледжаны органамі дзяржкіравання і Нацыянальнай акадэміяй навук, міністэрствамі энергетыкі, эканомікі, “пытанне будаўніцтва трэцяга энергаблока або новай станцыі … адчувальнае і актуальнае. Гэта прадмет далейшага аналізу і правядзення пошукавых работ”.

Нагадаем, што год таму, 22 снежня 2021 года калі адбылася загрузка ядзернага паліва ў другі энергаблок БелАЭС, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ўпершыню заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве яшчэ адной атамнай электрастанцыі ў іншым рэгіёне Беларусі. Галоўчанка абяцаў, што прапанова будзе ўнесена на разгляд Лукашэнкі не пазней за восень 2022 года.

Праекты будавання АЭС далёка не танныя. БелАЭС разам з інфраструктурай абыходзіцца ў 9-10 млрд даляраў (Расія прадставіла крэдыт у 10 млрд). А на сёння ВУП краіны каля 60 млрд. Ды і эфектыўнасць пакуль мізерная. 

Першы энергаблок пры вялізарных укладаннях за 2 гады працы (з 3 лістапада 2020 года) выпрацаваў 10,4 млрд кВт·г электраэнергіі, то бок па 5,2 млрд кВт/г на год. Для параўнання, адна толькі Лукомская ДРЭС у год выпрацоўвае 9-10 млрд кВт/г.

Беларуская АЭС будуецца з 2013 года пад Астраўцом Гродзенскай вобласці ў непасрэднай блізкасці з мяжой з Літвой (да Вільнюса 40 км). Працуюць два вода-вадзяныя рэактары расійскай вытворчасці сумарнай магутнасцю 2400 МВт. Першы блок працуе з 3 лістапада 2020 года, другі блок плануюць запусцяць толькі на пачатку 2023 года. Пасля ўвядзення другога блока на БелАЭС плануецца выйсці на 30% у выпрацоўцы электраэнергіі.

Як і год назад, на сёння чыноўнікі не ўносяць ніякай яснасці у пытанні і толькі яшчэ больш напускаюць флёру і загадкавасці: ці патрэбны нам новыя магутнасці атамнай энергетыкі? Дзе браць сродкі на будоўлю? Дзе будзе выкарыстана атрыманая энергетыка? Якія краіны будуць купляць беларускую электраэнергію? Ці падрыхтавана насельніцтва, прадпрыемствы да спажывання такой колькасці электраэнергіі? Дзе плануецца будаўніцтва новай АЭС? У якім рэгіёне Беларусі? Якія перадумовы для гэтага? 

Беларусь і атамка 

У адкрытым у 1965 годзе Інстытуце ядзернай энергетыкі ў пасёлку Сосны пад Мінскам была распрацавана першая ў свеце перасовачная АЭС. Беларускую ж АЭС планавалася будаваць у канцы 1970-пачатку 1980-х. Разглядалася пляцоўка каля п. Брожа Бабруйскага раёна. Па рашэнні ЦК КПСС і Савета міністраў СССР 1971 года АЭС магла быць пабудавана на возеры Снуды (Браслаўскія азёры), але супраць саюзных планаў выступаў П. Машэраў і АЭС пабудавалі ў 50 км на захад. 

Так з’явілася Ігналінская АЭС (г. Вісагінас Ігналінскага раёна; два блокі), якая пачала будавацца ў 1975 годзе, працавала ў 1983-2009 гадах і выкарыстоўвала воды браслаўскага возера Дрысвяты (па-літоўску Друкшай) для ахаладжэння рэактараў. Літва планавала будаваць у 2015–2021 гадах новую АЭС – Вісагінскую, але насельніцтва выказалася супраць гэтых планаў.

У канцы 1970-х-1980-х гадах разглядаліся варыянты размяшчэння АЭС у Бярозаўскім, Столінскім, Рагачоўскім, Віцебскім, Аршанскім, Чашніцкім раёнах. Асабліва перспектыўнай была пляцоўка на возеры Сялява ў Крупскім раёне.

У 1983 годзе  за 30 км ад Мінска, каля Рудзенска, пачала будавацца атамная цеплаэнергацэнтраль (АТЭЦ). Да 1986 года станцыя была гатова на 70%. Але пасля Чарнобыльскай катастрофы, АТЭЦ перапрафілявалі на вуглевадароднае паліва – з’явілася Мінская ЦЭЦ-5.

Першыя перспектыўныя пляцоўкі для будаўніцтва БелАЭС былі абазначаны ў 1992 годзе: крыху спала чарнобыльская радыёфобія, незалежная Беларусь сутыкнулася з праблемамі энергетычнай бяспекі, залежнасці ад расійскіх вуглевадародаў.

Ужо ў 1990-я разглядалася тэарэтычная магчымасць выкарыстання пад будаўніцтва АЭС Краснапалянскай пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці.

У 1997-1998 гадах пры чарговым абвастрэнні спрэчак з Расіяй па цэнах на энерганосьбіты зноў было ўзнята пытанне аб неабходнасці мець уласную АЭС. Да таго часу былі вызначаны больш за 70 патэнцыйных пляцовак, абследаваны 54 пляцоўкі пад АЭС.

З іх былі адабраны не больш за 6, у т. л. Краснапалянская, Кукшынаўская. Узгадваліся Дубровенская і Верхнядзвінская (Віцебская вобласць), Сяляўская (на мяжы Мінскай і Віцебскай), Астравецкая. Але ў маі 1998 г. адбыліся парламенцкія слуханні па перспектывах развіцця атамнай энергетыкі і быў уведзены 10-гадовы мараторый на будаўніцтва АЭС у Беларусі.

У 2002 годзе кіраўніцтва Беларусі сур’ёзна разглядала пытанне аб магчымасці будаўніцтва “беларускіх” энергаблокаў на адной з дзеючых расійскіх АЭС (Смаленскай, Курскай або Калінінскай).

Самыя перспектыўныя пляцоўкі – на Магілёўшчыне

Спрэчкі з Масквой з-за коштаў на энерганосьбіты працягваліся, і 25 жніўня 2005 года А.Лукашэнка падпісаў указ па Канцэпцыі энергетычнай бяспекі Беларусі, дзе ў адным з артыкулаў гаворыцца аб неабходнасці будаўніцтва ў краіне ўласнай АЭС. Тады для АЭС былі выбраны дзве кандыдатныя пляцоўкі плошчай каля 10 км2. Асноўнай з’яўлялася Краснапалянская, рэзервовай – Кукшынаўская. Гэтыя ж пляцоўкі перспектыўныя для будаўніцтва новай АЭС.

Краснапалянская пляцоўка (Чавускі раён, актыўныя даследаванні праводзіліся ў 2006 годзе) знаходзіцца ў маланаселеным раёне на стыку Чавускага, Быхаўскага і Слаўгарадскага раёнаў на мясцовасці, заражанай радыёнуклідамі ў выніку аварыі на ЧАЭС. Пляцоўка знаходзіцца ўдалечыні ад буйных паселішчаў (да Чавус і Быхава – 30 км, да Слаўгарада – 25 км, да Магілёва – 43, да мяжы з Расіяй – 62, з Украінай – 166 км), але недастаткова забяспечана водамі для астуджэння рэактара (у 5 км р. Раста шырынёй 10 м), не зусім прыдатныя грунты.

Кукшынаўская, Шклоўска-Горацкая (в. Кукшынава Горацкі раён) пляцоўка абследавалася ў 2007-2008 гадах. Ад яе да мяжы з Расіяй – 30 км, да Оршы – 31, Магілёва – 50, Горак – 14, Шклова – 33.

Пры абмеркаванні пляцовак, намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Цімашпольскі на прэс-канферэнцыі ў верасні 2007 года заявіў: “Разглядаем і палітычную падаплёку, але самае галоўнае – гэта бяспека АЭС… найбольш перспектыўнымі з’яўляюцца пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці – Краснапалянская і Кукшынаўская”. Верагоднасць будаўніцтва АЭС на Магілёўшчыне тады складала каля 90%.

Такім чынам, можна чакаць, што ў выпадку рэалізацыі праекта па пабудове новай АЭС на Белрусі, можна чакаць, што пляцоўкай пад яе найбольш верагодна стане адна з магілёўскіх.

Доля атамнай энергетыкі ў свеце

Размовы аб развіцці атамнай энергетыкі ідуць на фоне рашэнняў еўрапейскіх краін аб закрыцці сваіх АЭС. У Еўропе толькі Венгрыя пашырае сваю АЭС “Пакш” на Дунаі.

Першы ядзерны рэактар у свеце пабудаваны ў 1942 г. у ЗША, першы па-за межамі ЗША – у 1945 г. у Канадзе, першай АЭС  у СССР стала Обнінская (1954).

На сёння АЭС працуюць на ўсіх кантынентах Зямлі, за выключэннем Антарктыды, Аўстраліі. Адна АЭС працуе, нават, у Афрыцы. У свеце 450 ядзерных энергаблокаў на 190 станцыях у 35 краінах свету.

Нягледзячы на наступствы аварый на Чарнобальскай АЭС і на японскай “Фукусіме”, у свеце будуецца яшчэ каля 60 энергаблокаў.

Доля атамнай энэргіі – каля 11% сусветнай вытворчасці электраэнергіі. Пасля аварыі на ЧАЭС зачынена 196 энергаблокаў. Італія першай адмовілася ад АЭС, ад ядзернай энергетыкі адмовіліся Германія, Іспанія, Швейцарыя, Тайвань.

Самыя буйныя ў свеце АЭС – канадская «Брус-Канада» (6,3 млн КВт), паўднёвакарэйская  «Коры» (6,25). Раней самымі магутнымі былі «Фукусіма» (9 млн), «Касівадзакі-Карыва» (8 млн). У Еўропе самая магутная – «Запарожская» (5,7 млн).

Лідарамі па ўдзельнай вазе АЭС у выпрацоўцы электраэнергіі з’яўляюцца Францыя (72,3%), Славакія (54), Бельгія і Украіна (па 52), Венгрыя (51, будуе новыя блокі на АЭС “Пакш”), Швецыя (40), Балгарыя і Славенія (па 35), Фінляндыя і Швейцарыя (па 34); Арменія (31), Рэспубліка Карэя (30,3). У Расіі доля атамнай энергетыкі складае каля 20% (11 АЭС). Да закрыцця Ігналінская АЭС, яна давала 97% электраэнергіі ў Літве. У Японіі доля АЭС, пасля аварыі на “Фукусіме”,  упала з 31,0 да 2,2%.