Дзень у гісторыі: 6 жніўня. Францыск Скарына выдаў першую кнігу на беларускай мове. Нарадзіліся: літаратар Альгерд Абуховіч, рэжысёр Міхаіл Пінігін, мастак Алесь Пушкін. Памёр стваральнік першага «Слоўніка беларускай мовы» Іван Насовіч

1517 год. Францыск Скарына выдаў першую кнігу, «Псалтыр».

Да гэтай падзеі прымеркаваны Дзень беларускага кнігадруку.

Цягам наступных трох год Скарына надрукаваў 23 кнігі.

Адной з галоўных асаблівасцяў усіх кніг Скарыны сталі аўтарскія каментары, якія дапамагалі «паспалітым» людзям лепш зразумець змест, асэнсаваць значэнне падзей, захаваных у кнігах Святога Пісання.

У прадмовах адлюстраваныя гуманістычныя ідэалы і светапогляд Скарыны. У іх прасочваюцца прыметы літаратурных жанраў, якія пазней атрымалі працяг у беларускай літаратуры і пісьменстве.

Асветнік і першадрукар узбагаціў беларускую культуру, зрабіў яе часткай еўрапейскай і сусветнай прасторы. Яго выданні вылучаліся высокай якасцю друку, характэрнымі мастацкімі, гравюрнымі і арнаментальнымі ўпрыгожаннямі, шрыфтамі і іншымі складнікамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства.

Францыск Скарына займае адзін шэраг са знанымі дзеячамі сусветнай культуры эпохі Адраджэння – Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Ян Амас Каменскі.

1715 год. Нарадзіўся Мацей Догель.

Гісторык-археограф і правазнаўца.

Быў рэктарам элітарнай навучальнай ўстановы Collegium Nobilium (Калегіум нобіліум), якую заснаваў каталіцкі ордэн Піяраў для дзяцей шляхты. Праз брак фінансавання вучэльня вымушаная была спыніць дзейнасць. З ініцыятывы Мацея Догеля яна была адноўленая.

Доўгель – збіральнік гістарычных і дыпламатычных дакументаў. Выдавец збораў міжнародных трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», якія не страцілі свайго значэння дагэтуль.

1840 год. Нарадзіўся Альгерд Абуховіч.

Літаратар, паэт, перакладчык.

Адзін з заснавальнікаў жанру байкі ў беларускай паэзіі.

Ён перакладаў на беларускую мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх аўтараў.

Асаблівае месца ў творчасці Абуховіча займаюць мемуары – нязмушанае пісьменніцкае апавяданне пра сябе і сваю эпоху, напоўненае роздумамі пра час, літаратуру, вечныя праблемы чалавечага жыцця. Упершыню гэтыя мемуары з’явіліся ў друку ў газеце «Гоман» у 1916 годзе пад назвай «3 папераў Альгерда Абуховіча».

1877 год. Памёр Іван Насовіч.

Філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 тыс. слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Пакінуў гісторыка-мемуарную працу «Успаміны майго жыцця». Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 году.

1903 год. Нарадзіўся Барыс Платонаў.

Актор, педагог, народны артыст Беларусі.

Выконваў востра-сатырыстычныя, характарныя, драматычныя і трагедыйныя ролі герояў.

На радыё чытаў творы прозы і паэзіі, напрыклад, «Курган» Янкі Купалы. Зняўся ў фільмах «Кастусь Каліноўскі», «Песня вясны», «Пяюць жаваранкі», «Хто смяецца апошнім».

1938 год. Нарадзіўся Ігар Лучанок.

Кампазітар і педагог.

Працаваў у розных жанрах. Ён аўтар кантат, вакальна-сімфанічных паэм, балад, рамансаў на вершы В. Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, М. Багдановіча, А. Куляшова.

Твораў для эстрады, да драматычных спектакляў, радыё- і- тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў, музыкі для дзяцей.

Многія беларусы ведаюць песні «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Вераніка», «Алеся», «Дарагія мае землякі».

 

1945 год. На японскі горад Хірасіму была скінутая атамная бомба.

Атамным бамбаваннем Хірасімы Узброеныя сілы ЗША паўплывалі на пазіцыю кіраўніцтва Японіі адносна працягу вайны.

14 жніўня 1945 года японскі імператар Хірахіта падтрымаў падпісанне Японіяй безумоўнай капітуляцыі. 15 жніўня 1945 года Японія абвясціла пра такія намеры.

Акт аб капітуляцыі, які фармальна скончыў Другую сусветную вайну, быў падпісаны 2 верасня 1945 года.

 

1957 год. Нарадзіўся Мікалай Пінігін

Беларускі рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

У снежні 2008 года прызначаны галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Я. Купалы.

Ён паставіў больш за 50 спектакляў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за спектакль «Тутэйшыя». Прызнаваўся «Чалавекам года Беларусі» у намінацыі «Сцэна».

У час пратэстаў 2020 года калектыў яго тэатра выступіў за спыненне гвалту і пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. За гэта ўлады звольнілі дырэктара тэатру Паўла Латушку. Мікалай Пінігін разам з большасцю трупы і іншымі супрацоўнікамі тэатру звольніўся на знак пратэсту.

1965 год. Нарадзіўся Алесь Пушкін.

Мастак, жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перформер, палітвязень.

Актыўны ўдзельнік руху нацыянальнага адраджэння. Займаўся рэстаўрацыяй і роспісам храмаў, у тым ліку магілёўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава.

30 сакавіка 2022 году Пушкіна асудзілі на 5 гадоў зняволення. Праваабарончай супольнасцю ён прызнаны палітвязнем.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў