Чэрыкаў накрыла чарговая хваля мілітарысцкага ўгару

У Чэрыкаўскім райвыканкаме сабралі чыноўнікаў і вайскоўцаў з усёй Магілёўшчыны для чарговых вучэбна-метадычных заняткаў па пытаннях грамадзянскай абароны.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць старшыні гарадскіх і раённых выканкамаў, сілавікі і ваенныя камісары. У праграме — «арганізацыя і каардынацыя дзеянняў органаў кіравання і сіл тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый», а прасцей кажучы — сцэнары таго, як кіраваць насельніцтвам у выпадку вайны ці іншых надзвычайных абставінаў.

“Сёння мы адпрацоўваем на практыцы парадак дзеянняў тэрытарыяльнай абароны ва ўмовах ваеннага становішча. З кожным годам расце і маштаб такіх мерапрыемстваў, і ўзровень падрыхтоўкі службовых асоб. Нам яшчэ трэба вырашыць шэраг праблемных пытанняў, але галоўная задача застаецца нязменнай — абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі”, — заявіў ваенны камісар Магілёўскай вобласці Віталь Ядзевіч.

Асабліва ён засяродзіў увагу на гатоўнасці органаў мясцовай улады ў выпадку абвастрэння знешнепалітычнай абстаноўкі. Паводле Ядзевіча, такія вучэнні патрэбныя таму, што «ўзмацняецца ваенная актыўнасць у суседніх рэгіёнах, працягваецца канфлікт ва Украіне», а Захад нібыта «вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі». Праўда, у паведамленні аб вучэннях у тэлеграм-канале Mogilevnews няма ні слова пра ўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны і выкарыстанне мігрантаў для стварэння напружанасці на мяжы з Еўразвязам.

“Аперацыі КДБ па спыненні дзейнасці замежных агентаў пацвярджаюць, што супраць нас працягваецца эканамічны і псіхалагічны ціск. Расслабляцца нельга”, — палохаў ваенкам і без таго напалоханых чыноўнікаў.

На першы погляд, гучыць лагічна: краіна павінна ўмець абараняцца ў выпадку пагрозы. Але за гэтай «трывожнай рыторыкай» гадамі хаваецца іншая рэальнасць: замест паўнавартаснага развіцця сістэмы грамадзянскай абароны, сховішчаў, запасаў лекаў і прадуктаў — акцэнт робіцца на «ворагаў звонку» і «замежных агентаў».

Пры пастаянным паўторы наратыву «асаджанай крэпасці» на фоне вайны ва Украіне падобныя зборы мясцовых чыноўнікаў — чарговы штрышок жыцця ў мілітарысцкім ўгары, які ўслед за Расіяй накрыў Беларусь.

Фота: Mogilevnews

Новая намесніца старшыні Магілёўскага аблвыканкама па эканоміцы – што пра яе вядома?

Алена Пруднікава-Кірпічонак – эканамістка з Полаччыны, яна аднойчы ўваходзіла ў топ самых прыгожых чыноўніц Беларусі. А таксама, выказвалася, што “людзі павінны разумець, на што трацяцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі”.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка прызначыў на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях эканомікі Алену Пруднікаву-Кірпічонак. Яна замяніла на гэтай пасадзе Руслана Страхара, кар’ерны ліфт якога спусціўся на ўзровень ніжэй.

Пра Алену Пруднікаву-Кірпічонак вядома, што яна пачала сваю працоўную кар’еру як эканаміст “Полацкага камбіната хлебапрадуктаў” у 1998 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымала ў недзяржаўным ВНУ – у Беларускім камерцыйным універсітэце кіравання. У 2011 годзе яна скончыла магістратуру Полацкага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай”, а ў 2017 годзе прайшла перападрыхтоўку ў тым жа Полацкім універсітэце па спецыяльнасці “Фінансы”. З 2013 года яна пачала працаваць у Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь.

У сваю бытнасць супрацоўніцай міністэрства яна часта наведвала Полаччыну, і падчас адной з такіх паездак, у 2015 годзе, выступаючы перад студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выказалася наступным чынам, :

– Людзі павінны разумець, на што марнуюцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі, наколькі эфектыўна яны выдаткоўваюцца, хто нясе адказнасць за наш неэфектыўна выдаткаваны рубель.

кірпічонак
Алена Пруднікава-Кірпічонак у Полацкім універсітэце, 2015 год. Фота: psu.by

З 2017 года Алена Пруднікава-Кірпічонак працавала на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення метадалогіі і каардынацыі дзяржаўных праграм міністэрства эканомікі. У 2019 годзе незалежнае выданне UDF.by нават уключыла прывабную эканамістку ў Топ-13 самых прыгожых беларускіх чыноўніц.

Фота з адкрытых крыніц.