Польскія фермеры перакрываюць дарогу да ўкраінскай мяжы з-за таннага ўкраінскага збожжа

16 лютага, з 10:00 раніцы пачалася поўная блакада дзяржаўнай дарогі № 12 у Дарахуску і сяле Акопы недалёка ад польска-ўкраінскай мяжы. Фермеры не прапусцяць ніводны грузавік – паведамляе Транс-інфо. Акцыя пратэсту працягнецца да поўначы 17 лютага.

Блакада дарогі – частка  запланаванай акцыі пратэсту “з-за трагічнай сітуацыі на польскім рынку, выкліканай некантралюемым прытокам збожжа з Украіны і адсутнасцю адэкватных мер па абароне ўнутранага рынку”.

Арганізатары акцыі пратэсту з асацыяцыі „Падманутая вёска” мяркуюць, што на яе могуць прыехаць некалькі сотняў удзельнікаў са 100-150 трактарамі, якія будуць стаяць на дарозе.

На працягу акцыі не будуць прапускацца грузавікі, якія едуць з Украіны або ў напрамку Украіны. Выключэнне складуць толькі перавозчыкі гуманітарнай дапамогі, тавараў, якія хутка псуюцца, або паліва і пустыя цыстэрны.

Паліцыя просіць вадзіцеляў грузавікоў, якія едуць ва Украіну або выязджаюць з краіны, не карыстацца пунктам пропуску Дарагуск-Ягадзін, а выбіраць іншыя памежныя пераходы.

Такія акцыі польскіх фермераў на мяжы з Украінай не першыя: яны праводзіліся 15 снежня 2022 года, 2 лютага бягучага года.

Тая частка польскага фермерства, што ўдзельнічае ў блакадзе дарогі не хоча быць салідарнай з украінцамі, якія амаль год супрацьстаяць расійскай агрэсіі, для іх галоўнае – іх эканамічны дабрабыт. Пакуль не ясна, якія палітычныя сілы стаяць за пратэстантамі.    

Фота з адкрытых крыніц.