Дзень у гісторыі. 15 лютага. Полацк зруйнаваны Іванам Жахлівым. З’яўленне дыскеты. Вывад савецкіх войск з Афганістана. Нарадзіўся пісьменнік П. Васючэнка.

Сусветны дзень дзяцей, хворых на рак (International Childhood Cancer Day, з 2001 года). 

Устаноўлены з ініцыятывы Сусветнай канфедэрацыі бацькоў дзяцей, хворых на рак (ICCCPO). Праводзіцца пад патранатам Міжнароднага таварыства дзіцячых анколагаў. 

Паводле медыцынскай статыстыкі, штогод у свеце каля 200 000 дзяцей захворваюць на рак, палова з іх памірае. Залогам паспяховага лячэння анкалагічных захворванняў лічыцца своечасовая дыягностыка. Калі хвароба выяўляецца на першай або другой стадыях, лячэнне часцяком вядзе да спрыяльнага сыходу. Аднак 10% выпадкаў выяўляецца толькі на трэцяй стадыі, а ў 8% дзяцей яго дыягнастуюць толькі на чацвёртай стадыі. Дзяцей часцей за ўсё паражае лейкемія, або рак крыві. 

У развітых краінах, дзе медыкі маюць неабходнае дыягнастычнае абсталяванне, у цяперашні час перамагаюць хваробу трое з чатырох дзяцей. У краінах трэцяга свету сітуацыя супрацьлеглая.

Стрэчанне Гасподне. Прынясенне ў Іерусалімскі храм немаўля Ісуса Хрыста (у праваслаўных хрысціян). 

Прыняслі яго бацькі на 40-ы дзень пасля Калядаў і на 32-і дзень пасля Абразання. У  храме Святое сямейства сустрэў Сімяон Багапрыімец.

У хрысціянстве свята з’явілася ў VI стагоддзі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы («стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога Запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай.

Сімяон чакаў прышэсця Збавіцеля, бо яму было прадказана, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста Госпада. Сімяон чакаў сустрэчы 300 гадоў. 

1563 год. Полацк захоплены пасля аблогі маскоўскімі войскамі Івана Жахлівага пад час Лівонскай вайны. 

Аблога цягнулася з 1 лютага. Маскавітаў было ад 31 000 да 150 000 войска і 200 асадных гармат. Полацкі гарнізон меў толькі 2 000 салдат ВКЛ, 400 польскіх наемнікаў і нямецкую роту, 38 гармат. Выбар Полацка для нападу, цалкам відавочны. Полацак у XVI стагоддзі быў найбуйным і найбагатым горадам Вялікага княства Літоўскага, з насельніцтвам ледзь не 100 000 чалавек. Тут рускае войска магло разлічваць на велізарную здабычу. Акрамя таго, узяцце Полацка давала цэлы шэраг тактычных пераваг. Пры ўсталяванні кантролю над Полацкам і цягам Заходняй Дзвіны Руская дзяржава атрымала б магчымасць для прамых зносін з Лівоніяй са Смаленска, адкрыла шлях на Вільню. Полацак спрадвеку лічыўся Рурыкавічамі адной са сваіх галоўных вотчын.

Іван IV любіў апрануць свае палітычныя і ваенныя акцыі ў форму святой вайны супраць ворагаў веры і царквы. У паход ён узяў са сваёй казны крыж Св. Еўфрасінні Полацкай, каб вярнуць яго ў Спаскі манастыр.

У выніку захопу Полацка 15 лютага 1563 года Іван Жахлівы спаліў горад і зраўняў з зямлёй, загадаў без шкадавання засекчы болей за 20 000 гараджан, пагнаць у Маскву больш як 60 000, а кабет і дзяўчат распрануць і так – голымі і звязанымі – весці. Манахаў-бернардынаў закатаваць, “жыдоў хрысціць або патапіць у Дзвіне”.

1857 год. Памёр Міхаіл Глінка. 

Рускі кампазітар, заснавальнік рускай класічнай музыкі. Яго прадзед, які паходзіў са старажытнага каталіцкага шляхецкага рода, пры захопу Смаленска рускімі ў 1654 годзе вымушаны быў прыняць маскоўскае падданства. 

Па выразу У. Стасава, Пушкін і Глінка “стварылі новую рускую мову – адзін у паэзіі, другі ў музыцы”.

Найбольш вядомыя творы: оперы «Жыццё за цара», «Руслан і Людміла», «Вальс-фантазія», скерца для аркестра «Камарынская».

Апошнія гады жыцця правеў у Іспаніі, Аўстрыі і Германіі.

Памёр у Берліне, перапахаваны ў Пецярбурзе.

У 1982 годзе ў радавой сядзібе кампазітара Наваспаскае ў Смаленскай вобласці адчынены Дом-музей М. Глінкі.

У Беларусі імя Глінкі носяць Мінскі музычны каледж, вуліцы ў Віцебску, Гомелі, Гродна, Бабруйску, завулак у Магілёве.

1904 год. Нарадзілася Ларыса Александроўская. 

Беларуская оперная спявачка (сапрана), тэатральны рэжысёр, грамадскі дзеяч. Народная артыстка БССР (1938) і СССР (1940).

Скончыла Беларускі музычны тэхнікум, студыю оперы і балета. У 1919-1924 гадах – удзельніца арганізаванай ёю самадзейнай трупы пры Палітаддзеле Заходняга фронту, у 1927 годзе выконвала беларускія народныя песні на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне, з 1933 года – артыстка Беларускага тэатра оперы і балета, яго галоўны рэжысёр (1951-1960).

Падчас вайны выступала ў складзе франтавых канцэртных брыгад, выступала на перадавой.

Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’яднання і яго старшыня.

З поспехам выконвала партыі ў класічных і нацыянальных операх. Выступала як канцэртная спявачка, значнае месца ў рэпертуары займалі беларускія народныя песні.

Выступала ў шматлікіх замежных краінах.

Памерла 23 мая 1980 года.

1912 год. Нарадзіўся Навум Перкін. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік. Доктар філалагічных навук, прафесар Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа 

Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук.

Аўтар прац «Аркадзь Куляшоў: Паэтычная творчасць», «Творчасць Петруся Броўкі», «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20-30-х гадоў: Праблемы сацыялістычнага рэалізму»,  «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры», «Пятро Глебка» і іншых.

Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Истории советской многонациональной литературы», суаўтар падручніка «Беларуская савецкая літаратура» для 9-10 класаў.

Памёр 2 кастрычніка 1976 года.

1958 год. Памёр Язэп Рэшаць. 

Дзеяч беларускай эміграцыі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, навуковец, пісьменнік, драматург і публіцыст. Доктар філасофіі і тэалогіі. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.

Прафесар Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, Універсітэта Стэфана Баторыя, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі,  Беластоцкай настаўніцкай семінарыі.

Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці, дзеяч Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Супрацоўнічаў з каталіцкім перыядычным выданнем «Chryścijanskaja Dumka».

Вёў душпастырскую дзейнасць на Падляшшы.

У 1938 годзе выехаў у ЗША, уступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве Св. Пракопа каля Чыкага.

Аўтар многіх рэлігійных і навуковых кніг на беларускай мове, пьес (пад псеўданімам Язэп Рушчанец). Адзін з распарцоўшчыкаў статуту Лігі абароны правоў беларусаў-каталікоў.

1959 год. У Полацку нарадзіўся Пятро Васючэнка. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, драматург, казачнік і аўтар фэнтэзі. Кандыдат філалагічных навук.

Працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Аўтар і суаўтар літаратуразнаўчых манаграфій «Драматургія і час», «Драматургічная спадчына Янкі Купалы», «Пошукі страчанага дзяцінства», «Сучасная беларуская драматургія», «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм», папулярных нарысаў, шэрагу кніг прозы, паэзіі, экалагічнай казкі «Каляровая затока», зборніка п’ес. Папулярнасць у публікі здабылі яго творы пра прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага.

Яго творы перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны.

Памёр 25 жніўня 2019 года.

1970 год. Кампанія IBM прапанавала гнуткі магнітны дыск для захоўвання інфармацыі. 

Так з’явілася дыскета (Floppy disk) – партатыўная запамінальная прылада для шматразовага запісу і захоўвання дадзеных, прызначаных для апрацоўкі на камп’ютары.

Дыскеты былі асабліва шырока распаўсюджаны ў 1970-я – пачатку 2000-х гадоў. Гэта былі дыскеты памерам 8´´ (дзюймаў), 5,25´´, 4´´, 3,25´´, 3,5´´ (аб’ём 1,44 Мб), 3´´, 2,8´´, 3´´, 2,5´´, 2´´. Яны саступілі больш ёмкім і зручным CD, DVD і флэш-накапляльнікам.

1975 год. Памёр Міхал Сапоцька. 

Каталіцкі святар, блаславёны. Заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці Ісуса Хрыста.

У Вільні служыў вайсковым капеланам і садзейнічаў адбудове касцёла Святога Ігнацыя, быў духоўным айцом Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі, прафесарам Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, духоўнай семінарыі ў Беластоку, рэктарам касцёла Арханёла Міхала.

Аўтар духоўнага «Дзённіка» сястры Фаустыны.

Беатыфікаваны у 2008 годзе.

1989 год. Завершаны вывад савецкіх войскаў з Афганістана. У Беларусі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. 

9-гадовае вайсковае ўварванне СССР у Афганістан са снежня 1979 па люты 1989 года скончылася вывадам войска паводле Жэнэўскіх пагадненняў ад 14 красавіка 1988 года. Вывад войск цягнуўся з 15 мая 1988 года.

24 снежня 1979 года міністар абароны СССР Дз. Усцінаў зацвердзіў уварванне ў Афганістан. 25 снежня каля Кабула аб скалу разбіўся савецкі вайскова-транспартны самалёт Іл-76, у выніку чаго загінулі 47 вайскоўцаў 350-га парашутна-дэсантнага палка з п. Баравуха пад Полацкам са складу віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. 

А 19:30 654 савецкія вайскоўцы, апранутыя ў афганскую форму, пачалі ў Кабуле штурм Вялікага каралеўскага палаца, дзе застрэлілі старшыню ўрада краіны Хафізулу Аміна, яго 2 малалетных сыноў і каля 200 афганскіх вайскоўцаў.

У савецкім вайсковым уварванні ў Афганістан узялі ўдзел больш за 30 000 ураджэнцаў Беларусі (5% ад усіх вайскоўцаў), з якіх 723 (3%) загінулі, больш за 1,5 тысяч атрымалі раненні, кантузіі, 702 – вярнуліся інвалідамі, 12 прапалі бяз вестак.

2013 год. Падзенне метэарыта на Урале, у раёне Чалябінска. 

Палёт баліда назіралі ў Свярдлоўскай, Курганскай і Цюменскай абласцях Расіі, у паўночных раёнах Казахстана. Метэарыт у 10 тон выбухнуў над Чалябінскам на вышыні 30-70 км прыкладна а 09:20 па мясцовым часе. Яго хуткасць пры падзенні складала да 70 кіламетраў у секунду.

З-за выбухнай хвалі пацярпелі каля 1 200 чалавек, былі пашкоджаны будынкі. Да гэтага, 11 лютага над тэрыторыяй Башкірыі таксама быў зафіксаваны пралёт буйнога баліда.

Самы вялікі ў свеце цыліндрычны акварыум, што лопнуў у цэнтры Берліна, быў спраектаваны расійскім архітэктарам і рамантаваўся ў 2020 годзе

Берлінская славутасць – гіганцкі, найбуйнейшы ў свеце 16-метровы цыліндрычны акварыум разбіўся ў пятніцу, і мільёнам літраў марской вады затапіў суседнія вуліцы. Улады спрабуюць устанавіць прычыны інцыдэнту.

Пасля выбуху акварыума гатэль быў затоплены, вада запоўніла і суседнія вуліцы. Каля 100 супрацоўнікаў па надзвычайных сітуацыях удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў інцыдэнту. Вестыбюль гатэля са словаў афіцыйнага прадстаўніка мясцовай пажарнай службы “выглядае як поле бою”.

Акварыум быў размешчаны ў раскошным комплексе DomaCuaree ў цэнтральным раёне Мітта, у ім плавалі 1500 экзатычных рыб. У дадатак да гатэля Radisson у комплексе ёсць музей, крамы і рэстараны. Ён у 2004 годзе быў спраектаваны агенцтвам Tchoban Voss Расійскім архітэктарам Сяргеем Чобанам. Паведамлялася, што яго будаўніцтва каштавала 12,8 млн еўра. 

Сам акварыум знаходзіўся ў цэнтры гатэля і быў адной з Берлінскіх славутасцяў. У цэнтры гіганцкай ёмістасці з марской вадой размяшчаўся ліфт, на яго выходзілі некаторыя нумары. “Аквадом” быў нават уключаны ў Кнігу рэкордаў Гінеса як найбуйнейшы цыліндрычны акварыум у свеце.

Ахвяры трагедыі.

Людзі. Цудам абышлося без чалавечых ахвяр. Толькі два чалавека атрымалі траўмы ад падзення шкла. Калі б катастрофа адбылася не ў 5:45 раніцы, калі побач не было нікога, а праз гадзіну, то давялося б гаварыць пра мноства чалавечых ахвяраў. Зараз гатэль закрыты на нявызначаны час, яго кліентаў перавялі ў іншыя месцы.

Рыбы. У акварыуме было паўтары тысячы рыб. Большая частка рыб памерла, але некаторых удалося выратаваць. Яшчэ некалькі сотняў рыб знаходзіліся ў падвальным рэзервуары – яны таксама знаходзіліся ў небяспецы, бо электрычнасць была выключана ў гатэлі, але зараз іх ужо перавезлі ў бяспечнае месца.

Група па абароне і дапамозе жывёлам, якія маюць у гэтым патрэбу, размясціла ў Інтэрнэце хадайніцтва, каб не ствараць новы акварыум, паколькі гэта пагражае жыццю рыбы.

Прычыны катастрофы

Улады спрабуюць усталяваць прычыну, па якой адбыўся інцыдэнт – з улікам таго, што акварыум быў рэканструяваны ў 2020 годзе. 

Няма ніякіх доказаў таго, што інцыдэнт быў вынікам чыіх-небудзь злых намераў. Паліцыя Берліна заявіла, што не шукае падазраваных пасля інцыдэнту ў гатэлі. 

У прэсе выказваюць здагадкі, што акварыум мог лопнуць, таму што значныя для Берліна маразы (мінус 6 градусаў Цэльсія), магчыма, прывялі да фарміравання расколін у ім. Гэтыя дадзеныя афіцыйна не пацвярджаюцца.

Прадстаўнік уладаў Берліна Арыс Спрангэр распавёў, што першыя прыкметы паказваюць на “стомленасць матэрыялу”.

Дзень у гісторыі. 22 верасня. Гадавіна сумеснага парада вермахта і Чырвонай Арміі ў Брэсце. СССР выпрабаваў атамную зброю, у Польшчы паўстала “Салідарнасць”

Сусветны дзень без аўтамабіля (World Car Free Day). 

Падчас кампаніі цэнтры многіх гарадоў замыкаюцца для аўтамабільнага руху. Ідэя гэтага дня паўстала ў 1994 годзе. Мэтай кампаніі з’яўляецца кшталтаванне праэкалагічнай мадэлі паводзінаў, распаўсюджанне інфармацыі аб негатыўных наступствах выкарыстання аўтамабіля, заклік да альтэрнатыўных сродкаў транспарту. Праводзіцца прамоцыя публічнага транспарту і дэманстрацыя, што жыццё без аўтамабіля не толькі магчымае, але таксама значна больш прыемнае. Кампанія датычыць таксама змяншэння шуму і забруджвання паветра, з-за чаго ўплывае на паляпшэнне якасці жыцця ў месце.

Калі б усе  аўтаўладальнікі Беларусі на адзін дзень адмовіліся ад выкарыстання машыны, то аб’ём выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасферну паменшыўся на 250 тон.

У Беларусі на 1000 чалавек насельніцтва маецца амаль 340 аўтамабіляў. У 2021 годзе ў асабістым карыстанні беларусаў знаходзілася 3,1 млн легкавых, 150 тысяч грузавых машын і амаль 12 тысяч аўтобусаў. У арганізацыях – 135 тысяч легкавых, 262 тысячы грузавых аўтамабіляў і 32 тысячы аўтобусаў. 

З 22 верасня ў Беларусі стане даражэйшым тэхагляд. Некаторыя дыягнастычныя станцыі ўжо падвысілі кошты да 35-40 рублёў.

1850 годў. Памёр Францішак Дзеружынскі. 

Беларускі рэлігійны дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сістэмы каталіцкай царквы ў ЗША, педагог.

Выкладаў у Магілёўскім, Мсціслаўскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах. 

З 1821 года браў удзел у стварэнні езуіцкіх школ у ЗША. 

Прафесар, віце-прэзідэнт і скарбнік Джорджтаўнскага ўніверсітэта.

1903 год. Нарадзіўся Хвядос Шынклер. 

Беларускі празаік, драматург і сцэнарыст. 

Член літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Працаваў ў розных газетах, часопісе «Полымя». 

Аўтар шэрагу апавяданняў, аповесцяў, п’ес, кінасцэнарыяў, зборнікаў, у тым ліку і для дзяцей. 

Загінуў на фронце.

У 1960 годзе выйшлі яго Выбраныя творы, у 1984 — кніга апавяданняў, аповесцяў, успамінаў «Апошні рэйс».

1939 год. У Брэсце адбыўся сумесны парад савецкіх і нямецкіх войск. 

Парад прымалі камандзір нямецкага 19 танкавага корпуса генерал Г. Гудэрыян і камбрыг С. Крывашэін. 

Парад адбыўся падчас працэдуры перадачы Брэста і Брэсцкай крэпасці СССР. 

1943 год. У Мінску быў забіты В. Кубэ. 

Вільгельм Кубэ быў кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Генеральнай акругі «Беларусь».

Традыцыйна ў савецкай гістарыяграфіі ініцыятыва і падрыхтоўка бомбавага замаху на Кубэ прыпісвалася камандаванню партызанскага атрада «Дзіма», а непасрэднае выкананне – Алене Мазанік і Марыі Осіпавай.

Аднак існуе таксама меркаванне, што выступіць арганізатарамі замаху мелі повад і магчымасць высокія сілы ў нямецкім СС. Дапускаецца, што аперацыя была праведзена з ініцыятывы Г. Гімлера.


1949 год. СССР правёў першае выпрабаванне ядзернай зброі. 

У 7 гадзін раніцы на Сяміпалацінскім палігоне ў Казахстане адбыўся выбух магутнасцю каля 22 кілатон.

29 жніўня 1991 года ўказам прэзідэнта Казахстана Н. Назарбаева Сяміпалацінскі палігон быў зачынены. 

1975 год. Памёр Павел Крынчык. 

Беларускі дзеяч у міжваеннай Польшчы, публіцыст.

Удзельнік Таварыства беларускай школы, член яе Галоўнай управы.

Адзін з арганізатараў і член Галоўнага сакратарыята клуба «Змаганне».

За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польскімі і савецкімі ўладамі.

Вязень Калымскіх лагераў.

1980 год. На суднабудаўнічым заводзе польскага Гданьску створаны незалежны прафсаюз “Салідарнасць”. 

Яго ўтварылі дэлегаты 36 рэгіянальных аддзяленняў незалежных прафсаюзаў. Старшынёй стаў Лех Валенса. 

Да пачатку 1981 года “Салідарнасць” ужо мела ў сваіх шэрагах 10 мільёнаў чалавек. 

У 1981-1989 гадах яна дзейнічала ў падполлі. Лех Валенса стаў Нобелеўскім лаўрэатам міра (1983), прэзідэнтам Польшчы (1990-1995).

1989 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ірвінг Берлін. 

Амерыканскі кампазітар і паэт-песеннік, адзін з «вялікай пяцёркі» амерыканскіх кампазітараў ХХ стагоддзя. У некаторых інтэрв’ю горадам свайго нараджэння Берлінг называў Магілёў.

Аўтар каля 700 песень, музыкі для 13 драматычных спектакляў і 7 кінафільмаў. Сярод найбольш вядомых твораў – «Божа, блаславі Амерыку», якая лічыцца другім, неафіцыйным гімнам ЗША. Гэтае прызнанне адбылося пасля выканання на прэзідэнцкіх выбарах у 1940 года. 

1999 год. Памёр Уладзімір Куляшоў.

Беларускі акцёр, народны артыст Беларусі. 

Акцёр Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Сыграў каля 50 ролей у тэатры і кіно. 

Глядачам асабліва запомніўся па ролях у «Шляхціц Завальня», «Плач перапёлкі», «Дуброўскі», «Знак бяды», «Палеская хроніка», «Людзі на балоце», «Подых Навальніцы», «Час выбраў нас» і іншых.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

У Берліне аўтамабіль уехаў у натоўп людзей. Адзін чалавек загінуў, шмат параненых

Прычыны здарэння невядомыя. Па розных звестках, пацярпелі ад 8 да 30 чалавек, некаторыя атрымалі цяжкія траўмы.

Як паведамляе выданне Bild кіроўца хацеў збегчы, але яго затрымалі людзі. Ён арыштаваны.

bilder.bild.de

Інцыдэнт адбыўся на ажыўленай вуліцы Ранкештрасэ ў раёне Шарлётэнбург на захадзе Берліна, аўтамабіль заехаў у вітрыну крамы. 

Паводле прэс-сакратара паліцыі Тыля Кабліц «блізу 10.30 мужчына ўехаў на сваім аўтамабілі ў групу».

Паліцыя не можа сказаць пэўна, ці  было гэта наўмыснае дарожна-транспартнае здарэнне, або выкліканае абставінамі звязанымі са здароўем кіроўцы.

bilder.bild.de

Прадстаўнік паліцыі сказаў, што сам кіроўца ДТЗ быў «відавочна пад уражаннем ад таго, што адбылося».

У выратаванні пацярпелых задзейнічаны гелікоптар. Працуе 60 пажарных. Тэрыторыя ачэпленая.

Паводле інфармацыі BILD, інцыдэнт здарыўся на тым месцы, дзе ў снежні 2016 года адбыўся тэракт. Тады грузавік уехаў у натоўп на калядным кірмашы. Ахвярамі сталі мінімум 12 чалавек, яшчэ каля 50 атрымалі раненні.