Радыёняня з ЗША парушыла сувязь у Магілёве і спакой у прапагандыстаў

У Магілёве знайшлі крыніцу перашкод у сетцы сотавай сувязі А1. Гісторыя невялікая: 14 чэрвеня аператар А1 паведаміў у БелДІЭ пра перашкоды ў прыёмных каналах адной базавай станцыі, спецыялісты выехалі на месца, выкарысталі мабільныя пеленгатары і ўжо на наступны дзень знайшлі крыніцу – радыёняню стандарту DECT 6.0, распрацаваную для выкарыстання ў ЗША і Канадзе, якая была ўстаноўлена ў кватэры грамадзяніна.

На гэтым рэальная частка матэрыялу “Магілёўскіх ведамасцяў” пра саму падзею заканчваецца. З дзесяці абзацаў яна займае два. Астатнія восем – рэгулятарная пропаведзь пра «небяспекі», спіс забароненых радыёэлектронных сродкаў, заклік «удакладняць у прадаўцоў або дарыльшчыкаў» і напамін пра тое, што «выяўляецца і спыняецца».

Радыёняня з ЗША ў беларускай кватэры сапраўды непазбежна стварае перашкоды для сеткі сотавай сувязі – незалежна ад намераў уладальніка. Праблема не ў законе, а ў фізіцы.

Аднак рэальны тэхнічны інцыдэнт, які быў цалкам правамерна вырашаны, выкарысталі як падставу для вялікай павучальнай лекцыі з шырокім спісам «недапушчальнага».

Калі разгарнуць гэты спіс, ён аказваецца не столькі тэхнічным, колькі палітычным: побач з відавочна небяспечнымі падаўляльнікамі сігналу стаяць танныя кітайскія рацыі і магутныя кропкі Wi-Fi – гэта значыць усё, што магло б выкарыстоўвацца незалежна ад кантраляванай інфраструктуры сотавай сувязі.

Фінальны заклік кантраляваць падарункі з-за мяжы – гэта ўжо не пра радыёчастотны спектр, а пра рэжым камунікацыі, які беларускія ўлады імкнуцца трымаць пад кантролем.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.