Пабываўшы ў Магілёве расійскі блогер здзівіўся адсутнасці навагодняга настрою

Паездзіўшы па розных гарадах Беларусі ў навагоддзе, расійскі блогер Анатоль Савін адзначыў адсутнасць у іх атмасферы свята.

“Вельмі дзіўна і незвычайна знаходзіцца ў Беларусі 3-7 студзеня. Гарады краіны вельмі моцна адрозніваюцца ад нашых у навагоднія святы! Муніцыпалітэты гарадоў не ўпрыгожваюць гарады да Новага года практычна ніяк! Упрыгожванняў па мінімуму! 

Стаіць ялінка і вобмаль упрыгожванняў побач з ёй!” – кажа блогер на фоне ялінкі, што ўсталявана на Плошчы Зорак каля кінатэатра “Радзіма” ў Магілёве.

Анатоль Савін прапануе паглядзець на гэтую ялінку, на якой сапраўды адсутнічаюць хоць нейкія ёлачныя цацкі.

Яшчэ больш Анатоля Савіна здзівіла адсутнасць гірлянд ў вокнах. “У нас іх вешаюць – нешматлікія, але вешаюць, там жа ні ў адным акне няма гірлянды! У вёсках і пасёлках ніхто не вешае гірлянды на прыватныя дамы” – выказвае сваё здзіўленне блогер, які жыве ў горадзе Арэхава-Зуева Маскоўскай вобласці Расіі.

Ён падкрэслівае, што зрабіў такія непрывабныя для беларускіх гарадоў высновы, пабываўшы ў Віцебску, Мінску, Гродне, Магілёве і Бабруйску, то бок не на падставе наведвання аднаго горада. “У Мінску ўвогуле проста дэпрэсія” – кажа Савін.

“Як быццам для іх Новы Год з’яўляецца фармальным святам, якое трэба перажыць. 

Уражанне вельмі дзіўнае” – падсумоўвае расіянін.

Фотаздымак: facebook.com/SavinAnatoly