Навэлы пісьменніка Сяргея Антонава з Быхава прагучалі ў Прэзідэнцкім палацы Польшчы

Выстава «Галасы», прэзентаваная падчас сустрэчы прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага з беларускай дыяспарай, заснаваная на навэлах пісьменніка з Быхава.

Учора на навагодне-каляднай сустрэчы прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага з беларускай дыяспарай у Прэзідэнцкім палацы адбылася прэзентацыя выставы-інсталяцыі «Галасы» гродзенскай мастачкі Кацярыны Еўдакімавай.

Праект прысвечаны беларускім палітвязням і заснаваны на гісторыях людзей, якія прайшлі праз турмы і вымушаную эміграцыю. Людзей, што бясконца сумуюць па такой блізкай і такой далёкай Радзіме.

Ідэя інсталяцыі ўзнікла ў Кацярыны пасля прачытання навэлы «Анёлы і аэрапланы», напісанай пісьменнікам з Быхава Сяргеем Антонавым. Гэта гісторыя мастака, які гіне ў турме.

Паводле слоў мастачкі, гэты сюжэт нагадаў ёй трагедыю Алеся Пушкіна – палітвязня і мастака, які загінуў у 2023 годзе.

Тэкст стаў адпраўным пунктам, з якога Кацярына Еўдакімава і Сяргей Антонаў вырашылі працягнуць супрацу. У выніку яна і вылілася ў праект «Галасы».

Еўдакімава
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і Кацярына Еўдакімава

Кацярына візуалізавала вобразы, створаныя Сяргеем, а вядомыя гродзенскія музыкі і акторы агучылі навэлы на беларускай і польскай мовах.

Нагадаем, Сяргей Антонаў – пісьменнік, які быў вымушаны выехаць у Польшчу з-за пераследу КДБ у канцы 2023 года.

Антонаў – аўтар серыі раманаў пра пост’ядзернае маскоўскае метро, выдадзеных у Польшчы, Германіі, Венгрыі і Паўднёвай Карэі. 

Адзіная кніга Сяргея, выдадзеная ў Беларусі – гістарычны дэтэктыў «Ласкутныя зоркі», прысвечаны масаваму знішчэнню яўрэяў Быхава ў 1941 годзе.

У эміграцыі пісьменнік працуе ў камандзе распрацоўшчыкаў камп’ютарных гульняў, займаецца прасоўваннем сайтаў і супрацоўнічае з беластоцкім тэатрам “Pryehali”

Праект «Галасы», прадстаўлены пакуль у мініяцюры, плануецца зрабіць поўнаразмерным, а спасылкі на аўдыёверсіі навэл Сяргея Антонова ў хуткім часе будуць апублікаваныя на нашым сайце.

Фота: mostmedia.io