Дзень у гісторыі. 15 лістапада. Заснаваны першы магілёўскі музей

1632 год. Прызначаны першы магілёўскі праваслаўны епіскап Іосіф Бабрыковіч. 

Спачатку Магілёўская епархія з’яўлялася часткай Полацкай. Па каралеўскім прывілеі не былі дакладна акрэслены яе межы. Епіскапы павінны былі пражываць у Магілёўскім Спаскім манастыры. Акрамя Спаскай царквы, ім перадаваліся яшчэ чатыры цэрквы ў Магілёве, дзве царквы ў Оршы, адна ў Дзісне, адна ў Полацку, Траецкая і Спаская ў Мсціславе. Першым епіскапам стаў 15 лістапада 1632 года былы пробашч Віленскага Свята-Духава манастыра ігумен Іосіф Бабрыковіч-Капет-Аняхожскі. У сувязі з тым, што Спаскі манастыр у Магілёве ў той час належаў уніятам, рэзідэнцыя епіскапаў першапачаткова размяшчалася ў Крыжаўзвіжанскай царкве – да 1650 года.

Малюнак М. Львоў
Крыжаўзвіжанская царква – за пагоркам злева. Аўтар малюнка Мікалай Львоў

1867 год. У Магілёве пры губернскім статыстычным камітэце заснаваны першы ў горадзе музей.  

Яго пераемнікам з’яўляецца абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава. 

На час адкрыцця ўстановы было каля 1 500 экспанатаў, сярод іх – кальчуга і ўпрыгожванні з раскопак Анелінскага кургана Быхаўскага павета, арыгінальныя граматы польскіх каралёў Жыгімонта ІІІ і Станіслава Аўгуста, рукапіснае Евангелле XV стагоддзя; Лексікон Славянароскі з друкарні Куцеінскага манастыра 1654 года,  калекцыя манет X – XIX стст., троннае крэсла Кацярыны II з магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, якія ён кінуў падчас уцёкаў з Расіі.

У 1918 годзе музей аб’яднаны з царкоўна-археалагічным (працаваў з 18 снежня 1904 у былым Бернардынскім касцёле – на загалоўным фота ў цэнтры) у адзін – губернскі. У 1919 г. пераехаў у будынак былога сялянскага банка (вул. Міронава, зараз Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. Масленікава), у 1932 – у двухпавярховы будынак па вул. Ленінскай, №40. У 1934-1938 гадах меўся філіял – у будынку Іосіфаўскага сабора, дзе дзейнічала экспазіцыя гісторыі рэлігіі і атэізму. Існаваў, у канцы 1930-х гадоў і яшчэ адзін філіял – мемарыяльны музей С. Аржанікідзэ ў доме, дзе ў 1919 г. ён жыў і працаваў як член Рэўваенсавета 16-й арміі Заходняга фронту (кут вул. Віленскай і зав. Крутога).

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас абароны Магілёва гістарычны музей на вул. Ленінскай і яго філіял на Віленскай згарэлі разам з экспанатамі.  Пасля вайны, толькі ў 1949 годзе, калі ў Доме Саветаў выдзелілі невялікія памяшканні, музей аднавіў сваю дзейнічаць. 1 ліпеня 1961 года атрымлівае ўласны трохпавярховы будынак на Савецкай плошчы (зараз – Славы), у якім ён размяшчаецца і ў наш час.

краязнаўчы музей магілёў

1938 год. У в. Дрожджаніцы Крычаўскага раёна  нарадзіўся Віктар Цітоў. 

Беларускі этнолаг і гісторык культуры. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Распрацаваў канцэпцыю гісторыка-этнаграфічнага раянавання Беларусі. Даследаваў тыпалогію культурных ландшафтаў, гістарычныя стасункі Беларусі і сумежных тэрыторый, беларускую дыяспару, этнічную гісторыю і геаграфію Беларусі, традыцыйную народную культуру, гісторыю народнай адукацыі, праблемы нацыянальных узаемаадносін.

Суаўтар і аўтар прац «Праблемы рассялення ў БССР», «Помнікі этнаграфіі», «Промыслы і рамёствы Беларусі», «Адраджэнне традыцыйнай мастацкай культуры Палесся», «Беларусы», «Гісторыя сялянства Беларусі» і іншых.

Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў аховы помнікаў, арганізацыі музеяў-скансэнаў, у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі».

Памёр 20 лістапада 2020 года.

гісторык Віктар Цітоў