1263 год. Памёр Міндоўг.
У гісторыі Беларусі, на землях якой дзяржаўнасць пачалася з больш ранніх Полацкага і Тураўскага княстваў, Міндоўг выступае як першы ўладар Вялікага Княства Літоўскага – дзяржавы, якая ў далейшым ахапіла ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі, Літвы і шэраг суседніх зямель.

1612 год. Памёр Пётр Скарга.
Царкоўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай.
Прафесар, першы рэктар Віленскай акадэміі, стваральнік і першы рэктар полацкага езуіцкага калегіума, заснавальнік калегіумаў у Рызе і Дэрпце (Тарту).
Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596 году.
У ХІХ стагоддзяў разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны, бо папярэджваў, што прамаруджванне цэнтралізацыі ўлады шкодна адаб’ецца на лёсе краіны.

1683 год. Войскі Рэчы Паспалітай і Святой Рымскай імперыі перамаглі асманскае войска і выратавалі Еўропу.
Бітве адбылася пад Венаю ля мястэчка Каленберг. Войскамі Рэчы Паспалітай кіраваў кароль і вялікі князь Ян Сабескі.
З Венскай бітвы пачаўся заняпад турэцкай магутнасці, Асманская імперыя ўжо не ўяўляла сур’ёзнай пагрозы для хрысціянскай Еўропы.
Сярод захопленых трафеяў была кава. Ад таго часу пачалася традыцыя шырокага ўжывання кавы ў Рэчы Паспалітай і Вялікім княстве Літоўскім.

1960 год. Нарадзіўся магілёўскі гісторык Аляксандр Агееў.
Гісторык. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Рэдактар гісторыка-краязнаўчага альманаха «Магілёўская даўніна».
Даследуе палітычную гісторыю Беларусі XIX–ХХ стагоддзя, гісторыю Магілёўшчыны, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Аркадзя Куляшова.
Аўтар 220 навуковых прац, шэрагу кніг, у тым ліку ў суаўтарстве з Алегам Трусавым «Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне».
Звольнены з МДУ імя А. Куляшова ў 2021 годзе.

1995 год. Беларускім верталётам Мі-24 у Бярозаўскім раёне збіты амерыканскі паветраны шар D-Caribbean.
Паветраны шар удзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах паветраных шароў і заляцеў у паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Польшчы.
Пілоты Алан Фрэнчэль і Джон Сцюарт загінулі.
Арганізатары чэмпіянату папярэдзілі дыспетчарскія службы ўсіх краінаў, праз чый паветраны калідор транзітам скіроўваліся экіпажы.
Збіты паветраны шар стаў прычынай міжнароднага скандалу і расследавання.
Ніхто з беларускіх афіцыйных асобаў не ўзяў на сябе адказнасць за інцыдэнт.
На месцы аварыі паставілі камень з надпісам «Прабачце».

У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых крыніц