У сувязі з пачаткам рэканструкцыі галоўнага корпуса Шклоўскай раённай бальніцы і ўзвядзеннем да яго прыбудовы, пачынаючы з 1 мая мяняецца графік работы установы аховы здароўя.
Так, павялічыцца час прыёму ўрачоў. З 1 траўня звярнуцца да іх можна будзе з 7.30 да 20.00. Азнаёміцца з графікам прыёму спецыялістаў можна на сайце ўстановы аховы здароўя і ў рэгістратуры. Кабінет УГД часова будзе перамешчаны ў корпус стаматалагічнай паліклінікі, а дзённы стацыянар размесціцца ў дзіцячай кансультацыі. Тут жа па чарзе будуць весці прыём тэрапеўт і ўрач-неўролаг.
Змены галоўным чынам закрануць дзейнасць бальніцы. Усе пацыенты для аказання планавай медыцынскай дапамогі будуць накіроўвацца ў медыцынскія ўстановы Магілёва. У абласны цэнтр будуць дастаўляцца і тыя, каму патрабуецца аказанне неадкладнай дапамогі.
Але бальнічны стацыянар у Шклове застанецца – лякарня на 40 ложкаў разгорнецца на базе корпуса былога інфекцыйнага аддзялення. Сюды таксама “пераедзе” лабараторыя, палата інтэнсіўнай тэрапіі, будзе арганізавана міні-аперацыйная для аказання экстранай дапамогі – піша газета “Ударны фронт”.
Фота з адкрытых крыніц