Рабаўнікоў Баркалабаўскага манастыра так і не знайшлі

Быў апаганены абраз Баркулабаўскай Маці Божай – адзіная арыгінальная цудатворная ікона на Магілёўшчыне і адначасова адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу.

Царкоўныя злодзеі абрабавалі святыню вясной гэтага года. У ноч пасля службы на Радуніцу, 3 мая 2022 года адбылося рабаванне Баркалабаўскага Свята-Узнясенскага манастыра і апаганьванне яго галоўнай святыні –  Абраза Баркулабаўскай Маці Божай Адзігітрыі.

Як паведамілі Магілёў.media прыхаджане, рабаўнікі ўзламалі дзверы ў царкве Святога Іаана Прадцечы і разбілі ахоўнае шкло абраза. Яны паздымалі і вынеслі ўсе рэчы з высакародных металаў і з каштоўнымі камянямі – ланцужкі, пярсцёнкі, кольцы, што былі ахвяраваныя прыхаджанамі і паломнікамі абразу.

Царква ў Баркалабаве ахоўваецца Дэпартаментам аховы і мае сігналізацыю. Але ахоўнікі з Быхава прыбылі ў той час, калі злодзеі на машыне ўжо ад’ехалі ад манастыра.

У афіцыйных крыніцах няма ніякай інфармацыі пра ход расследавання апаганьвання адной з галоўных праваслаўных святынь Магілёўшчыны.

Абраз Баркалабаўскай Маці Божай. Гісторыя з’яўлення

Баркулабаўскі абраз Маці Божай — выбітны твор беларускага выяўленчага мастацтва XVII стагоддзя.   

Паводле паданняў, абраз з’явіўся ў Баркалабаве ў 1659 годзе, калі расійскі князь Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе ў абозе абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыра, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне. Гісторыкі аспрэчваюць гэтае паданне, паколькі ў 1659 годзе на Беларусі не вялося ваенных дзеянняў, падчас якіх магла адбыцца падобная гісторыя. Яны дапускаюць, што паданне можа быць звязана з падзеямі больш ранняга часу, напрыклад, 1655 года, калі беларускія землі былі атакаваныя войскамі расійскай дзяржавы.

Доўгі час, пасля таго як у 1928 годзе манастыр быў закрыты, абраз знаходзіўся ў манахінь, а з 1955 года – ў быхаўскай Свята-Троіцкай царкве. 

У ліпені 2010 года яго вярнулі ў адноўлены манастыр у Баркалабава.  Сярод усіх шанаваных цудатворных абразоў, што шануюцца вернікамі на Магілёўшчыне, Баркалабаўская ікона Божай Маці – адзіны арыгінальны твор, які захаваўся.

На думку даследчыкаў, Баркалабаўская ікона – адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнавізантыйскай асновы.

фота: sb.by