Прагноз: лішак рублёў і валюты ў беларускіх банках прывядзе да абвалу працэнтаў па дэпазітах

У чэрвені тое прывяло да зніжэння працэнтаў па дэпазітах насельніцтву і прадпрыемстваў. А ў ліпені–жніўні можа выклікаць абвал ставак. Юрыдычныя асобы гэта ўжо адчулі.

Рублі…

Фізічным асобам пашанцавала больш, бо банкі не наважыліся істотна скарачаць працэнты па іх укладах, хоць і пачалі зніжаць іх, дзеліцца высновамі рэсурс Select.by.

Ён нагадвае: сярэдняя стаўка па новых кароткатэрміновых укладах насельніцтва ў чэрвені апусцілася да 17, 12% з 18, 02% у траўні. Па новых доўгатэрміновых укладах стаўка ўпала да 20, 21% з 20, 71%.

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку для юрыдычных асобаў, сярэдняя стаўка па іх новых дэпазітах на тэрмін да 1 года скарацілася ў чэрвені да 8, 83% з 11, 85% у траўні. Па доўгатэрміновых укладах аналагічная стаўка ўпала да 9, 18% з 14, 46%.

Валюта…

Select.by адзначае: у сегменце валютных дэпазітаў і крэдытаў у чэрвені назіралася прыкладна тая ж карціна, што і з рублёвымі.

У банках у чэрвені ўзнік лішак валютнай ліквіднасці, у сувязі з чым яны пачалі зніжаць працэнты па ўкладах, але пры гэтым павялічылі працэнты па крэдытах, якія ў Беларусі выдаюцца толькі юрыдычным асобам.

Нягледзячы на некаторае зніжэнне кошту доларавых рэсурсаў на ўнутраным рынку, камерцыйныя банкі ў чэрвені значна павялічылі працэнты па крэдытах у доларах.

Сярэдняя стаўка па новых крэдытах на тэрмін да 1 года ўзнялася да 9, 73% гадавых з 8, 42% у траўні. Па доўгатэрміновых крэдытах аналагічныя працэнты павялічыліся да 10,62 працэнта з 9,58 працэнта.

Гэта можа азначаць, выснуе рэсурс Select.by, што банкі лічаць рызыкі крэдытавання ў доларах высокімі. Яны апасаюцца ўзнікнення праблем з разлікамі ў доларах з-за санкцый.