Навіны пабрацімаў: Мікалаеў. У выніку расійскага абстрэлу пашкоджаны шпіталь, трансфарматарная падстанцыя і газаправод

Жылыя дамы Мікалаева і аб’екты грамадзянскай інфраструктуры пацярпелі падчас чарговага ракетнага абстрэлу расійскімі акупантамі.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Як паведамляецца прадстаўнікамі Офісу генеральнага пракурора Мікалаеўскай вобласці, 2 кастрычніка 2022 года у 03:45 расійскія вайскоўцы ажыццявілі масіраваны ракетны абстрэл жылых раёнаў горада.

 Пашкоджаны шматпавярховыя жылыя дамы, памяшканні шпіталю.

Разбурэнням падвергліся таксама і трансфарматарная падстанцыя, электрасеткі і газаправод.

Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».