Даследаванне можа наблізіць навукоўцаў да разгадкі галоўнай загадкі зоркі.
У сваім блогу амерыканскае касмічнае агенцтва NASA падзялілася кадрамі, якія зрабіла абсерваторыя NuSTAR. Новую магчымасць для вывучэння зоркі навукоўцам даў тэлескоп цвёрдага рэнтгенаўскага дыяпазону.
Атрыманыя кадры аб’ядналі ў адзін, дзякуючы чаму спецыялістам удалося адзначыць самыя гарачыя кропкі на Сонцы.
Яны знаходзяцца ў так званай сонечнай кароне. Па словах навукоўцаў, кропкі ўтвараюцца, калі адбываецца навала нанаўспышак. Гэта такая з’ява, калі здараецца выкід цяпла, святла і часціц. Такі матэрыял больш гарачы, чым сярэдняя тэмпература кароны.
“Нават у сонечны дзень чалавечае вока не можа ўбачыць увесь свет, які выпраменьвае наша бліжэйшая зорка” – адзначылі ў NASA.
Цяпер навукоўцы спадзяюцца разгадаць з дапамогай тэлескопа NuSTAR галоўную загадку зоркі. Даследнікаў космасу хвалюе пытанне, чаму знешняя атмасфера Сонца – сонечная карона здольная дасягаць тэмпературы больш 1 000 000°С, што ў 100 разоў вышэй паказчыкаў паверхні зоркі.