Накалацілі гаспадарам 15 галоў – як стартаваў футбольны турнір 2-й лігі Магілёўскага дывізіёна.

Чэмпіянат Беларусі па футболе сярод каманд 2-й лігі Магілёўскага дывізіёна “Усход” распачаўся з матчаў у Мсціславе і Касцюковічах.

Футбольны клуб “Віхра”, якога доўга не было ў чэмпіянаце Магілёўскай вобласці, вярнуўся на авансцэну рэгіянальнага футбола. У першым туры мсціслаўская каманда гуляла з “Горкамі” на стадыёне сярэдняй школы №2.

Нягледзячы на тое, што мсціслаўцы прыйшлі пазаўзець за сваю каманду, вяртанне атрымалася надзвычай правальным. Ужо ў першым тайме “Горкі” забілі “Віхры” ажно дзесяць галоў. У выніку госці проста вынеслі гаспадароў, забіўшы за ўвесь матч ажно пятнаццаць мячоў. Адказаць хоць бы адным голам футбалісты “Віхры” так і не змаглі.

Іншай па сцэнарыю атрымалася гульня ў Касцюковічах, дзе мясцовы клуб на гарадскім стадыёне сустракаўся з краснапольскімі футбалістамі. У першым тайме матча футбалісты “Краснаполля” змаглі двойчы забіць гаспадарам, а вось другая палова атрымалася больш напружаная.

У ёй абедзьве каманды не забівалі галы, бо было шмат вязкай барацьбы. Па выніках гульні перамаглі краснапольскія футбалісты з лікам 0-2, хоць мачт для іх не стаўся лёгкім шпацырам.

Фота “Голас Касцюкоўшчыны”