“Магілёўліфтмаш” збіраецца выхадзіць з крызісу праз рынак Таджыкістана

Зборку беларускіх ліфтаў плануецца распачаць у Таджыкістане. Магілёўскі ліфтавы завод і таджыкскія партнёры маюць план зборкі ліфтаў у спецыяльным цэху, які адкрыўся ў Сагдыйскай вобласці Рэспублікі Таджыкістан.

Афіцыйная цырымонія адкрыцця сумеснай зборачнай вытворчасці ліфтаў адкрытага акцыянернага таварыства “Магілёўліфтмаш” і ТАА “Худжандгандальмаш” адбылася ў горадзе Худжандзе Сагдыйскай вобласці. 15 красавіка ў ёй прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмон, кіраўніцтва таджыкскіх дзяржаўных рэгіянальных органаў краіны. Было адзначана, што адкрыццё зборачнай вытворчасці беларускіх ліфтаў адбылося ў няпросты час, і гэта сведчыць аб зацікаўленасці дзвюх дзяржаў працягваць развіццё ўзаемавыгадных кантактаў.

Агульная плошча новага прадпрыемства, абсталяванне для якога было пастаўлена з Рэспублікі Беларусь, складае 1,8 га. Са стварэннем новага цэха па вытворчасці ліфтаў у Худжандзе 50 мясцовых жыхароў будуць забяспечаны працоўнымі месцамі. Як абяцаюць партнёры, з выкарыстаннем сучаснага абсталявання і тэхналогій будзе ажыццяўляцца вытворчасць грузапад’ёмных пасажырскіх ліфтаў для вышынных будынкаў, вытворчых прадпрыемстваў, а таксама ўстаноў аховы здароўя.

Гэты невялікі крок развіцця вытворчай кааперацыі таджыкскіх і магілёўскіх машынабудаўнікоў дапаможа загрузіць працай як беларускія так і таджыкскія вытворчыя плошчы.