Хоцімск-Радзівілаў-Хоцімск: двухаблічнасць паселішча з нестандарднай гісторыяй з’яўлення

Знаёмімся з мінуўшчынай мястэчка, якое адначасна мела дзве назвы, а блытаніна з датай заснавання паселішча доўгі час не дазваляла высветліць сапраўдную гісторыю Хоцімска.

Год заснавання раённага цэнтра

На ўяздным знаку Хоцімска, а таксама на сайце мясцовага райвыканкама заснаванне раённага цэнтра адносяць да 1430 года. Такую ж самую інфармацыю можна знайсці ў артыкуле пра Хоцімск у рускай Вікіпедыі. Сапраўды, доўгі час была прынята думка аб тым, што гэты населены пункт вядзе сваю гісторыю з першай паловы XV стагоддзя.

У гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя часта памылкова сцвярджалася, што Хоцімск нібыта згадваецца ў лепапісных крыніцах як вёска Хоцімль – уладанне вялікага князя Свідрагайлы часоў ВКЛ. Такое напрявільнае датаванне і атаесамленне Хоцімска тыражуецца да сённяшняга часу як у краязнаўчай літаратуры і нават зрэдку ў энцыклапедычных выданнях.

Сур’ёзныя гістарычныя і археалагічныя даследаванні паказалі, што ніякага паселішча ў XV стагоддзі на тэрыторыі Хоцімска не было, а з’явілася яно значна пазней. Як сцвярджае даследчык гарадоў Магілёўскага Пасожжа Андрэй Мяцельскі, гістарычныя крыніцы ў XVІ-XVІІ стагоддзях на тэрыторыі Хоцімскага раёна згадваюць няшмат населеных пунктаў.

Невялікая колькасць населеных пунктаў можа тлумачыцца неспакойным жыццём усходніх межаў Рэчы Паспалітай і наяўнасцю агрэсіўнага суседа – Вялікага княства Маскоўскага. Увогуле, двухсотгадовы перыяд амаль бесперапынных войнаў паміж Вялікім княствам Маскоўскім і Вялікім княствам Літоўскім, а пасля Рэчы Паспалітай і Расіяй прывёў да таго, што на мяжы з абодвух бакоў існавала пэўная слабазаселеная паласа лясоў.

Як сведчаць гістарычныя крыніцы па гісторыі Крычаўскага староства, значная колькасць населеных пунктаў на яго ўсходзе ўзнікае ў пачатку XVІІІ стагоддзя. Падобная карціна назіраецца і з расійскага боку. Толькі пасля заключэння “”вечнага міру” паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй у 1686 годзе памежная зона абедзьвух дзяржаў перастае быць тэрыторыяй ваенных канфліктаў і пачынае актыўна асвойвацца.
Сённяшні раённы цэнтр Хоцімск згадваецца як слабада Хоцімск ў інвентары Крычаўскага староства 1709 года. Прычым у ім жа пазначаецца, што Хоцімск будзе на “слабадзе” да 1710 года. У сваю чаргу слабада – гэта буйное сельскае пасяленне, жыхары якога часова вызвалены ад выплаты падаткаў на карысць уладальніка зямлі.

Улічваючы, што слабоды даваліся на 10-15 гадоў, то можна меркаваць, што Хоцімск быў засвананы недзе ў 1695-1700 гадах. Такой пазіцыі прытрымліваецца вядомы гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, які даследаваў мінуўшчыну Хоцімска.

Асаблівасці заснавання і наймення мястэчка

На працягу трох дзесяцігоддзяў вёска Хоцімск або Хоцімск Вялікі, як пісалі назву паселішча ў гістарычных крыніцах, развіваўся актыўна, павялічваючыся ў колькасці насельніцтва і тэрыторыі. Аднак у далейшым паселішча стала занепадаць, а колькасць жыхароў імкліва скарачацца.

Прычынай гэтаму стаў горад Радзівілаў, які быў заснаваны насупраць вёскі Хоцімск, на левым баку ракі Бесядзь. Паводле інвентара Крычаўскага староства, мястэчка было заснавана па прывілею канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла ў 1714 годзе, які і назваў новаўтворанае паселішча ў свой гонар. Праз дзесяць год, у 1724 годзе, населенаму пункту Радзівілаў быў нададзены статус горада.

У сваю чаргу вёска Хоцімск размяшчалася на правым беразе Бесядзі – на той частцы сучаснага аднайменнага раённага цэнтра, якая і зараз вядома сярод мясцовага насельніцтва як “стары Хоцімск”. Такім чынам, сучасны Хоцімск ўтварыўся у выніку зліцця вёскі Хоцімск, заснаванай у канцы XVІІ стагоддзя і мястэчка Радзівілаў, заснаванага ў 1714 годзе. Падобныя высновы пацвярджаюцца археалагічнымі матэрыяламі, бо найбольш раннія знаходкі (фрагменты керамікі, кафлі), якія сустракаюцца тут, адносяцца да XVІІІ стагоддзя.

Не менш цікава было і з назвай мястэчка, якое пэўны час называлася двума назвамі – і Хоцімск, і Радзівілаў. Так працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў. Па нейкіх прычынах назва Радзівілаў дрэнна прыжывалася на новым месцы і ўвесь час збівалася на назву размешчанай побач вёскі – Хоцімск. Магчыма, пры заснаванні горада сюды была пераселена частка жыхароў Хоцімска – адсюль і заняпад вясковага паселішча.

Нават калі староства перайшло ад Радзівілаў пад уладу Мнішкаў у 1760 годзе, то афіцыйная назва заставалася ранейшай – Радзівілаў. Хоць найменне Хоцімск таксама актыўна выкарыстоўвалася, і нават пазначаецца на тагачасных картах.

У 1772 годзе адбываецца першы падзе Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ўсходнія межы краіны, у тым ліку і Крычаўскае староства, апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Новая адміністрацыя, відаць, і вырашыла пытанне з дваістай назвай горада на карысць Хоцімска.

Так, у “Описании Кричевского графства или бывшего староства 1786 г.” Андрэя Мейера згадваецца толькі мястэчка Хоцімск, а пра Радзівілаў у яго няма ніякіх звестак. Так з цягам часу назва Радзівілаў сціраецца з памяці і застаецца толькі назва Хоцімск.

Значэнне наймення і гарадская легенда

Назва Хоцімск антрапанімічнага, адыменнага паходжання. Яна пайшла ад стараславянскага аднаасноўнага імя Хоцім, у якім аснова ад славянскага *xoteti “хацець” пашыраная фармантам -im-. Цікава, што гэты фармант балцка-славянскага паходжання, бо ўжываўся не толькі ў славянскай, але і ў пруска-літоўскай антрапаніміі.
Акрамя Хоцімска, з падобнымі назвамі вядомы паселішча Хаціслаў і Хацімцы. Ёсць звесткі аб тым, што ў мінулым слова Хоцімск вымаўлялася з націскам на і — Хацімск.

Двухасноўныя імёны з асновамі xot- далі таксама такія тапонімы абапал цяперашняй мяжы Беларусі і Расіі як Хатовіж, Хіславічы, Хацясловічы, Дабрахотаўка, Самахотаўка. У гэтым трансгранічным рэгіёне больш за два дзясяткі такіх адыменных назваў.

Разам з навуковым тлумачэннем наймення Хоцімска прысутнічае і легендарнае. У раённым цэнтры існуе гарадская легенда пра князёўну Хаціму, якая нібыта стала заснавальніцай Хоцімска. У свой час паданне натхніла ўраджэнца раёна, беларускага паэта Пятра Прыходзьку на стварэнне паэмы «Дар князёўны». Паэтычны твор мае рамантычны змест, у якім распавядаецца пра князёўну Хаціму, якая злучыла свой лёс з маладым Ладам, што моцна пакахалі адзін аднаго. Вобраз князёўны натхніў і супрацоўніка мясцовай газеты, паэта Аляксандра Аляксандрына на стварэнне п’есы, прысвечанай Хаціме.

А напачатку 2018 года ў райцэнтры нават паставілі скульптуру легендарнай Хаціме вышынёй больш за два метра. Князёўна выраблена з кампазітнай поліэфірнай смалы, якая па сваіх характарыстыках мала чым адрозніваецца ад металу або бронзы. Скульптуру Хацімы ўсталявалі ў цэнтральным скверы райцэнтра.

Фота з адкрытых крыніц