Дзень у гісторыі: 8 верасня. Бітва пад Воршай, спаленне Магілёва

Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.

Адзначаецца ад 1958 году. Заснаваны рашэннем IV кангрэсу Міжнароднай арганізацыі журналістаў у памяць аб чэшскім журналісце Юліусе Фучыку, якога 8 верасня 1943 году забілі гітлераўцы.

У Беларусі ў няволі працягваюць знаходзіцца 36 журналістаў. Тры гады таму іх было 26. Больш за паўтара гады ў зняволенні знаходзяцца магілёўскія журналісты Яўген Глушкоў і Алесь Сабалеўскі.

Сабалеўскі Глушкоў

1514 год. Дзень беларускай вайсковай славы.

У бітве пад Воршай войскі Вялікага Княства Літоўскага ўзначаленыя Канстанцінам Астрожскім разбілі 80-тысячную армію Маскоўскай дзяржавы.

Гэта быў фрагмент у працяглай вайне, якая трывала ад 1512 да 1522 году. Перамога пад Воршай, аднак, стала адметнай падзеяй для найноўшай гісторыі Беларусі. Кожную яе гадавіну, нягледзячы на пагрозы пераследу на Крапівенскае поле, прыязджала немалая грамада беларусаў. Яна застаецца крыніцаю гонару за подзвіг продкаў.

8 верасня 1992 году на Плошчы Незалежнасці ў Мінску беларусы-афіцэры прысягнулі на вернасць Беларусі.

БЗВ прысяга 1992

1708 год. Спалены Магілёў.

Падпаліць горад загадаў маскоўскі цар Пётр І. Гэта адбывалася ў час руска-шведскай вайны, у якой прадстаўнікі беларускіх палітычных эліт выступалі на розных баках.

Спаленне Магілёва прывяло да катастрафічных наступстваў – адзін з багацейшых гарадаў ВКЛ заняпаў і аднавіўся ад заняпаду толькі праз 130 гадоў.

Магілёў спалены Пятром І 1708

1844 год. Выдадзеная кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага.

У «Шляхціцы Завальні» аўтар падае адметнасці нацыянальнага характару беларуса, яго светапогляду. У ім закранаюцца пытанні, звязаныя з беларускай нацыянальнай думкай. У творы робіцца спроба геаграфічнага апісання краю, яго гісторыі і эканамічнага стану.

Шляхціц Завальня

1873 год. Памёр Яўстафій Тышкевіч.

Археолаг, гісторык, этнограф і краязнаўца.

Член шэрагу навуковых таварыстваў, акадэміяў Даніі, Швецыі, Брытаніі.

Вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы Беларусі.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію, Віленскі музей старажытнасцяў.

Пакінуў па сабе работы археалагічнага і краязнаўчага характару.

У памяць аб Тышкевічы ў 2022 годзе ля Акадэміі навук устаноўлены помнік.

Тышкевіч

1979 год. На Буйніцкім полі быў развеяны прах Канстанціна Сіманава.

Паводле статусу, Канстанцін Сіманаў павінен быў быць пахаваным на элітных могілках у Маскве. Аднак, пасля смерці Сталіна ён апынуўся ў апале і рашэнне пра пахаванне на Буйніцкім полі тлумачыцца яго канфліктам з кіраўніцтвам партыі.

Камень Сіманава Буйнічы

1990 год. Адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання.

Падзея адбылася ў Полацку падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны.

Музей месціцца ў будынку былой Брацкай школы Богаяўленскага манастыра, помніка архітэктуры XVIII стагоддзя.

У 1994 годзе на базе некалькіх выставачных залаў быў створаны Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага.

Найвялікшую частку музейных экспанатаў складаюць кнігі, у тым ліку рарытэты «Евангелле вучыцельнае» (1595), Геранім Фалецкі «12 прамоў» (1558), «Мінея агульная» (1628).

Музей кнігадрукавання

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

← Усе навіны Магілёва