Дзень у гісторыі. 30 верасня. Міжнародны дзень перакладчыка. Міжнародны дзень Інтэрнэту. Дзень нараджэння народнага пісьменніка Ніла Гілевіча, акадэміка Ота Шмідта, пісьменніцы Зоські Верас. Дзень памяці гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага. Прайшоў першы«Чарнобыльскі шлях»

Міжнародны дзень перакладчыка. Заснаваны Міжнароднай федэрацыяй перакладчыкаў у 1991 годзе. “Паштовыя коні прагрэсу” – так вобразна А. Пушкін назваў перакладчыкаў. Значэнне прафесіі іх у жыцці ўсяго чалавецтва з часоў разбурэння Вавілонскай вежы вялізнае, хоць і бывае незаўважным. Дата 30 верасня невыпадковая. У гэты дзень 30 верасня 420 года памёр Геранім Стрыдонскі, адзін з чатырох лацінскіх айцоў Царквы, пісьменнік, гісторык, перакладчык і апякун перакладчыкаў.

Міжнародны дзень Інтэрнэту. Заснаваны Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1998 годзе.

У Беларусі на 9,3 мільёна жыхароў 13 мільёнаў карыстальнікаў Інтэрнэт. Вага абанентаў шырокапалоснай сувязі дасягае 90% насельніцтва.

1891 год. У Магілёве нарадзіўся Ота  Шмідт. 

Савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном. Апошні вучоны-энцыклапедыст.

Даследчык Поўначы, галоўны рэдактар першай Вялікай савецкай энцыклапедыі. 

Першы ў Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза.

Распрацаваў касмаганічную гіпотэзу ўтварэння целаў Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі каласонечнага газава-пылавага воблака.

Яго імем названы першы савецкі навуковы ледакол, вуліцы, плошчы у 1200 населенных пунктах былога СССР. 

У Магілёве ёсць праспект імя славутага ўраджэнца. 

У 1956 годзе былі прапановы па перайменаванню Магілёва ў Шміт-на-Дняпры. 

1892 год. Нарадзілася Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая-Войцік). 

Беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч.

3 1909 года займалася актыўнай грамадскай дзейнасцю ў многіх арганізацыях. Член Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. 

Дзеяч беларускіх арганізацый ў Вільні: старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», рэдактар часопіса «Беларуская борць».

Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), «Гісторыі ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў для дзяцей «Каласкі» (1985), успамінаў пра М. Багдановіча, У. Галубка, Ядвігіна Ш. і іншых.

1896 год. Нарадзіўся Аркадзь Астаповіч

Беларускі мастак-графік. Майстар лірычнага пейзажу ў даваеннай беларускай графіцы. 

Творы экспанаваліся на першых Усебеларускіх выстаўках, выстаўцы «Выяўленчае мастацтва БССР» (Масква, 1940).

У Нацыянальным мастацкім музеі знаходзіцца больш за 200 яго твораў.

Быў рэпрэсаваны НКУС. Загінуў на фронце ў 1941 годзе. 

1931 год. Нарадзіўся Ніл Гілевіч

Дзеяч беларускай культуры, пісьменнік, літаратуразнавец, перакладчык, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і яго старшыня. Народны пісьменнік.

Кіраўнік працоўнай групы Вярхоўнага Савета па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах (1990).

Аўтар шматлікіх кніг паэзіі, п’ес, прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы.

У 20032013 гадах выйшаў яго 23-томны збор твораў.

Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў. Творы самаго Ніла Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы. 

На яго вершы напісалі музыку М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, І. Лучанок і інш.

У гонар паэта названы прыватны Універсітэт імя Ніла Гілевіча з беларускай мовай выкладання.

1934 год. Памёр  Мітрафан Доўнар-Запольскі

Беларускі гісторык, этнограф, эканаміст, прафесар шэрагу ВНУ Украіны, Азербайджана, Беларусі, Расіі. 

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі, Літвы і Беларусі, па этнаграфіі Беларусі. 

Сустваральнік Археаграфічнай камісіі Інбелкульту. 

Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), выдадзены ў 1919 годзе на беларускай, рускай, нямецкай, французскай, англійскай мовах. 

Аўтар забароненай кнігі «Гісторыя Беларусі». 

1938 год. Падпісанне Мюнхенскага пагаднення (“Мюнхенская змова”) прэм’ер-міністрамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і рэйхсканцлерам Германіі Адольфам Гітлерам.

Заходнімі краінамі быў санкцыянаваны пачатак захопу Чэхаславакіі фашысцкай Нямеччынай. 

Прадугледжваліся перадача Нямеччыне Судзецкай вобласці Чэхаславакіі, задавальненне за кошт Чэхаславакіі тэрытарыяльных дамаганняў Венгрыі і Польшчы.

1939 год. Памёр Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Улас). 

Беларускі паэт. Дэбютаваў з вершамі ў 1907 годзе ў «Нашай ніве». 

Шэраг вершаў надрукаваныя ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969).

У 1990 годзе выйшла яго кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».

1989 год. У Мінску ўпершыню прайшоў «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. 

Арганізаваны Беларускім Народным Фронтам. 

Улады БССР прызначылі на гэты дзень суботнік, але ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек, якія прайшлі праз цэнтр горада і правялі мітынг на плошчы Леніна (сённяшняя Незалежнасці).

Мерапрыемства пераўтварылася ў штогадовае апазіцыйнае шэсце, якое стала праводзіцца 26 красавіка ў Мінску і ў рэгіёнах краіны. 

Самы буйны «Чарнобыльскі шлях» прайшоў 26 красавіка 1996 года як найбольш напружаны пункт «Мінскай вясны—96». У ім узяла ўдзел каля 50 тысяч  чалавек. 

Адбываліся шматлікія бойкі з міліцыяй, арышты палітычных і грамадзянскіх актывістаў — усё пад лозунгамі пратэсту супраць палітыкі А. Лукашэнкі.

Лідар БНФ Зянон Пазняк пасля акцыі выехаў з краіны.

1994 год. Памёр Мікалай Казак

Беларускі мастак, класік геаметрычнага мастацтва.

Яго маніфэст «Physical Art — Action of Positive and Negative», напісаны ў Рыме параўноўвалі з творамі расійскіх канструктывістаў і Казімірам Малевічам.

Яго выставы ладзіліся ў ЗША, Італіі, Францыі, Аргенціне, СССР.

Чытаў лекцыі па мастацтве ў Беларускай хатцы ў Брукліне. 

Архіў дакументаў, рукапісы, малюнкі, здымкі (каля 350 адзінак) Казака захоўваецца ў Smithsonian Archives of American Art.