Дзень у гісторыі: 29 жніўня. Ад маскоўцаў вызвалены Полацк. Дзень супраць ядзеркі

1579 год. Вызвалены Полацк ад войск маскоўскага цара Івана Жахлівага.

Вызваленнем з-пад маскоўскай акупацыі кіраваў Стэфан Баторы. Пад уладай чужынцаў горад знаходзіўся 16 гадоў і страціў большую частку насельніцтва. Заняпаў.

Полацкая Сафія

1696 год. Мовай дзяржаўнага справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім замест русінскай (старабеларускай) зацверджаныя польская і лацінская.

Такую пастанову прыняў канфедэрацыйны сойм Рэчы Паспалітай.

З гэтага часу ўсе рашэнні мелі складацца на польскай мове; усе ранейшыя акты, запісы, рашэнні і паказанні захоўвалі сваю сілу.

Канфедэрацыйны сойм пастановаю «Юрыдычнае ўраўнаванне» шляхецкіх саслоўяў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай ураўнаваў правы шляхты Беларусі з правамі польскай шляхты. Адзін з пунктаў дакументу закранаў мову. Беларуская шляхта заплаціла за падвышэнне статусу адыходам ад сваёй мовы.

Беларуская мова ў Рэчы Паспалітай страціла статус дзяржаўнай мовы, што ў перспектыве прывяло да яе заняпаду.


1817 год. У Магілёў прыбыў расійскі імператар Аляксандр І

У горадзе ён прабыў тры дні.

Аляксандр І

1958 год. Нарадзіўся Майкл Джэксан.

Амерыканскі поп-спявак, танцор.

Дасягнуў міжнароднай вядомасці ў 11 гадоў, як вакаліст дзіцячай групы Jackson 5.

Адзін з самых камерцыйна паспяховых сольных артыстаў у гісторыі. Яго называюць «Каралём поп-музыкі».

Уладальнік 19 прэміяў «Грэмі». Яго імя двойчы занесена ў Залу славы рок-н-ролу, як сольнага выканаўцы і як удзельніка Jackson 5.

 

Майкл Джэксан

1974 год. Сутыкнуліся два ваенных верталёты Мі-4 пад Ружанамі.

Абодва верталёты праз памылкі лётчыкаў абрынуліся на зямлю ў раёне месца для бомбакідання, усе 6 членаў экіпажаў загінулі.

Верталёт МІ

Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў (International Day Аgainst Nuclear Tests).

Адзначаецца ад 2009 году. Зацверджаны Генеральнай асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля актывізавання намаганняў у справе спынення ядзерных выпрабаванняў, як неабходнай умовы для стварэння бяспечнага свету.

Атамны выбух

Трэці Арэхавы Спас. 

Па ім дазваляецца збіраць лясныя арэхі – ляшчыны. У гэты дзень пяклі боханы з новага ўраджаю збожжа. Напярэдадні чысцілі крыніцы і студні.

Арэхавы Спас

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

← Усе навіны Магілёва