Другая Сусветная скончылася

Дзень у гісторыі: 2 верасня. Скончылася Другая Сусветная, паставілі помнік Мсціслаўцу

1800 год. Памёр Мацей Радзівіл.

Дзяржаўны дзеяч, кампазітар, драматург.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 года. Дараваў волю сваім сялянам, якія прымалі ўдзел у паўстанні.

Аўтар вершаў, паланэзаў, санат. Упершыню ўвасобіў тэму палявання ў жанры паланэзу.

Яго опера «Агатка, або Прыезд пана», у якой апаэтызаваныя людзі з народу, ставілася ў Нясвіжы, Варшаве, Любліне, Вільні, Львове.

Мацей Радзівіл

1945 год. Скончылася Другая Сусветная вайна.

Акт аб капітуляцыі Японія падпісала на борце лінкора ВМФ ЗША «Місуры».

Злучаныя Штаты Амерыкі ўступілі ў Другую Сусветную вайну 7 снежня 1941 года па нападзе Японіі на ваенна-марскую базу Пёрл-Харбар.

Тэатр ваенных дзеянняў ЗША і Японіі ахопліваў Ціхі акіян, Індакітай і Паўднёва-Усходнюю Азію. Амерыканскія войскі былі задзейнічаныя і ў Еўропе. Узялі на сябе найбольшы цяжар у адкрыцці Другога фронту – высадцы дэсанту ў Нармандыі.

ЗША страцілі забітымі ў Другой сусветнай вайне 418 000 чалавек і 671 278 былі параненыя. Таксама 130.201 амерыканец лічыўся ваеннапалонным, з іх 116.129 чалавек вярнуліся на радзіму па вайне.

Японская імперыя ўступіла ў Другую Сусветную вайну 27 верасня 1940 года, падпісаўшы Берлінскі пакт з Германіяй і Італіяй ды напаўшы на Індакітай.

Многія японскія палітыкі і ваенныя дзеячы былі асуджаныя за ваенныя злачынствы Такійскім трыбуналам і іншымі трыбуналамі саюзнікаў.

Колькасць людзей, якія загінулі ў Заходняй Азіі ў выніку бактэрыялагічнай вайны Японіі і эксперыментаў на людзях, ацэньваецца прыкладна ў 580 000 чалавек.

За час вайны Японія страціла 2,5 мільёны чалавек. Шмат японцаў загінула ў выніку ядзернага бамбавання амерыканцамі Хірасімы і Нагасакі. Атака гэтых гарадоў новым відам зброі прыспешыла капітуляцыю Японіі.

Капітуляцыя Японіі

1955 год. Нарадзіўся Яўген Мірановіч.

Беларускі і польскі гісторык, грамадскі і культурны дзеяч.

Доктар гістарычных навук. Загадчык кафедры беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэту.

Даследуе беларуска-польскія стасункі, беларускі нацыянальны рух у Польшчы, найноўшую гісторыю Польшчы і Беларусі.

Галоўны рэдактар тыднёвіка «Ніва», рэдактар часопісу «Białoruskie Zeszyty Historyczne».

Яўген Мірановіч

1987 год. Суд над Маціясам Рустам.

18-гадовы нямецкі спартсмен-пілот на ўласным самалёце праляцеў еўрапейскую частку Савецкага Саюзу і прызямліў самалёт у цэнтры Масквы, а потым раздаваў аўтографы.

Руста абвінавацілі ў хуліганстве, парушэнні авіяцыйнага заканадаўства, незаконным перасячэнні савецкай мяжы і прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі.

3 жніўня 1988 году ён вярнуўся ў ФРГ па амністыі. Руст правёў у зняволенні 432 дні.

Маціас Руст

2001 год. У Мсціславе паставілі помнік Пятру Мсціслаўцу.

Гэта адбылося ў межах святкавання Дня беларускага пісьменства.
Характэрна, што Мсціслаў – адзіны горад на Магілёўшчыне, цэнтральная плошча якога ніколі не насіла імя Леніна.

Помнік Пятру Мсціслаўцу

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

← Усе навіны Магілёва